Галоўны скарб бабулі Ганны

 

Галоўны скарб бабулі Ганны

Общество
04.06.2021
2067
Ці можна вызначыць, дзе знаходзіцца пуп роду? Складана, але часам можна. Ганна Мядоўская, якой нядаўна споўнілася 80 гадоў, жыве ў Вярэбушках, дакладней, крыху наводдаль, на хутары, быццам на “востраве”. Вакол поле, усыпанае нямецкімі бліндажамі, што засталіся ад Першай сусветнай вайны.

IMG_0541.JPG

IMG_0525.JPG

IMG_0530.JPG

Сюды Ганна Іванаўна выйшла замуж. Памерлі бацькі мужа, пасля – і муж. Апошнія дваццаць гадоў яна тут гаспадыня. Адна, але не адзінокая. Пяцёра дзяцей не забываюць маці, бацькоўскі дом, родную зямлю. І хоць павуцінкі-пупавінкі расцягнуліся адсюль у розныя бакі, патанчэлі, падаўжэлі, але не адарваліся ад “цэнтра”. 

Галоўны скарб бабулі Ганны – 14 унукаў і 15 праўнукаў, адзін з якіх нарадзіўся якраз да 80-годдзя жанчыны. “Трэба, каб дзяцей у сям’і было многа. Не дарма ў народзе кажуць: дасць Бог дзіця, дасць і на дзіця. Я сама з вялікай сям’і, бацькі мелі пяцёра дочак і дваіх сыноў. Засталося нас тры сястры, і мы дагэтуль вельмі блізкія. Нашы дзеці – такія ж, - зазначае мая суразмоўца. - Не трэба думаць, што калі дзяцей шмат, то яны будуць бедна жыць, што ім нечага будзе не хапаць. Усё будзе, калі будуць пільна працаваць. А галоўнае – яны будуць мець адзін ад аднаго моцную, сапраўдную падтрымку, якую і за вялікія грошы не купіш.

IMG_0478.JPG

Канешне, цяжка дзяцей нараджаць. Але ж цяпер якія ўмовы ў бальніцах!.. Помню, свякроў расказвала, як у вайну адна жанчына дзіця нарадзіла ў блінджаны нашым, дзе ў мяне склеп цяпер. Ад немцаў там людзі часта хаваліся”.

А я запісваю ў свой нататнік першы “сакрэт” маладосці юбіляркі: мець вялікую дружную сям’ю.

“Вядомы педагог Васіль Сухамлінскі пісаў: “Старасць можа быць або супакоем, або горам. Старасць спакойная, калі яе паважаюць. Старасць гаротная, калі старога забываюць, кідаюць у адзіноце”. Ганну Іванаўну паважаюць аднавяскоўцы, любяць родныя. Яна вельмі мудрая. Хто звяртаецца да яе за парадай – усім дапамагае”, - кажа Алена Страх, якая жыве ў  з суседняй вёсцы Баярск і даўно сябруе з нашай гераіняй.

Пра працавітасць Ганны Мядоўскай можна спяваць асобную оду. Дзевяць гадоў яна адпрацавала даяркай, сямнаццацігадовай дзяўчынай прыйшла на ферму. Пасля тры гады карміла механізатараў, шэсць гадоў была звеннявой, а пасля – паляводам. Нават калі на пенсію пайшла, у гаспадарку на работы хадзіла і малако па людзях збірала. “А дома – свая гаспадарка: два кані, тры каровы, свінні. Да 40 гусей трымала. Шмат хто на маіх падушках і пярынах дагэтуль спіць”, - усміхаецца субяседніца.

IMG_0488.JPG

Як муж памёр (удаве было 59 гадоў), Ганна Іванаўна яшчэ два гады гаспадарку зусім не збывала. “Пасля адну кабылку прадала, а потым і другую. Але так мне невыносна цяжка было. Як гляну на вупраж, як зайду ў хлеў, а там – пуста. З цягам часу і кароў паменшала. Яшчэ летась дзве мела, а цяпер – толькі адну, цяжкавата ўжо абыходзіцца з ёй, але і развітвацца не хачу. Люблю я жывёлу. І малако люблю. Хочаце верце, хочаце не: я куплёнага малака ў роце не мела”.

Як толькі пачула пра любімы прадукт, тут жа запісала другі “сакрэт” маладосці: піць кожны дзень малако ад хатняй каровы.

“Неяк мама ў бальніцу патрапіла, - уступае ў размову дачка Ала. - Маме сказала, што будзем карову збываць. А яна мне: “Збывайце, калі хочаце, каб я раней памерла”. Спрытная да работы наша мама – нічога не скажаш”.

“А што вы думалі: як мала рухаешся, то хутка і зляжыш, - гучыць з вуснаў маёй гераіні яшчэ адна мудрасць. - Я ўночы горшая хворая, чым удзень. Раніцай прачнуся: спіна баліць, слабасць, але прымушу сябе ўстаць, а расхаджуся – і кволасць знікае, і справы раблю”.

А я занатоўваю яшчэ адзін “сакрэт”: рух – гэта жыццё.

“Як танцуеш, так і працуеш”, - гучыць яшчэ адна народная мудрасць. І мая гераіня пацвярджае гэту ісціну. “У маладосці на танцах я не сядзела. А дзяўчына, што дрэнна танчыць, то магла ўвесь вечар прасядзець”, - успамінае Ганна Іванаўна і тут пералічвае, якія танцы цяпер гатова паказаць: польку, абэрак, факстрот, “страданіе”…

На юбілеі, які Ганна Мядоўская адзначыла ў мінулую нядзелю (спецыяльна адклала святкаванне, каб унука з арміі дачакацца), граў пляменнік-музыка. Для 40 гасцей юбілярка выканала танец сваёй маладосці. І нават не адзін.

IMG_0502.JPG

IMG_0509.JPG

IMG_0511.JPG

Першае, на што звярнула ўвагу, калі зайшла ў дом да Ганны Мядоўскай, - на вышыванкі.  Яны паўсюль: на ложках, на канапе, крэслах, стале. Вышываннем жанчына захапілася яшчэ ў падлеткавым узросце. “Наткала-навышывала сабе рэчаў – багаты пасаг нарыхтавала. Не толькі сабе, але і дзецям. Апошнім часам не вышываю. Ужо не ў модзе мае “кветкі…” - усміхаецца Ганна Іванаўна.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.


Статьи по теме: