Старэйшы салезіянін Беларусі святкуе сёння 85-годдзе

 

Старэйшы салезіянін Беларусі святкуе сёння 85-годдзе

Общество
22.01.2021
4482

Здислав1.jpg

Абывацелю цяжка зразумець чалавека, які адмовіўся ад зямных дабротаў, каб служыць Богу. Некаторыя такую адданасць называюць ахвярапрынашэннем. Сам жа ксёндз Здзіслаў Вэдэр не бачыць у сваім жыцці ні геройства, ні ахвярнасці. Тое, што ён робіць, прыносіць яму задавальненне, бо шчыра любіць Бога і людзей.

Для шматлікіх смаргонскіх вернікаў святар стаў духоўным айцом. Многім дапамог па-новаму паглядзець на сябе, перайначыць свае жыццёвыя арыенціры. Многіх пераканаў у тым, што толькі з Богам і чыстым сумленнем можна быць сапраўды шчаслівым.


Здислав 2.jpg

Здислав 3.jpg

Імгненні дзяцінства

Будучы святар нарадзіўся ў польскай вёсачцы паблізу ад горада Лодзь. Прозвішча Вэдэр гаворыць пра яго няпольскае паходжанне. Аказваецца, бабуля ксяндза Здзіслава – палячка, а дзядуля – аўстрыец, які ў маладым узросце эмігрыраваў у Польшчу з Аўстрыі. Хлопчык выхоўваўся ў набожнай сям’і. Бацькі гадавалі 11 дзяцей, трое з іх памерлі ў час Другой сусветнай вайны. Ксёндз Здзіслаў з болем успамінае той час: “Наша хата стаяла першай ад лесу. Днём прыходзілі немцы, а ноччу – партызаны. Нехта данёс немцам, што мой бацька трымае сувязь з партызанамі. Немцы прыйшлі ў двор, выклікалі нас на вуліцу, прымусілі бацьку капаць сабе дол на агародзе. Уся сям’я назірала за гэтым. 

Раптам мая трохгадовая сястра падышла да бацькі і літаральна ўчапілася яму за нагу – быццам разумела, што адлічваюцца апошнія хвіліны татавага жыцця. Такога не вытрымалі нават немцы. Адзін з іх звярнуўся да начальніка з просьбай змяніць прысуд: адправіць у турму. Да просьбаў далучыўся солтыс вёскі. Бацька адсядзеў за кратамі восем месяцаў”. Пасля вайны сям’я пераехала ў Лодзь. 

Пачуць голас Божы

Кажуць, сам Бог дае пакліканне таму, каго хоча бачыць святаром. Здзіслаў пачуў Бога ў  раннім узросце – у 12 гадоў. “Аднойчы, падчас святой Імшы, я адчуў моцнае жаданне стаць святаром, - успамінае Здзіслаў Вэдэр. - Калі я вярнуўся дадому, адразу пра гэта расказаў маці. А мая малодшая сястра пажартавала: “Хутчэй валасы вырастуць на маёй далоні, чым ты станеш ксяндзом”. Яна не ўспрыняла ўсур’ёз мае словы. А я з таго часу ні разу не ўсумніўся ў сваім прызванні.

Пачаў шмат маліцца. Штодзень перад урокамі, не еўшы, спяшаўся на Святую Імшу, каб атрымаць Камунію. Пасля школы зноў бег у касцёл,  а дома з захапленнем чытаў рэлігійную літаратуру. Чытанне кніг пра святых было найлепшым адпачынкам. Такое жыццё было для мяне ў радасць. Я жыў марай стаць святаром”.

Прайшло два гады. Хлопчык скончыў сямігодку і напісаў заяву ў лёндскую ніжэйшую духоўную семінарыю. Сям’і прызнаўся толькі тады, калі даведаўся пра сваё залічэнне. Два гады давалася юнаку, каб яшчэ больш пераканацца ў сваім рашэнні стаць святаром. Пасля заканчэння ніжэйшай семінарыі юнак уступіў у Таварыства салезіянаў, а праз год яго залічылі ў вышэйшую духоўную семінарыю ў Лёндзе. Першыя два гады вывучаў філасофію, пасля чаго праходзіў практыку ў трох парафіях.  Выкладаў урокі рэлігіі, іграў на аргане.

Здислав 4.jpg

Святарскі шлях

Пасля практыкі Здзіслаў зноў вярнуўся ў семінарыю. Чатыры гады прысвяціў вывучэнню тэалогіі. У чэрвені 1962 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Год адслужыў у парафіі – і зноў вучоба. Два гады спасцігаў навуку на факультэце тэалогіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. У яго паслужным спісе такія пасады: прафесар духоўнай семінарыі ў Лёндзе, дырэктар аддзялення філасофіі духоўнай семінарыі ў Кутно,  інспектар Таварыства салезіянаў у Варшаве.  Быў пробашчам парафіі ў Піле.

З сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя ксёндз Здзіслаў адказваў за працу салезіянаў Варшаўскай правінцыі. У той час пачаў накіроўваць святароў для духоўнай паслугі ў СССР. Менавіта па яго распараджэнні прыехаў у Смаргонь ксёндз Генрык Куляшэвіч.

А ў 1990 годзе ксёндз Здзіслаў Вэдэр сам атрымаў прапанову паехаць у БССР. Працаваў у Жупранскай і Лідскай парафіях. У 1992 годзе накіраваўся ў Маскву, куды быў прызначаны адказным за працу салезіянаў на прасторах былога СССР.

Вэдэр 1.jpg

Па рабочых справах ён пабываў у 34 краінах свету, у тым ліку і на афрыканскім кантыненце. Валодае польскай, італьянскай, рускай, лацінскай мовамі, разумее французскую і беларускую.

Выпрабаванні і знакі

Калі ксяндзу Здзіславу было 32 гады, ён моцна захварэў. Перанёс дзве аперацыі на лёгкіх. “Па сутнасці, я ўжо прыняў свой адыход, - успамінае мой суразмоўца. – Але адбыўся, можна сказаць, цуд. Я пайшоў на папраўку”. А яшчэ ксёндз Здзіслаў прызнаўся, што тройчы мог пацярпець у транспартных катастрофах.

Адна здарылася з самалётам, на якім ён планаваў ляцець у Нью-Ёрк, але на той суботні рэйс білетаў ужо не было, яму давялося адправіцца за акіян на дзень раней. А ў суботу загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце авіялайнера. Другі раз патрапіў у аўтакатастрофу ў Грузіі: машына, на якой ехаў святар, павісла над прорвай. У трэці раз самалёт, на якім ляцеў ксёндз Здзіслаў, не мог здзейсніць пасадку з-за таго, што не выпускаліся шасі. Самалёт зніжаўся і падымаўся, толькі на трэці раз яму ўдалося апусціцца на зямлю.

У тым, што трагедыі абышлі яго бокам, святар бачыць знак Божай апекі. Ён застаўся жыць, каб і далей выконваць сваю святарскую місію.

Смаргонь – асобная старонка жыцця

У жніўні 2002 года ён стаў пробашчам касцёла Святога Міхаіла Арханёла. У 2015 годзе біскуп Аляксандр Кашкевіч папрасіў яго стаць духоўным айцом у Гродзенскай духоўнай семінарыі. Помню, як плакалі вернікі, калі развітваліся са святаром. І як радаваліся, калі ў 2017 годзе ён зноў вярнуўся ў Смаргонь.

P1010063.JPG

Для смаргонскай парафіі ксёндз Здзіслаў зрабіў шмат добрых спраў. Ён праявіў сябе як цудоўны святар, таленавіты прамоўца, тонкі псіхолаг. А яшчэ ён – выдатны гаспадар. Менавіта пад яго кіраўніцтвам, нібы птушка Фенікс, аднавіўся былы будынак Дома культуры, у якім пачаў працаваць моладзевы каталіцкі цэнтр. Па сутнасці, гэта адна з візітовак нашага горада, любімае месца для дзяцей і моладзі. Айцец Здзіслаў шмат часу прысвяціў выхаванню падрастаючага пакалення. Магчыма, гэта дапамагло яму і самому не згубіць маладосці духу.

P1010118.JPG

Для маладых святароў ён – прыклад для пераймання, верны паплечнік і дарадца. “Наша жамчужына, наша гісторыя, наш айцец і настаўнік. У яго безліч цнотаў. Яго любяць і святары, і вернікі. Усе, з кім мы сустракаемся на Калядзе, перадаюць ксяндзу Здзіславу прывітанне і зычаць здароўя”, - зазначае малады ксёндз Артур Ляшнеўскі.

Далучаецца да добрых слоў і сталая верніца Аліцыя Воранава: “Нізкі паклон, паважаны ксёндз Здзіслаў за ўсё, што вы робіце для людзей. І Богу дзякую за такога святара, як Вы. Мой муж Віталій, які пайшоў на той свет у 2019 годзе, вельмі Вас цаніў – як чалавека, як слугу Божага. Вы правялі мужа ў апошні шлях… Незадоўга да сваёй смерці ён прысвяціў Вам верш”:

Почтенный старец, чистый, как слеза,

Он с верой в Бога по земле шагает.

Он с молодости носит мантию ксендза

И жить народу с верой помогает.

Моя семья его боготворит,

Как никого другого уважает,

И в этот день сам Бог благоволит,

Вас с днём рожденья поздравляет.

Желаем много лет прожить,

Здоровья, пастерских успехов,

А прихожанам – Вас любить

Отныне и до окончанья века.

Няхай гэты верш будзе своеасаблівым віншаваннем для ксяндза Здзіслава Вэдэра, які 22 студзеня адзначае сваё 85-годдзе. Жывіце ў здароўі і шчасці яшчэ шмат гадоў!

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва аўтара і парафіі Святога Міхаіла Арханёла.

Статьи по теме: