Буслы над маёнткам Тэнчына

 

Буслы над маёнткам Тэнчына

Общество
06.12.2020
954

Вядомае ў польскамоўных пісьмовых і картаграфічных крыніцах паселішча з назвай Тэнчын, а ў мясцовым вымаўленні Тэнчына, праіснавала каля аднаго стагоддзя. Але якога! На долю маёнтка прыпала бурнае развіццё гаспадаркі і росквіт культурнага жыцця ў пачатку, поўнае разбурэнне падчас Першай сусветнай вайны, паступовае адраджэнне ў міжваенны перыяд, паўторнае знішчэнне ў гады Другой сусветнай вайны і канчатковы заняпад у пасляваенны перыяд. Каб паказаць значнасць месцазнаходжання мясціны на шляху з Крэва да Смаргоні і зразумець, якая багатая спадчына папярэднічала стварэнню тут чарговага паселішча, варта пачаць аповед пра населены пункт са старажытных часоў.

Для абароны муроў крэўскага замка князь Вітаўт запрасіў татарскіх воінаў. Так утварыліся буйныя асяродкі, насельнікі якіх абаранялі замак у час варожых навал і шчыльна прыкрывалі асноўныя шляхі да яго. З паўночнага боку ад Крэва, улічваючы мясцовую тапаніміку, такія цэнтры ўтварыліся ў Даўбучках, Мысе, Базарах, Ціціне і некаторых іншых мясцінах. Але неабавязкова цюркамоўнымі назвамі пазначаліся гэтыя асяродкі. Адным са старадаўніх татарскіх асад у гэтым кутку крэўскай зямлі лічыўся Сялец. Розныя знатныя роды займаліся тут гаспадарчай дзейнасцю на сваіх зямельных надзелах, рушылі адсюль у паходы падчас ваенных ліхалеццяў. Адна з галін нашчадкаў князёў Кадышавічаў у пачатку 16 стагоддзя ад назвы свайго спадчыннага ўладання нават узяла новае родавое прозвішча, назваўшыся Сялецкімі.

Папярэдне ў Сяльцы знаходзіўся будынак драўлянай мячэці, якую ў 1757 годзе перавезлі і адбудавалі ў Даўбучках. Па невядомых прычынах быў зроблены гэты перанос, але сёння можна ўзнавіць былое месцазнаходжанне ісламскай святыні. Зарослы ладны пагорак у цэнтры Сяльца да нашага часу захаваў назву “зірэць”. Першапачаткова татары называлі свае могілкі гэтым словам, што ў перакладзе азначае “наведванне”, “паломніцтва”. Пазней гэтую назву выцесніла слова “мізар”, аднак найбольш даўнія і шанаваныя месцы пахаванняў з мячэцямі захавалі назву “зірэць”. Цікавым фактам з побыту татар у гэтым краі з’яўляецца тое, што выцякаючая з сялецкіх пагоркаў рачулка ў мінулым мела назву Татарка.

1.jpg

Па рэвізіі татарскіх уладанняў 1631 года ў Найманскае харужаства Віленскага сцягу ўваходзілі 9 дамоў у Сяльцы, 3 дамы ў Суцькаве, 7 дамоў у Ціціне, 19 дамоў у Даўбучках і Паніззі, даволі значная па тым часе колькасць татарскіх сям’яў. Таксама ў рэвізіі было адзначана, што ў Сяльцы знаходзілася рэзыдэнцыя першай асобы ўсяго Найманскага харунжаства – харунжага Абрахіма Кенскага. Праўдападобна, што яго двор ляжаў у той частцы вёскі, якая потым стала называцца Чаркасамі, што ў перакладзе са старатурэцкай мовы азначае “камандзір войска”.

На працягу стагоддзяў татарскай уласнасцю былі вёска і маёнтак Саковічы, якія ляжалі побач з Сяльцом. Вядомы даследчык нашага рэгіёна Чэслаў Янкоўскі ў першым томе манаграфіі “Павет Ашмянскі” адзначыў, што Саковічы ад ранейшых іх уладальнікаў Сулькевічаў у 1793 годзе набыў Міхал Ваўчацкі. Калі ў далейшым сын Міхала пазбавіўся гэтай уласнасці, то сваю новую рэзыдэнцыю ўтварыў блізка ад яе, даўшы ёй новую назву Тэнчына. Пакуль дакладна невядома дата заснавання маёнтка, але зыходзячы з таго, што ён адсутнічае на тапаграфічнай карце за 1836 год і пазначаны адпаведным знакам на карце за 1865 год, то магчыма ў гэты прамежак часу адбылася яго закладка.

У другой палове 19 стагоддзя ўладальнікам Тэнчына з’яўляецца Леанард Леанардавіч Ваўчацкі. Пасля заканчэння ў 1862 годзе Першай Віленскай гімназіі ён працягнуў навучанне ў Імператарскай Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі і з 1878 года выконваў абавязкі ашмянскага гарадавога ўрача. Адначасова з’яўляўся лекарам у гарадскім шпіталі. Таксама пра яго вядома, што быў гласным гарадской рады Ашмянаў чацвёртага склікання ў 1893 -1894 г. г., вёў актыўную грамадскую дзейнасць.

