Дзе набыць пульсаксіметр?

 

Дзе набыць пульсаксіметр?

Общество
06.12.2020
954
У рэдакцыю нашай газеты патэлефанавала жанчына, якая цікавілася, дзе ў Смаргоні можна змерыць узровень кіслароду ў крыві, каб своечасова заўважыць падзенне сатурацыі і не прапусціць момант, калі патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога ў стацыянары. У раённай паліклініцы яе накіравалі ў так званую брудную зону. Яна ж пабаялася, бо мае “букет” хранічных захворванняў, таму адносіцца да групы рызыкі. А ў кабінеце ўчастковага ўрача-тэрапеўта такіх прыбораў няма.

пульсоксиметр.jpg

Загадчыца раённай паліклінікі Вольга Віткоўская пацвердзіла, што насамрэч пры цяперашняй складанай сітуацыі з COVID-19 тэрыторыя паліклінікі падзелена на “чыстую” і “брудную” зоны, а наведвальнікаў з падазрэннямі на пнеўманію і пры наяўнасці любых прыкмет ВРІ, накіроўваюць у “брудную” зону. Падзенне сатурацыі адна з прыкмет пнеўманіі, таму і пульсаксіметры знаходзяцца ў адпаведнай зоне. Разам з тым, Вольга Уладзіміраўна ўдакладніла, што пенсіянеры, якія маюць шмат хранічных захворванняў, пры падазрэнні на каранавірус могуць выклікаць урача на дом.

Пульсаксіметры – прыборы для вымярэння сатурацыі, іншымі словамі узроўню кіслароду ў крыві. У прыбор, які надзяваецца на палец рукі, усталяваны своеасаблівы мініліхтарык. Прасвечваючы палец, па колеру крыві вызначаецца колькасць кіслароду. Нормай лічыцца 95-98%. Усё, што ніжэй за 95% патрабуе звароту ў медыцынскую ўстанову. Калі сатурацыя ніжэй за 90% гэта прыкмета сур’ёзнай паталогіі і таго, што ў хворага развіваецца сістэмная гіпаксія, ад недахопу кіслароду пачынаюць пакутаваць не толькі лёгкія, але і іншыя органы, напрыклад, сэрца, ныркі, мозг.

Не кожны пагадзіцца сёння ісці ў “брудную” зону, каб змерыць сатурацыю. Ці магчыма сёння купіць хатні пульсаксіметар? У нашым горадзе ў некаторых аптэках ёсць у наяўнасці гэтыя прыборы па цане ад 90 да 300 беларускіх рублёў.

 А што можна знайсці ў інтэрнэт-магазінах і інтэрнэт-аптэках для самастойнага кантролю за ўзроўнем кіслароду ў крыві? Самы танны партатыўны прыбор кантролю за ўзроўнем сатурацыі кітайскай вытворчасці каштуе 49 беларускіх рублёў. Як сцвярджаюць прадаўцы, пульсаксіметр на палец з сэнсарным дысплеем мерае SPO2, кантралюе частату сардэчных скарачэнняў, выстройвае графік хваль пульсу.

Іншыя інтэрнэт-крыніцы прапаноўваюць з дастаўкай фірменныя прыборы, часам з крутымі “наваротамі”, але кошт іх ад 168 рублёў да 285 і вышэй. Пагадзіцеся, не кожны пенсіянер можа сабе дазволіць такую раскошу. Таму ў сацыяльных сетках з’явілася шмат парад, як вызначыць сатурацыю без прыбора. Напрыклад, некаторыя актыўныя карыстальнікі інтэрнэту прапаноўваюць лічыць да дзесяці, і калі вам хапіла паветра на працягу аднаго ўдыху далічыць да канца, то ў вас усё выдатна. Праўда, гэты спосаб медработнікі не ўхваляюць, наогул, лічаць шкодным. Таму пры падазрэнні на задышку лепш звяртацца да спецыялістаў.

 Ала КЛЕМЯНОК.

Статьи по теме: