Школа - калыска пакаленняў

 

Школа - калыска пакаленняў

Общество
15.11.2020
729

Родная школа - гэтыя словы нікога не могуць пакінуць абыякавым. Для адных - гэта месца атрымання ведаў, для другіх - іх дзяцінства і гады сталення, для трэціх – месца працы, другі дом, іх жыццё і лёс. У нашай краіне сотні школ, і ў кожнай - свая непаўторная гісторыя, свой асаблівы твар. Які ж лёс нашай школы? Колькі дзіцячых галасоў памятаюць сцены роднай школы? Хто ў ёй вучыўся і працаваў? Якімі дасягненнямі, выдатнымі людзьмі, традыцыямі багатая гісторыя нашай школы?

IMG_2785.JPG


Мы працуем ў старэйшай школе горада Смаргоні - першай. Яна адчыніла свае дзверы 16 лістапада 1952 года. Згадваючы гісторыю школы, мы не можам не ўспомніць аб ветэранах педагагічнай працы, аб людзях, якія аддалі ўсё самае лепшае і светлае дзецям. Вось імёны некаторых педагогаў мінулых гадоў.

Першым дырэктарам школы, які сустракаў вучняў і настаўнікаў у лістападзе 1952 года, быў Раман Калістратавіч Рамановіч, былы франтавік. Пасля вайны Раман Калістратавіч закончыў гісторыка-філалагічны факультэт МДПІ імя Максі-ма Горкага, стаў настаўнікам гісторыі, рускай мовы і літаратуры. Пад яго кіраўніцтвам адбывалася і завяршэнне будаўнічых работ у нашай школе. За два з лішнім гады рабочыя ўзвялі двухпавярховыя сцены, дах, 36 печак, якія абаграваліся брыкетам і торфам. Электраэнергіі адразу не было, пакоі асвятляліся керасінавымі лямпамі. Пазней у двары школы ўзвялі невялікую падстанцыю, і ў школе загарэліся “лямпачкі Ільіча”. Школа была накрыта бляхай, потым два разы перакрывалася шыферам. У першыя гады ў школе не было спартыўнай залы, вучэбных майстэрняў, спартыўнай пляцоўкі, сталовай і бібліятэкі. У класах стаялі драўляныя парты чорнага колеру. Падлога не была пафарбаванай.

У школе працавалі настаўнікі-франтавікі. Сярод іх – Васіль Рыгоравіч Навумаў, Аляксандр Мітрафанавіч Ватаеў, Міхаіл Лук’янавіч Далбешкін, Людміла Рыгораўна Габовіч, Ніна Сяргееўна Максіменка, Генадзь Захаравіч Сідаровіч, Яўген Максімавіч Яцэвіч і Мікалай Сцяпанавіч Грышко. Гонарам школы з’яўляюцца ветэраны працы. Сярод іх два маюць званне “Ганаровы настаўнік Рэспублікі Беларусь”: Станіслаў Пятровіч Мінкевіч – былы дырэктар школы, настаўнік біялогіі, і Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны - настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кандыдат педагагічных навук. Вялікія пераўтварэнні адбыліся ў нашай школе, калі на пасадзе дырэктара на працягу 31 года быў Станіслаў Пятровіч. Пад яго кіраўніцтвам было праведзена цэнтральнае паравое ацяпленне, дабудавана спартыўная зала, бібліятэка, вучэбныя майстэрні, інтэрнат (цяперашні будынак пачатковай школы), спартыўная пляцоўка. У школе была заменена мэбля. Тры настаўнікі маюць званне «Выдатнік адукацыі». Гэта - настаўніца геаграфіі Таццяна Арсеньеўна Жыгалоўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Аляксандраўна Царык, настаўніца пачатковых класаў Рэма Сяргееўна Броўка.

