Усе шляхі вялі ў газету

 

Усе шляхі вялі ў газету

Общество
14.05.2021
2591
верт 1.jpg

У сямейным архіве Вярцінскіх ёсць тоўстыя “фаліянты”, у якіх занатавана гісторыя Смаргоншчыны з 1976 па 1992 гады. У фотаальбомы ўклеена не адна сотня выразак са  “Светлага шляху”.  Хто сказаў, што газета жыве адзін дзень? 
У Аляксандра Вярцінскага свае, надзвычай трапятлівыя, адносіны да друкаванага слова. Мо, таму, што яго першым рабочым месцам стала рэдакцыя “раёнкі”. Праўда, не смаргонскай.  Адразу пасля школы, у 1964 годзе, ён уладкаваўся карэктарам у Шчучынскую газету “Савецкая вёска” (цяпер яна называецца  “Дзянніца”). А яго першая нататка “Адзвінелі косы” пра працавітых землякоў з’явілася ў “раёнцы” 3 ліпеня 1962 года. З таго часу Аляксандр Вярцінскі так заахвоціўся пісаць у газету, што рабіў гэта, працуючы на розных пасадах.

Напісанае застаецца

Пасля Шчучына Аляксандр Эдмундавіч яшчэ працаваў загадчыкам аддзела пісем Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”. У 1978 годзе яго запрасілі на работу ў Смаргонь, прапанавалі пасаду намесніка генеральнага дырэктара па кадрах і быце вытворчага аб’яднання “Смаргоньсілікатабетон”. На працягу васьмі гадоў ён працаваў на заводзе і пісаў у “Гродзенскую праўду”, “На страже Октября”, але найбольш – у “Светлы шлях”.

“Я быў вельмі зацікаўлены, каб працоўныя будні сілікатчыкаў асвятляліся ў “раёнцы”. Не толькі навіны вытворчасці, але і культурны адпачынак завадчан, развіццё мастацкай самадзейнасці, спартыўна-масавая работа, жыццё і быт маладых спецыялістаў”, - зазначае мой суразмоўца.

силикат.jpg

Адкрываю альбом з выразкамі “Смаргоньсілікатабетон” – і з галавой акунаюся ў тагачаснае жыццё сілікатчыкаў. Стварэнне на сілікатным заводзе народнага ўніверсітэта, наведванне кіраўніцтвам прадпрыемства школы-інтэрната, наваселле ў завадчан,  удзел у спаборніцтвах па лыжах і шашках… З цікавасцю даведваюся, што зімой 1983 года смаргонскія сілікатчыкі ездзілі пераймаць вопыт у Вільнюскае вытворчае аб’яднанне  будаўнічых матэрыялаў. А ў Смаргоні ў чырвоным кутку завода жалезабетонных вырабаў адбылася сустрэча з творчымі людзьмі. Гасцямі рабочых былі літоўскі паэт Эдуардас Селялёніс, літоўскі акцёр Раландас Бутнявічус, беларускі паэт Сяргей Панізнік і заслужаная артыстка БССР Ганна Рыжкова. І як аказалася, такія творчыя сустрэчы тады ладзілася пастаянна.

силикат 2.jpg

Сярод мноства невялікіх артыкулаў нечакана для сябе знаходжу вясеннюю замалёўку. Чытаю: “Прыемна зараз прайсці па заасфальтаваных дарожках і тратуарах ля 60-і і 48-кватэрных жылых дамоў, што па вуліцы Савецкай і завулку Святлянскім. Тут прыгожыя ліпы-меданосы, клёны і бярозы, чаромха, яблыні і слівы, якія апранаюцца ў пяшчотную майскую зеляліну… Жыхары дамоў разбіваюць кветнікі, якія неўзабаве зайграюць усімі колерамі вясёлкі”. Адразу пазнала двор суседняга дома, дзе сама жыву. Адчула гэты свежы водар квецені, які так не спяшаецца да нас гэтай вясной. Ды Вы, Аляксандр Эдмундавіч, лірык...

Наступныя сем гадоў, з 1986 па 1993, Аляксандр Вярцінскі быў намеснікам старшыні Смаргонскага гарвыканкама. А я адкрываю яшчэ адзін “фаліянт” пад назвай “Аб слаўных справах і людзях квітнеючай Смаргоншчыны. 1986-1990 гады”.  