З успамінаў Нагорскага пра жыццё класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча стала вядома, што паэт неаднаразова сустракаўся з Леанардам Ваўчацкім, які любіў дэкламаваць па-беларуску. Яны былі не толькі аднадумцамі, але іх звязвала і тое, што дзядзька Л. Ваўчацкага Фаўстын Ваўчацкі быў жанаты на цётцы Ф. Багушэвіча Антаніне. Тэнчына становіцца прыцягальным культурным асяродкам гэтага кутка нашага краю. Пакоі рэзідэнцыі Ваўчацкіх упрыгожвалі каштоўныя карціны знатных мастакоў, бібліятэка рэгулярна папаўнялася новымі творамі сучасных аўтараў, а самі гаспадары ва ўсе часы вылучаліся інтэлігентнасцю і гасціннасцю.

З цікавостак маёнтка можна адзначыць пабудаваную перад домам на клумбе на двухмятровым слупе вялікую буслянку. Дзеці гаспадара маглі лёгка падняцца на яе па лесвіцы, каб пакарміць маленькіх буслянят у гняздзе. На вялікую радасць старых буслоў, якія лічылі ўсю сядзібу разам з людзьмі і жывёламі сваёй уласнасцю і вярталіся сюды кожны год з зімовых егіпецкіх падарожжаў. Тут усё было ахоплена культам буслоў і памяццю таго, што месцы, дзе гняздуюцца буслы, лічыліся шчаслівымі, і кожны спрабаваў пераманіць гэтых крылатых сяброў да свайго дому.

Пасля заканчэння лекарскай кар’еры Л. Ваўчацкі пачынае актыўна займацца развіццём сельскай гаспадаркі. У 1894 годзе ён заснаваў “Тэнчынскі вінакурны завод №330”, дзе працавалі 7 рабочых, меўся рухавік у 27 конскіх сілаў. На мяжы стагоддзяў гадавая вытворчасць спірту прыносіла 12 тысяч рублёў прыбытку. Вінакурны завод быў непарыўна дзеючым, асноўнай сыравінай для яго з’яўляліся зерне і бульба, якія вырошчваліся на палетках па новых па тым часе тэхналогіях. Пасля выганкі спірту брага па спецыяльна пабудаваных трубах паступала на адкорм жывёлы ў кароўнік.

Па дадзеных за 1905 год Ваўчацкаму належала 288 дзесяцін зямлі. Уяўленне аб тагачасным маштабе гаспадаркі дае пералік пабудоў, якія пазначыла камісія па рэгістрацыі ваенных страт па Ашмянскім павеце ў пасляваенны час. У маёнтку Тэнчына ў 1915 годзе існаваў двухпавярховы і ладны па памерах сядзібны дом, мураваная, глінабітная і драўляная кухні, шэсць хат для парабкаў, у тым ліку і глінабітка, некалькі хлявоў, драўляныя і мураваныя стайні, аўчарня, кароўнік, мураваны вінакурны завод са склепам, водны млын. Уся гэтая маёмасць была цалкам знішчана падзеямі Першай сусветнай вайны.

Па тэрыторыі маёнтка з верасня 1915 года па люты 1918 года пралягла франтавая мяжа, тут разгарнулася жорсткая барацьба за Тэнчынскі бугор, ці як называлі яго немцы “Тэнчынскі нос”. У гады вайны лінія фронту ад Смаргоні да Крэва праходзіла па дарозе, якая спрадвечна звязвала гэтыя населеныя пункты. Толькі каля маёнтка Тэнчын, пасля захопу летам 1916 года Сібірскімі стралкамі перадавога нямецкага акопа, рускія пазіцыі перасяклі гэтую лінію супрацьстаяння.

У другой палове 1916 года на адзначанай пазіцыі пачынаецца падрыхтоўка да міннай і контрміннай барацьбы, з абодвух бакоў пагорка пракладваюцца мінныя галерэі. Напачатку 1917 года рускае камандаванне спланавала каля Тэнчына правядзенне дэманстрацыйнага захопу нямецкай перадавой з адначасовым падрывам небяспечных мінных галерэй саперніка.

3 (16) студзеня 1917 года група з 28 разведчыкаў пад кіраўніцтвам падпаручніка М. Тамашэвіча, два ўзводы 10-й роты 13-га Лейб-Эрыванскага палка пад начальствам паручніка С. Афанасьева, удала атакуюць нямецкія пазіцыі і захопліваюць іх перадавую лінію. Услед за імі сапёры 2 Каўказкага сапёрнага батальёна пад камандай паручніка В. Кацельнікава закладваюць па 50 кілаграмаў пераксіліна ў кожную з трох выяўленых мінных галерэй ворага і ўзрываюць іх. Нямецкія падземныя хады былі накіраваны ў той бок, дзе знаходзілася руская слыхавая галерэя, якая ішла з Тэнчына. У нямецкіх галерэях у час атакі ішла праца, там знаходзіліся афіцэры і да 20 ніжніх чыноў. Усе яны, верагодна, загінулі.

У пасляваенны час маёнтак пакрысе адраджаецца, адбудоўваецца сядзібны дом, гаспадарчыя будынкі, жыллё для работнікаў. Гаспадарку ўзнаўляе сын Л. Ваўчацкага Леанард. Сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах звесткі, што ён таксама меў імя Леон. У 1928 годзе Леону Ваўчацкаму належалі 560 гектараў зямлі, і таму ён лічыўся адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў нашага краю. Па перапісу 1930 года ў маёнтку пражывала 31 асоба.

Доўгі час мне не шэнціла знайсці якія-небудзь звесткі пра гісторыю паселішча ў гады Другой сусветнай вайны і пасляваенны перыяд. Нала дзіўшы вандроўку для збору звестак у гэтую мясціну, сустрэўся з мясцовым краязнаўцам Валерыем Залескім, які ўзгадаў малавядомыя каштоўныя факты з гісторыі маёнтка, дапамог зарыентавацца ў яго месцазнаходжанні на мясцовасці. Праз гэтага ўлюблёнага ў сваю спадчыну чалавека адбылося знаёмства з былым настаўнікам Суцькаўскай школы Васілём Макаравічам Тамашэўскім, 1932 года нараджэння, жывым сведкам далёкіх падзей. Сапраўднай прыемнай нечаканасцю для мяне стала магчымасць атрымаць звесткі ад таго, хто на свае вочы бачыў рэаліі таго часу і ведаў тых людзей. З успамінаў нашага суразмоўцы стала вядома, што Л. Ваўчацкі і яго дочкі Таміра, Юлія, Марыя і сын Андрэй жылі ў сядзібе часова, усёй гаспадаркай загадваў эканом. Мясцовыя людзі ўзгадвалі пана Ваўчацкага добрым словам і адносіліся да гаспадара з павагай. Ён дапамагаў у складаных абставінах мясцовым жыхарам, пазычаў неабходнае, дазваляў пасвіць жывёлу сялянам на сваіх землях, з адпрацоўкай гэтага ў іншы час.

 Вялікі сядзібны дом з запамінальным ганкам быў крыты дранкай, знаходзіўся побач з дарогай Смаргонь – Крэва. Недалёка ад сядзібы быў вялікі яблыневы сад. У гаспадарцы ўтрымлівалася каля 70 кароў, сена для іх захоўвалася ў стажках з покрыўкай.

У верасні 1939 года Ваўчацкія пакінулі Тэнчына, а іх маёмасць была падзелена паміж беднымі сялянамі навакольных вёсак. Пасля прыходу немцаў летам 1941 года сюды вяртаецца Л. Ваўчацкі, але адзін, без дзяцей і не як гаспадар. На базе маёнтка ўтвараецца невялікая гаспадарчая ўстанова, накшталт саўгаса, якая падпарадкоўваецца нямецкім акупацыйным уладам. Адміністратарам гаспадаркі прызначаецца аўстрыец. Між іншым, аналагічныя ўстановы дзейнічалі ў Залескай сядзібе Жаброўскай, Татарскім Паніззі Аганоўскага, Рускім Сяле Межаеўскага, іншых маёнтках і маёнтачках рэгіёна. Узгаданы факт прадвызначыў далейшы лёс як гаспадара Тэнчына, так і яго маёмасці.

У адзін з восеньскіх дзён 1942 года, на ранку, стары пан Ваўчацкі быў выведзены ўзброенымі людзьмі на ганак свайго дому і застрэлены, сядзіба спалена, разам згарэла ўся жывёла, якая знаходзілася ў кароўніку. Прыкладна ў гэтыя дні быў спалены маёнтак у Рускім Сяле і застрэлены гаспадар Міжаеўскі, на наступны год не стала Паніззя Аганоўскага, а пазней згарэлі Тупальшчына Бакшанскага, Данюшава Керсноўскай, Кушляны Шафнагеля…

У пасляваенныя гады пабудовы Тэнчынскага маёнтка, якія захаваліся, выкарыстоўваліся ў гаспадарчай дзейнасці, нават была пабудавана воданапорная вежа, якая сёння з’яўляецца апошнім арыенцірам месцазнаходжання былога паселішча (на фота). Але жыццё паступова пачало згасаць, будынкі разбураліся і іх знеслі. Як населены пункт хутар Тэнчына перастаў існаваць у 1971 годзе.

Сёння толькі зарослы дрэвамі і хмызняком прыдарожны ручай прытуліў паўразбураную грэблю з невялікім шлюзам, былой уяздной дарогі да маёнтка, адзіны напамінак пра мясціну з векавой гісторыяй. Упэўнены, што сюды на новыя і ўтульныя радзінныя гнёзды вернуцца буслы, якія былі адметнасцю сядзібы Ваўчацкіх, бо тут застаецца і жыве памяць пра папярэднікаў.

Уладзімір ПРЫХАЧ.