Мы ганарымся і былымі выпускнікамі, якія сталі вучонымі, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі і выкладаюць у ВНУ Беларусі і Расіі. Сярод іх кандыдат філасофскіх навук Пётр Іванавіч Александровіч, доктар медыцынскіх навук, прафесар Леанід Уладзіміравіч Мрочка, кандыдат філасофскіх навук Франц Францавіч Андруковіч, кандыдат гістарычных навук Ірына Аляксандраўна Чарнякова, кандыдат педагагічных навук Вольга Васільеўна Галота, кандыдат гістарычных навук Людміла Рыгораўна Залеская, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Мікалаевіч Гопцый, кандыдат біялагічных навук Ала Багданаўна Жабінская. Хочацца адзначыць і выдатнага выпускніка нашай школы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі ЛКСМБ, вядомага ў Рэспубліцы Беларусь скульптараграфіка Уладзіміра Васільевіча Церабуна. Доўгі час працаваў у нас настаўнікам музыкі і спеваў Аляксандр Палікарпавіч Лях – лаўрэат і пераможца шматлікіх конкурсаў і фестываляў, кампазітар, хормайстр народнага ансамбля песні і танца імя М. К. Агінскага. Менавіта пад яго кіраўніцтвам школьны хор настаўнікаў і вучняў займаў першыя месцы ў конкурсах мастацкай самадзейнасці раёна. Ён з’яўляецца аўтарам музыкі гімна школы. Далёка за межамі раёна і вобласці была вядома дзейнасць старэйшай піянерскай арганізацыі пад кіраўніцтвам Ліліі Міхайлаўны Старавойтавай. Навучэнцам нашай школы пашчасціла ў ліку першых адпачываць у міжнародным дзіцячым лагеры “Артэк”. Вучні нашай школы былі і застаюцца сёння пераможцамі спартыўных спаборніцтваў у раёне і вобласці. Мы ганарымся чэмпіёнамі Еўропы па дзюдо і самба Аляксандрам Вахавяком і Аляксандрам Марудавым, а таксама ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў у Афінах Аляксандрам Апансёнкам. Гонарам школы з’яўляецца Лілія Уладзіміраўна Трохалева – самадзейная мастачка, карціны якой выстаўляліся далёка за межамі Беларусі. Працавала Лілія Уладзіміраўна сакратаром школы і была кіраўніком мастацкага гуртка.

4 мая 2005 года ў нашай школе адчыніў дзверы музейны пакой “Наш гонар”, ініцыятарам адкрыцця якога з’яўляўся тагачасны дырэктар школы Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі, а загадчыкам - настаўнік гісторыі Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны. Сучасны будынак найстарэйшай школы горада сёння цяжка пазнаць. З 2015 года мы вучымся і працуем у сучаснай камфартабельнай школе, падобнай на карабель, які вядзе нас да ведаў. І гэта дзякуючы Але Анатольеўне Коваль, якая працягвала навейшую гісторыю старэйшай школы горада. Дырэктара новага, 21 стагоддзя, з сучасным творчым падыходам да вучэбна-выхаваўчага працэсу Ала Анатольеўна пры падтрымцы мясцовай улады правяла мадэрнізацыю школы, якая не кожнаму пад сілу, бо былі бяссоныя ночы, напружаныя дні.

У 2019 годзе школа прывітала новага дырэктара –Святлану Анатольеўну Шчасную, якая сёння займае пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта. Цяпер у школе ёсць усё неабходнае для правядзення якасных урокаў, выхавання падрастаючага пакалення. Узначальваюць вучэбна-метадычны працэс дырэктар Аксана Анатольеўна Дунай, намеснікі дырэктара С. М. Карэнка, Л. А. Маркевіч, В. С. Аўгусціновіч. Пад кіраўніцтвам вопытнай адміністрацыі сёння ў школе працуе зладжаны калектыў аднадумцаў.

Шмат падзей адбылося з дня заснавання школы! Штосьці забылася, але многае засталося ў памяці і стала гісторыяй. Застаюцца ў памяці і людзі, якія стваралі і ствараюць гэтую гісторыю. Шчодрыя і спагадлівыя іх сэрцы. Праз гісторыю школы мы непасрэдна датыкаемся да мінулага, вучымся разумець яго.

Марына КУЗЬМІЧ,

Марына ГРЫНЧУК,

настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ №1.