верт.jpg

верт 4.jpg

Аляксандр Вярцінскі працаваў на Смаргоншчыне падчас буйных гістарычных перамен. За горадам распачалася будоўля саюзнага маштабу: узводзіліся вытворчыя карпусы філіяла МТЗ, аб’екты дапаможнага прызначэння, сацыяльнай сферы. З усіх куткоў Савецкага Саюза сюды з’язджаліся людзі…

На старонках газеты “Светлы шлях” пазаштатны аўтар не толькі расказваў пра апошнія навіны горада, але і падымаў тэмы выхавання “цяжкіх” падлеткаў – непаўналетніх правапарушальнікаў (хто украў кашалёк, хто піў спіртное, хто паквапіўся на чужы веласіпед)… У матэрыяле не сухія факты, у ім адчуваецца прысутнасць аўтара і яго хваляванні за лёс падрастаючага пакалення.  Да слова, на той час Аляксандр Эдмундавіч быў старшынёй камісіі па справах непаўналетніх, камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, старшынёй савета па рабоце таварыскіх судоў. А яшчэ ён узначальваў гарадскі штаб добраахвотных народных дружын. Тады ў горадзе дзейнічала 31 добраахвотная дружына, якая аб’ядноўвала каля паўтары тысячы чалавек.

Непарыўнай ніткай звязаны

Не ведаю, супадзенне гэта ці заканамернасць, але менавіта ў Дзень друку 5 мая 1990 года Аляксандра Вярцінскага абралі народным дэпутатам Беларускай ССР па Смаргонскай гарадской выбарчай акрузе №269. Выбраны ён быў на альтэрнатыўнай аснове з трох таксама вартых кандыдатур і са значнай перавагай галасоў.

верт депутат.jpg

Пасля гэтага дэпутат, па-ранейшаму, - на старонках і нашай газеты, і іншых выданняў. А я трымаю ў руках трэці “фаліянт”… “Мы хочам апраўдаць давер народа”, - сказаў у адным з інтэрв’ю Аляксандр Эдмунадвіч і распавёў, як працавала першая сесія Беларускага парламента: “… яна доўжылася 44 дні, разглядзела і прыняла рашэнні па 30 пытаннях павесткі, а таксама 20 першапачатковых пытанняў, якія востра хвалююць людзей”. І на працягу ўсяго дэпутацкага тэрміну ў газеце з’яўляліся не сухія справаздачы дэпутата, а вельмі шчырыя, адкрытыя размовы, перажыванні, якія заставаліся пасля  парламенцкіх паседжанняў.

Калі скончыўся тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў, Аляксандру Вярцінскаму прапанавалі пасаду галоўнага спецыяліста  ў Сакратарыяце Вярхоўнага Савета.  Потым – загадчыка сектара арганізацыйнага ўпраўлення. У 1997 годзе – стаў начальнікам ўпраўлення арганізацыйнай работы Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

верт 3.jpg

Сувязі з газетай не парываў. У 2018 да 70-годдзя Аляксандра Вярцінскага Іван Лазута напісаў вялікі нарыс, дзе таксама занатаваны ўспаміны Аляксандра Эдмундавіча-газетчыка.

У 1988 годзе напярэдадні Дня друку Паўлу Маклюку, тагачаснаму карэспандэнту “Светлага шляху”, Аляксандр Эдмундавіч расказаў, як працуе над сваімі тэкстамі: “Лічу, што пры падрыхтоўцы матэрыялаў у газету трэба адносіцца да гэтай справы з найвялікшай адказнасцю. Не павінна быць месца недакладнасцям. Кожная лічба і кожны прыклад павінны гаварыць за сябе. А цікавае і павучальнае – выклікаць інтарэс, жаданне выкарыстоўваць гэта ў іншых калектывах”. Гэта думка па-ранейшаму можа быць запаветам для любога журналіста.

Цяпер да гэтых слоў наш суразмоўца дадае: “На мой погляд, прэса павінна быць прыземленай (у лепшым значэнні гэтага слова). Пісаць трэба моцнымі, тугімі словамі, расказваць проста і зразумела.

Я бачу, што вы прытрымліваецеся гэтага прынцыпу. Жадаю газеце “Светлы шлях” заставацца і далей запатрабаваным сродкам масавай інфармацыі і з кожным годам  памнажаць сваіх чытачоў”.

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: