Некалькі ўрокаў крэўскай гаворкі

 

Некалькі ўрокаў крэўскай гаворкі

Общество
08.11.2020
10849


Урок чацвёрты: па-за межамі літаратурнай мовы

У асобную групу дыялектных слоў крэўскай гаворкі я вылучыў бы тыя, што ўтвораны нібыта па агульных правілах, агульнавядомымі сродкамі і быццам бы з’яўляюцца зразумелымі без тлумачэння. Тым не менш, ім чамусьці не знайшлося месца ў слоўніках з агульнаўжывальнай лексікай. Вось і трапілі яны ў разрад дыялектных. Прыводжу прыклады некаторых з іх.

Такім чынам, “адымачка”– гэта ануча для тэхнічных патрэб пры рабоце гаспадыні ля печы: прыхапіць гарачы ці брудны “саган” (чыгун), падцерці разлітую ваду і г. д.; “адмалець” – здзяцінець; “адумысьля” – наўмысна; “акіраваць” – павярнуць назад скаціну, людзей ці тэхніку; “выправіны” – застолле з выпадку праводзін хлопца ў войска; “адпаска” – чарга па наглядзе за каровамі ў час пашы і сам статак ад пэўнай колькасці гаспадарак (сінонім – “радоўка”); “запаска” – першы дзень выгану кароў на пашу з “замочкай” гэтай падзеі гаспадарамі; “бульбоўнік” – бульбяное лісце і сцёблы; “вадзіцца” – зваднічаць, сварыцца; “дзыбаўка” – зыбкае балота; “дзярвяны” – драўляны; “жужла” – жук, насякомае; “жывушчы” – які доўга жыве, не гіне ў неспрыяльных умовах; “замкнёны” або “замкняны” - замкнуты; “зьвесьця” - звестка, паведамленне (“пра яго ніякага зьвесьця”); “завідушчы” – зайздросны; “зьлюбіцца” з к-н – пакахаць к-н; “зязюлясты” (пра афарбоўку пер’я курэй) – шэры, як зязюля; “зяпаўка” – пашча, рот; “вароністы” або “разявясты”– няўважлівы; “калаваты” – цвёрды, неэластычны; “кахлянка” – печка з кафлі; “кубарак”, “кубарка” - кубак, слоік, бляшанка; “куросальнік” – курасадня; “курчанё” – кураня; “лезьва” – лязо; “лукаваты” – звілісты; “ляпянка” – дом-мазанка; “нядойшлы” [“нядэйшлы”] – хілы, хваравіты; “уцалку” – цалкам; “падрашчак, падрашчуковы” – падлетак, падлеткавы; “паскрэбак” – апошняе дзіця ў сям’і; “сьлізгата” – галалёд; “сьмешкі, сьмешачкі” – жарты; “сыйсьціся” – пабрацца шлюбам; “сялетка” – пра нешта сёлетняе, цякучага года (“бульба-сялетка”); “урабіць” – упэцкаць; “абмірака” – той, хто “абмірае”, траціць прытомнасць; “насатка” – насавая хустачка; “плаксэта” – плаксуха; “прорубка”  – лунка ў лёдзе; “разбасячыцца” – апусціцца, растраціць маёмасць;  “фамільят” – сваяк, “цюпаўка” – невыразная рэдкая страва; “нядобрыцца” - безасабовы дзеяслоў, які ўжываецца пры дрэнным самаадчуванні: “Нешта мне нядобрыцца.”

Зёлкавая расліна зверабой у нас называецца “сьвяньціянкай” або “сьвяньціянскім зеллям”, бо нарыхтоўваць яе належыць якраз у дзень святога Яна Крысціцеля.

Мясцовая назва падбярозавіка – “чышчавік”. На суніцы ў нас кажуць “паземкі”. На куст шыпшыны – “чупчыньнік”, а на яго плады – “чупчына”. Вяргіня ў нас – “юргіня”, чорныя парэчкі – “смуродзіна”.

Сваімі назвамі абзавяліся ў нашых краях і некаторыя рыбы, якія да стварэння вадасховішча насялялі рэчку Крыўлянку. “Сьліжом” тут называлі гальца, “гарквушкай” ці “гарквой” – гальяна звычайнага.

“Кіхой” у нас называлі веласіпедную ці аўтамабільную камеру, якую праз “сюсюк” (клапан) напампоўваюць “духам” (паветрам). Як бачым, нават тэхнічныя тэрміны падладжваюцца часам пад мясцовую гаворку.

Слова “калатун” (холад) пайшло, найверагодней, ад сіноніма дзеяслова дрыжаць – калаціцца (сапраўды, ад холаду чалавека можа калаціць). Адсюль жа, відаць, паходзяць і словы “калытаць, калытацца” (хістаць, хістацца), а таксама “калбатаць” [“калбаціць”] (змешваць, перамешваць), “калбатуха” (мешаніна, у аснове якой – вадкасць): “Раскалбаці варэньня ў вадзе і дай папіць гэтай калбатухі”.

Магчыма, што толькі ў нашай мясцовасці ўжываюцца словы “яляга” і “шыльнік”. Першае абазначае дробна сечаныя яловыя галінкі, другое – апалую сухую ігліцу хваёвых дрэў. Гэтыя матэрыялы, нараўне з саломай, пілавіннем і апалым лісцем, выкарыстоўваліся ў якасці падсцілкі ў хлявах.

Слова “халера”, калі яно ўжываецца ў пераносным значэнні, абазначаючы не хваробу, а нешта невядомае, нечаканае, нявызначанае, мае ў нас наступныя формы - “халерыя”, “халярына”: “А халерыя [халярына] яго ведае!”, “Што за халерыя?”

У літаратурнай мове існуе дзеяслоў “бадзяцца”. Назоўнік, утвораны ад яго, – “бадзянне”. У нас жа замест яго ўжываецца мясцовае слова “бадзякі”, якое мае крыху вузейшы сэнс: “пайсьці на бадзякі” значыць “выйсці на шпацыр, правесці вольны час з сябрамі”.

Замест дзеяслова “натапырыць” у нас могуць сказаць “нататурыць”. Існуе нават фразеалагізм “хвост нататурыць”, што значыць “настроіць сябе рашуча на які-небудзь учынак”.

Словы “задроціць”, “задрочаны”, здаецца, таксама нідзе, акрамя нашай мясцовасці, не ўжываюцца. “Задроціць сьвіню” – значыць зрабіць ёй на лычы своеасаблівы “пірсінг” з дроту, які будзе перашкаджаць рыць ямы ў “гулце”.

А што такое “гулта” – пра гэта і пра многае іншае вы даведаецеся ў тэксце пад назвай “Пазычаныя назаўжды”, дзе гаворка пойдзе пра запазычванні з іншых моў і дыялектаў.