Шануй бацькоў, Радзіму, Бога

 

Шануй бацькоў, Радзіму, Бога

Общество
01.04.2021
1346
Сёлета спаўняецца роўна 40 гадоў з той пары, як настаўніца гісторыі сярэдняй школы №3 Ларыса Багдасарьян прыйшла працаваць у школу. За яе плячыма – доўгі і цікавы шлях, напоўнены падарожжамі з вучнямі ў мінулае, захапляльнымі даследаваннямі, адкрыццямі.

IMG_3853.JPG

З 2009 года Ларыса Уладзіміраўна кіруе школьным музеем. Сёння тут сабрана шмат цікавых экспанатаў. Вялікая экспазіцыя ў музеі прысвечана гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ларыса Багдасарьян адзначае, што экскурсіі на тэму вайны заўжды выклікаюць у вучняў вельмі моцныя пачуцці. У многіх узнікае жаданне глыбей вывучаць самыя трагічныя старонкі гісторыі нашай краіны.

Прыходзячы ў музей, з усмешкай і замілаваннем вучні разглядаюць экспазіцыю, дзе сабраны прадметы эпохі сацыялізму – усё тое, што невядома пакаленню 21 стагоддзя. Школьнікі з цікавасцю разглядаюць радыёпрыёмнікі, прайгравальнікі, калекцыі старых пласцінак. Ларыса Уладзіміраўна заўсёды ахвотна распавядае наведвальнікам музея пра гэтыя рэчы, расказвае, як раней імі карысталіся.

Большую частку свайго жыцця Ларыся Багдасарьян прысвяціла навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення. Яна адзначае, што ва ўсе часы падлеткі і моладзь былі неабыякавымі, дапытлівымі. Як настаўнік гісторыі і кіраўнік музея Ларыса Уладзіміраўна заўсёды імкнулася і імкнецца ўдзяліць вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню моладзі, растлумачыць, чаму так важна ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. “Спяшайся дабрыню тварыць, Шануй бацькоў, Радзіму, Бога” – галоўны дэвіз Ларысы Уладзіміраўны.

- Я заўжды гавару дзецям: “Вырві дрэва з коранем – яно загіне”. Так і чалавек – не можа жыць без сваіх каранёў. Радзіма – гэта не абстрактная рэч. Гэта і месца, дзе ты нарадзіўся, і людзі, якія жывуць побач. Шанаваць Радзіму – гэта значыць шанаваць усё тое, што цябе акаляе.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.