Божай ласкай атуленыя

 

Божай ласкай атуленыя

Общество
20.02.2021
3475
Праязджаючы праз вёску Малінавая, нельга не ўбачыць каталіцкую капліцу. Стаіць яна ля самай дарогі. Капліца для вяскоўцаў – нешта значна большае, чым старажытны помнік. Гэта месца іх супольнай малітвы, месца ўскладання падзяк і здабыцця надзеі.

1.png

Прама насупраць капліцы стаіць у Малінавай жоўтая шаляваная хата. Гаспадары яе – Рышард і Ядвіга Шарко – людзі пабожныя. Сваю хату яны збудавалі ў тыя часы, калі капліца тут ужо стаяла. Рышард, які нарадзіўся і вырас на хутары ля вёскі Свінка (так раней называлася Малінавая), памятае, як у дзяцінстве рамантавалі гэтую невялічкую святыню, як усёй вёскай баранілі яе ў часы ганенняў на хрысціянства. Капліца цудам уцалела: у суседніх вёсках падобныя будынкі былі зруйнаваны. А вось жыхары Малінавай адстаялі, адмалілі свой невялічкі храм.

Немагчыма палічыць, колькі знакаў крыжа зрабілі за сваё жыццё Рышард і Ядвіга Шарко ля гэтай капліцы, колькі малітваў згаварылі тут. Але яны ўпэўнены, што ніводны зварот да Усявышняга не застаўся недачутым. У тым, што 60 год назад Ядвіга і Рышард сталі мужам і жонкай – таксама Божая воля. І за тое, што ім выпала распачаць сёмы дзясятак свайго сумеснага жыцця, – дзякуй нябёсам!

Рышард Браніслававіч і Ядвіга Янаўна – жыхары тутэйшыя. Абодва нарадзіліся і выраслі на хутарах недалёка ад вёскі, у абодвух было пакутлівае дзяцінства. Рышарда Браніслававіча маці гадавала адна. Свайго бацькі хлопчык нават не памятаў, ды і жадання знаёміцца з ім асаблівага не было. Падчас вайны татка пайшоў на фронт. Жонка і дзеці чакалі яго, ведалі, што не загінуў, што жывы. Але не дачакаліся – у Польшчы ў яго з’явілася іншая сям’я, і пасля вайны ў родную вёску ён больш не вярнуўся. Рышарду рана прыйшлося пасталець. У сям’і ён быў адзіным мужчынам.

Амаль што не памятае свайго бацьку і Ядвіга Янаўна. Галава сямейства памёр ад запалення лёгкіх у маладым узросце. Маці засталася адна гадаваць семярых дзяцей. Ужо ў чатырнаццацігадовым узросце Ядвіга на раўне з дарослымі працавала ў калгасе. А ледзьве споўнілася 18 гадоў - дзяўчыну паставілі звеннявой на ільне. Менавіта на льняных палетках Ядвіга і сустрэла свайго суджанага. Сёння муж і жонка па-рознаму расказваюць пра гэту сустрэчу. Жанчына кажа, што не звярнула адразу на яго ўвагі, бо быў ён на некалькі гадоў маладзейшы за яе. А вось юнак да харызматычнай звеннявой адразу стаў прыглядацца.

Рышард Браніслававіч ніколі не ідэалізаваў кахання, не адносіўся да гэтага пачуцця, як да нечага звышнатуральнага. Ён не ўтойвае, што выбіраючы жонку, прыслухоўваўся не толькі да голасу сэрца, але і да таго, што раілі людзі. Пра Ядвігу вяскоўцы казалі: "Дзяўчына добрая, працавітая, да касцёла ходзіць, не бадзяецца нідзе. З ёй ты не прападзеш!". Прыгледзеўшыся да паненкі, юнак і сапраўды зразумеў, што лепшай і шукаць не варта. Ядвіга - яго лёс, яго Боскі падарунак. Трэба браць за жонку!

- Прыйду, бывала, да яе ўвечары ў госці. Хочацца па вёсцы прайсціся, пагаварыць. А яна да позняй ночы за кроснамі сядзіць, нават і са мной пабыць не мае часу. А мне яе так абняць і пацалаваць хочацца, - прызнаецца мужчына. - Пасяджу побач, дапамагу ткаць і іду назад дахаты.

У лютым 1961-га яны распісаліся і абвянчаліся ў Вішнеўскім касцёле. Пасля вяселля некаторы час жыллі з бацькамі, а пасля пабудавалі хату ў Малінавай.

- Тут мы нарадзіліся, хрысціліся, жаніліся, тут пражылі ўсё жыццё, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў, - кажуць муж і жонка.

Ядвіга і Рышард Шарко ўсё сваё жыццё адпрацавалі ў калгасе. Жонка шмат гадоў была звеннявой на ільне, пасля – лабарантам на ферме. А Рышард - механік з амаль саракагадовым стажам.

У вёсцы Малінавая муж і жонка Шарко - людзі паважаныя. Яны заўсёды добра ладзілі паміж сабой, умелі годна пераносіць выпрабаванні, жылі ў міры і згодзе з суседзямі. Ядвіга была першай на вёсцы пявунняй. Спявала і на канцэртах, і ў касцёле. Без песні, як без малітвы, не ўмелі вяскоўцы жыць у тыя часы. Песня з'ядноўвала людзей, засмучаным давала надзею, стомленым - сіл. Завядзе Ядвіга добрую каталіцкую песню, а людзі падхвацяць. І паплыве над Малінавай залівісты спеў, адгукнецца на кожным падворку, а пасля знікне ў невядомай далячыні высока-высока. Кожнае слова гэтай песні дасягне Найсвяцейшага сэрца Валадара Сусвету, які ніколі не шкадуе сваёй бясконцай ласкі для малінаўскіх вернікаў.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.