Індычка па-амерыканску

 

Індычка па-амерыканску

Общество
27.12.2020
430

Да Новага года засталося зусім мала часу. Згодна з Усходнім календаром, ён пройдзе пад знакам Белага Металічнага Быка. Шматлікія астролагі і знаўцы ўсходніх традыцый папярэджваюць, каб ні ў якім выпадку не было на святочным стале ялавічыны або цяляціны. Замест гэтага рэкамендуюць свініну, кураціну і асабліва індычыну. Падчас пандэміі дыетолагі раяць мяса індычкі, таму што ў ім утрымліваецца шмат вітаміну В12, селену і фосфару, якія станоўча ўздзейнічаюць на падстраўнікавую залозу, нервовую сістэму і шчытавідку. А вось рэцэпт стравы з індычкі мы пазычым у майго добрага знаёмага амерыканца, пісьменніка Марата БАСКІНА. Прапаноўваю мой пераклад на беларускую мову чарговага раздзела з яго “Кулінарнага рамана”.

1.jpg

На ўсё наша мястэчка Краснаполле быў адзіны індык у суседа дзядзькі Зусі. Гэта экзатычная для нас на той час птушка хадзіла па дварышчы, абнесеным высокім плотам, на які мы залазілі, каб пацікаваць за ёй. Калі іншы раз індыку ўдавалася выскачыць на вуліцу, дзетвара разбягалася ў розныя бакі, бо ашалелая птушка кідалася на ўсіх, хто трапляў у поле яе зроку. Пацярпеў ад яе і я. Уцякаў ажно да ваенкамата і з перапуду ўскочыў на высокую агароджу побач з ім. Ваенкам, выйшаўшы на ганак, канстатаваў:

- Гэту вышыню да цябе ніхто не браў. Вырасцеш возьмем у дэсантнікі! Пазней, жывучы ў Амерыцы, я зразумеў, што індык тут галоўная птушка.

Індзейцы называлі яе “фёрке”, а першыя перасяленцы перарабілі гэта слова на “цюрка”. Рускія эмігранты называлі яе проста “турка”. Сваю першую цяжкую зіму першыя перасяленцы перажылі, дзякуючы індычкам, якімі з імі падзяліліся тутэйшыя жыхары племені пякота. А наступнай восенню, сабраўшы ўраджай, пасяленцы распачалі свята, галоўнай стравай на якім была смажаная індычка. З таго часу “турка” стала галоўнай стравай Дня ўдзячнасці. У гэта свята яна ў кожным амерыканскім доме. За месяц да свята амаль усе буйныя магазіны абвяшчаюць бонус у выглядзе дармавой індычкі за пэўную колькасць купленых на працягу месяца тавараў.

У наш першы Дзень удзячнасці мы атрымалі бясплатна індыка. Як яго гатаваць не ведалі. Сваімі сакрэтамі прыгатавання падзяліліся суседзі-амерыканцы. У іх ва ўсіх былі абсалютна розныя рэцэпты. Жонка выбрала самы просты. Адна бабулька прапанавала выкарыстоўваць у якасці начыння яблык і апельсін.

Жонка старанна памыла і пачысціла птушку знутры і звонку. Затым прыгатавала марынад з чатырох шклянак яблычнага соку, васьмі літраў вады, пяці дробна пасечаных зубчыкаў часнаку, адной шклянкі солі, дзвюх шклянак цукру, дзвюх сталовых лыжак чорнага перцу, пяці лаўровых лістоў, лыжкі сухога размарыну і цэдры ад трох вялікіх апельсінаў. Гэту сумесь жонка мяшала, пакуль цукар і соль не распусціліся. Затым закіпяціла марынад і, закрыўшы яго накрыўкай, ахаладзіла. У халодны марынад яна паклала індычку і паставіла на суткі ў халадзільнік.

На наступны дзень мы дасталі індычку з марынаду і паклалі на паўгадзіны ў халодную ваду, а затым абсушылі папяровым ручніком.

Нафаршыраваўшы птушку парэзаным на долькі яблыкам і долькамі апельсіна, звязаўшы ножкі і крыльцы, паклалі яе грудкай наверх на паддон і накіравалі ў папярэдне разагрэтую да 200 градусаў духоўку. Побач з паддонам ставім кубак вады. Праз гадзіну паліваем з усіх бакоў індычку сокам, які назбіраўся на паддоне. Паўтараем гэту “працэдуру” праз кожныя паўгадзіны. Праз тры з паловай гадзіны правяраем страву на гатоўнасць. Устаўляем у кумпячок індычкі тэрмометр. Калі ён паказвае 76 градусаў – гатова. У амерыканскіх індычках часта градуснік ужо стаіць і ён выскоквае вонкі, калі страва гатова.

Для гарніру бяром звычайную тоўчаную бульбу. Амерыканцы дадаюць туды яшчэ вяршкі і цёрты цвёрды сыр. Мы так не робім, але іншы раз робім пюрэ са спецыяльнай салодкай бульбы, якую вельмі ўпадабалі жыхары Злучаных Штатаў.

І абавязковым у Дзень удзячнасці да індычкі павінен быць соус з журавін. Яго можна купіць у магазіне, а можна прыгатаваць самім. Спатрэбіцца кілаграм журавін, сок пяці вялікіх апельсінаў, паўтары шклянкі цукру, цэдра з аднаго апельсіна, дробка ружовага перцу. Памытыя журавіны здрабняем у блендары, дадаём туды цукар, сок, перац. Пераліваем у каструльку і на павольным агні даводзім да кіпення. Затым кідаем туды цэдру. Пры жаданні можна дадаць яшчэ і тры сталовыя лыжкі апельсінавага лікёру. І ўсё. Дачакайцеся пакуль соус астыне. Страва гатова. Смачна есці!

Пераклад Алы КЛЕМЯНОК.