Адзін дзень, які змяніў гісторыю

 

Адзін дзень, які змяніў гісторыю

Общество
27.03.2021
1871

Як вядома, у Беларусі 2021 год аб’яўлены Годам народнага адзінства. З’явіцца сёлета ў календары і новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Пакуль яго дакладная дата святкавання не вызначана. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з НАН Беларусі павінны даць адказ на гэта пытанне ў бліжэйшы час. Адзін з варыянтаў – 17 верасня, дзень, калі Заходняя і Усходняя Беларусь аб’ядналіся.

...17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. Збылася спрэдвечная мара беларусаў жыць у сваёй дзяржаве.

“Ты з Усходняй,

Я з Заходняй

Нашай Беларусі.

Больш з табою ўжо ніколі

Я не разлучуся”.

Так напісаў Янка Купала ў 1939 годзе.

29 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Нацыянальны сход, які зацвердзіў палітычны і эканамічны статус Заходняй Беларусі.

Дэлегатамі сходу былі і ўраджэнцы Смаргоншчыны: С. Т. Кунавіч і А. В. Клаўсуць - дэпутаты ад Вішнеўскага павету; Г. К. Залеская, Б. I. Рабіновіч, В. К. Сінкевіч, П. I. Страшкевіч - ад Ашмянскага павету. Л. П. Сасноўская (па мужу Фінькоўская) прымала ўдзел у складзе Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу Заходняй Беларусі ў рабоце сесіі Вярхоўнага Савета СССР у Маскве і Вярхоўнага Савета БССР у Мінску, на якіх прымаліся законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР.

Смаргонцы з вялікай надзеяй на паляпшэнне свайго жыцця сустракалі Чырвоную армію. Горад Смаргонь на пачатак XX стагоддзя меў насельніцтва амаль 17000 чалавек і славіўся сваёй скураной вытворчасцю. Да 1939 года стаў занядбалым мястэчкам з насельніцтвам крыху большым за 5 тысяч чалавек. Уся прамысловасць Смаргоні - гэта некалькі кустарных прадпрыемстваў ды безліч яўрэйскіх лавак.

Большасць насельніцтва жыло тады па вёсках і хутарах. Як сведчыць перапіс, праведзены ў 1941 годзе, у Смаргоні пражывала 5318 чалавек, а ў сельскай мясцовасці - 54146 чалавек. Працавалі на сваёй зямлі і па найму ў паноў.

Аб нізкім узроўні жыцця сялянства пры Польшчы сведчаць наступныя лічбы: у сярэднім на сям’ю прыходзілася 7 - 10 га зямлі, а пражытачны мінімум складаў 8,74 га на 1 члена сям’і (лічбы ўзяты з матэрыялаў даследаванняў Гродзенскага ўніверсітэта).

У такіх сацыяльна-эканамічных умовах разгараўся нацыянальна-вызваленчы рух. Малазямельнае і беззямельнае сялянства ўсё часцей скіроўвала свой погляд на ўсход, у БССР.

Прыход новай улады азначаў карэнную ломку ўсяго папярэдняга ладу жыцця. Пастановай ЦК КПБ(б) аб абласцях і абласных цэнтрах ад 19 лістапада 1939 года былі створаны пяць абласцей: Вілейская, Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Пінская. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 года ў заходніх абласцях Беларусі быў утвораны 101 раён, у тым ліку і Смаргонскі ў складзе Вілейскай вобласці.

28 студзеня 1940 года адбылася першая сесія раённага Савета, на якой была зацверджана структура выканаўчай улады, утвораны 14 аддзелаў, назначаны старшыня Смаргонскага райвыканкама. Ім стаў Дзмітрый Фёдаравіч Гурын, 1889 года нараджэння, беларус, з-пад Баранавіч. Былы ўнтэр-афіцэр, адукацыя - 4 класы народнага вучылішча. Узначальваў райвыканкам да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Органы кіравання ў Смаргоні ствараліся па ўзору Усходняй Савецкай Беларусі. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася райкамам партыі на чале з першым сакратаром Саламонам Дордзікам. Наогул, на кіруючыя пасады тады прызначаліся ў асноўным людзі, накіраваныя з усходу. Новая ўлада адразу ж пачала сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні.

3 21 снежня 1940 года ўсе фінансавыя разлікі былі пераведзены на савецкую валюту па курсу 1 рубель - 1 злоты. Невялікія кустарныя прадпрыемствы, якія належалі ў асноўным яўрэям, былі пераўтвораны ў арцелі – “Красный пищевик”, “Красный металлист”, “Красный обувщик”, “Звезда”, “Искра”.

Панская зямля і маёмасць былі часткова раздадзены бедным сялянам, часткова адышлі пад калгасы, бо першыя калгасы ствараліся менавіта на базе панскіх маёнткаў. Вядома па архіўных звестках, што да вайны іх было дзесяць.

З устанаўленнем Савецкай улады былі створаны ўмовы для развіцця сацыяльна-культурнай сферы. Да прыходу Чырвонай арміі на Смаргоншчыне не было ніводнай беларускай школы. А пры Саветах новы 1940 – 1941 навучальны год пачала 81 школа, з іх - адна руская, 3 яўрэйскія, астатнія беларускія. Было адкрыта 14 пунктаў ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці, дзе займалася тысяча дарослых жыхароў.

У Смаргоні пачала працаваць бальніца на 30 ложкаў, радзільны дом на 10 ложкаў, адкрыўся раённы Дом культуры. У Крэве было завершана будаўніцтва бальніцы і клуба.

З’явілася перспектыва прафесійнага навучання моладзі. Па ўзору Усходняй Беларусі стваралася гурткі ваенна-спартыўнага кірунку.

Па матэрыялах Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.