Са святам, вёсачка мая!

 

Са святам, вёсачка мая!

Общество
24.07.2021
1941
У сярэдзіне ліпеня адбылося свята вёскі Васюкі. Яно сабрала мясцовых жыхароў, артыстаў, а таксама тых, хто так ці інакш звязаны з гэтым куточкам Смаргоншчыны.

1.png

Падчас свята госці прыгадалі гісторыю сваёй вёскі, успомнілі самыя яскравыя яе старонкі. Сёння ў вёсцы 32 жылыя дамы, пражываюць 62 чалавекі. У 2004 годзе тут налічвалася 95 жыхароў. А больш за 100 год таму – у 1893 годзе жыхароў было амаль 200. У 1905 годзе існавалі дзве вёскі Васюкі. У іх пражывалі 283 чалавекі, ім належалі 463 дзесяціны зямлі. Паблізу размяшчаўся аднайменны фальварак, уладальнікі якога мелі 143 дзесяціны зямлі.

Менавіта ў ваколіцах вёскі Васюкі Вялікая Айчынная вайна пачалася для Смаргоншчыны. Там, дзе цяпер стаіць помнік, абарону трымалі курсанты Вільнюскага пяхотнага вучылішча. Усе байцы загінулі ў няроўным баі з ворагам. Сёння вядомыя імёны толькі траіх з іх: маёр Раўгле, капітан Луня і старэйшы лейтэнант В. Рымас. Імёны гэтых воінаў увекавечаны на памятнай шыльдзе, якая замацаваная на помніку.

Мясцовыя жыхары веда юць і сумныя, і радасныя падзеі, звязаныя са сваёй вёскай. Васюкоўцы вельмі рады, што вёска жыве, вяскоўцы сябруюць паміж сабой, разам збіраюцца на святы. Як адзначыў стараста вёскі Леанід Крывальцэвіч, вельмі прыемна, што за апошні год у вёсцы з’явіліся новыя жыхары: сем’і Аўдзейчыкаў і сям’я Сержанаў.

Падчас свята ўшанавалі старэйшую жыхарку вёскі – Станіславу Лобач, а таксама дзяцей вайны: Ядвігу Сташкевіч, Таццяну Сташкевіч і Андрэя Баднюка. Не забыліся таксама пра шматдзетныя сем’і і сямейныя пары, якія разам пражылі шмат гадоў.

Настрой на свяце стваралі артысты Бялкоўшчынскага Дома культуры: Іна Кундро, Ларыса Падляшчук, Уладзімір Мацкойць і Валерый Кундро. Самадзейныя артысты Кацярына Сержан і Юрый Макарэвіч парадавалі ігрой на музычных інструментах. На свята таксама прыехалі супрацоўнікі РАНС, якія правялі гульні, і паказалі водную феерыю.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.