Доктар медыцыны Эдвард Жаброўскі

 

Доктар медыцыны Эдвард Жаброўскі

Общество
08.11.2020
1363

У 1935 годзе ў Залессі адбыўся з’езд польскіх медыкаў. Гэта значная падзея прыцягнула ўвагу грамадскасці да асобы Міхала Клеафаса Агінскага і той мясціны, якая натхняла славутага кампазітара на творчасць. Разам з тым мерапрыемства было прысвечана памяці прафесара медыцыны Варшаўскага ўніверсітэта Эдварда Жаброўскага. За некалькі гадоў да сваёй смерці, у 1930 годзе, яму па спадчыне перайшоў бацькоўскі фальварак Бярвенцы з пустошай Бартэлі ў Ашмянскім павеце, якія разам складалі амаль 83 гектары зямлі. Гэтая маёмасць пазней стала тым капіталам, з дапамогай якога сям’я набыла маёмасць Агінскага.

1.png


Нагадаю некаторыя старонкі біяграфіі вядомага ў медыцынскім асяроддзі доктара медыцыны міжваеннага перыяду мінулага стагоддзя, былога ардзінарнага прафесара дыягностыкі і агульнай тэрапіі ўнутраных хвароб і кіраўніка Першай клінікі Варшаўскага ўніверсітэта, кіраўніка аддзела афіцэрскай Санітарнай школы ў Варшаве, старшыні Таварыства інтэрнаў Польшчы, сябра многіх навуковых, краёвых і замежных таварыстваў Эдварда Жаброўскага.

Месцам нараджэння вядомага лекара, вучонага і педагога стаў фальварак Бярвенцы Ашмянскага павета Віленскай зямлі. Хлопчык з’явіўся на свет 18 мая 1873 года ў сям’і надворнага саветніка, былога бухгалтара ашмянска казначэйства Адама-Пятра Жаброўскага і маці з дому Славінскіх. Знаходзіўся былы радзінны куток Эдварда ў паўночным канцы аднайменнай вёскі, недалёка ад Ашмянаў. У 1891 годзе Эдвард Жаброўскі скончыў на “выдатна” Першую Віленскую гімназію, а ў 1896 годзе Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Пецярбургу з “выключнай пахвалой”. Пасля гэтага пэўны час працаваў у пецярбургскай клініцы Сяргея Боткіна. У маі 1902 года абараніў дысертацыю на тэму “Лячэнне сухотаў эксперыментальным шляхам” і атрымаў ступень доктара медыцыны. 28 сакавіка 1907 года стаў працаваць дацэнтам клінікі ўнутраных хвароб пры медыцынскім аддзеле Кіеўскага ўніверсітэта. З 1907 па 1913 гады выкладаў для студэнтаў універсітэта прадмет “Хваробы лёгкіх”. Цікавыя і пазнавальныя лекцыі прыцягвалі шматлікіх слухачоў (студэнтаў, дактароў). Вольныя хвіліны прафесар Жаброўскі праводзіў у медыцынскіх лабараторыях, а таксама ў Інстытуце агульнай паталогіі. Восенню 1910 года вывучаў аперацыйную тэхніку ў фармалагічнай лабараторыі Львоўскага ўніверсітэта. У Кіеве працаваў у польскім Таварыстве медыкаў, чытаў даклады і прымаў актыўны ўдзел у дыскусіях.

Дзякуючы ўплыву прафесара А. Вагнера ў ліпені 1913 года Эдварда Жаброўскага прызначылі міністрам публічнай Асветы на кафедру паталогіі і тэрапіі ўнутраных хвароб Харкаўскага ўніверсітэта, а ў чэрвені 1914 года абралі дырэктарам клінікі тэрапеўтычнага факультэта ўніверсітэта. Каб паглыбіць свае веды, летам 1914 года ён працаваў у Берліне ў біяхімічным Інстытуце над мікрахіміяй крыві. У час Першай сусветнай вайны Харкаўская клініка Эдварда Жаброўскага запрашала да супрацоўніцтва новых медыкаў, заўсёды была напоўнена таленавітымі студэнтамі.

З лютага 1920 года ўладкаваўся на работу ў якасці малодшага ардынатара ў Макатоўскім шпіталі, а ў красавіку яго прызначылі сябрам Вайсковай санітарнай рады. Пасля стварэння афіцэрскай Санітарнай школы ён стаў кіраўніком унутранага аддзела Уяздоўскага шпіталю, выкладаў санітарным падхарунжым медыцынскія курсы, кіраваў практыкай, працаваў у клініцы.

Пасля даследавання вартасці гаючых друскенікскіх вод прафесар Жаброўскі ад першага года аднаўлення курорта і да самай смерці быў звязаны з Друскенікамі як ардынуючы доктар.

Увесь час апякаў і клапаціўся пра здраўніцу, актыўна ўдзельнічаў у рабоце Таварыства лекараў курорта, у пасяджэннях яго праўлення.

Пасля прадстаўлення сваіх новых навуковых прац у маі 1927 года яго абралі на медыцынскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта дацэнтам кафедры унутраных хвароб з дазволам на пробнае выкладанне, а з чэрвеня Эдвард Жаброўскі стаў прафесарам і кіраўніком Першай клінікі Варшаўскага ўніверсітэта. Арганізацыйны талент прафесар праявіў у час надбудовы другога паверха над галоўным гмахам шпіталя Святога Духа ў Варшаве. У новазбудаванай частцы клінікі адкрылі лекцыйную залу на 200 слухачоў, 2 кабінеты і 7 аперацыйных залаў, а мінулыя працоўныя кабінеты і лекцыйная зала былі пераабсталяваны пад пакоі для хворых.

Каб паглыбіць навуковую працу ў клініцы, ён уводзіць навукова-медыцынскія пасяджэнні, стварае статут клінікі, распрацоўвае новы ўзор гісторыі хвароб, пасылае на стажыроўку асістэнтаў у нямецкія, французкія і англійскія клінікі. Лекцыі самога прафесара вылучаюцца дакладнасцю, у іх выкарыстоўваюцца новыя дадзеныя з замежных крыніц, прачытвае іх Эдвард Жаброўскі з вялікім запалам, простай і зразумелай мовай, выкарыстоўваючы трапныя параўнанні. На з’ездзе прыродазнаўцаў і лекараў у Вільні яго абралі старшынёй польскага Таварыства інтэрнаў (стажораў, якія праходзяць практыку).

Напрыканцы мая 1930 года ён захварэў на цяжкі грып, а праз месяц памёр. Жалобнае набажэнства за душу Эдварда Жаброўскага адбылося праз два дні ў касцёле Святога Крыжа. Пасля прайшло развітанне з памерлым перад галоўным гмахам Варшаўскага ўніверсітэта і пахаванне на Паважкаўскіх могілках.

Эдвард Жаброўскі пакінуў пасля сябе вялікую колькасць паслядоўнікаў і багатую навуковую спадчыну (46 арыгінальных прац, тэмы для многіх з якіх былі ўзяты ім з практыкі). Прафесара паважала вялікая колькасць дактароў. Каб атрымаць прафесійныя парады доктара, шматлікія хворыя прыязджалі ў Варшаву з усёй Польшчы. За заслугі перад войскам палкоўнік Жаброўскі быў адзначаны афіцэрскім Крыжам ордэна Адраджэння Польшчы, а французская рэспубліка надала яму афіцэрскую Пальму Народнай Асветы.

Уладзімір ПРЫХАЧ.