У пошуках скарбаў

 

У пошуках скарбаў

Общество
05.11.2020
529
Вельмі хутка “ляціць” час. Здаецца, зусім нядаўна пачаўся новы навучальны год, а ўжо закончылася І чвэрць. Каб цікава і з карысцю прайшлі восеньскія канікулы, 3 лістапада вучні сярэдніх класаў Сыраваткінскага ясляў-сада-базавай школы накіраваліся ў музейны комплекс “Дукорскі маёнтак”, дзе для дзяцей была арганізавана цікавая экскурсійна-гульнявая праграма “Таямніца панскіх скарбаў”.

image-0-02-05-e0fde5f088dffbc16a7e11e4959c511fd0af53ac051f641f79a7161aa6a36a66-V.jpg


На ўваходзе ў маёнтак нас сустрэў прыветлівы экскурсавод Уладзімір у прыгожай шляхецкай вопратцы, і мы адразу ж акунуліся ў далёкую эпоху XVIII стагоддзя. Уладзімір зацікавіў вучняў, паведаміўшы, што гаспадар маёнтка, Леон Оштарп, быў вельмі багаты і заставіў пасля сябе скарбы. Але каб іх адшукаць, неабходна здабыць падказкі, рашаючы разнастайныя задачы і праходзячы розныя іспыты. Дзеці з хваляваннем згадзіліся прыняць удзел у пошуках скарбаў.

На пачатку мы даведаліся, што ў Оштарпаў быў свой уласны конезавод (будынак стайні ёсць і зараз) і нават цырк. І дзеці, і дарослыя атрымалі вялікае задавальненне, калі нам прапанавалі пакатацца на брычцы! Затым мы наведалі музей, у якім пабачылі макет маёнтка і змаглі ўявіць, якім ён быў у XVIII стагоддзі. Даведаліся, што ў розныя перыяды гісторыі сядзібай валодалі не толькі Оштарпы, але і Сапегі, і Завішы, і нават Казімір Агінскі. Мы ўбачылі вопратку, якую насіла местачковая знаць у эпоху Рэнесанса, розную вогнестрэльную зброю, шаблі, мячы, даспехі, музычныя інструменты і прадметы быту далёкай даўніны. У поўнай меры адчулі атмасферу багацтва і раскошы, у якой жылі беларускія арыстакраты. Тут жа вучні, слухаючы цікавы аповед паненкі Ірыны, знаходзілі схаваныя падказкі і разгадвалі крыжаванку. А каб даведацца, якім будзе наступнае выпрабаванне, неабходна было прачытаць “зашыфраваную” падказку. І вось мы трапляем ў падрыхтоўчы ваярскі лагер, дзе вучні спрабуюць свае сілы ў кіданні невялікай дзіды (суліцы). Сапраўднымі ваярамі хацелася стаць не толькі хлопчыкам, але і дзяўчынкам, і нават дарослым.

20201103_124248.jpg


Справіўшыся з выпрабаваннем і атрымаўшы добры зарад бадзёрасці, мы рушылі за Уладзімірам у цудоўны свет рамяства і наведалі чатыры майстэрні. У кузні вучні даведаліся пра нялёгкую працу каваля і на свае вочы ўбачылі, як з простага жалезнага прута можна зрабіць прыгожыя прадметы. Напрыклад, выкаваць падкову альбо прыгожую жалезную кветку. У ганчарнай майстэрні  дзеці, прыціхшы, назіралі, як майстар за некалькі хвілін вырабіў цудоўную вазу з гліны!

 У наступнай майстэрні мы даведаліся аб сакрэтах ткацтва. А колькі тут было розных лялек з тканіны! Гэта і падарожніцы, і дамавікі, і вяснянкі, і сарока з дзеткамі, і казачная Баба Яга з мятлой, якой вымятае з дому ўсё благое…

У майстэрні васковых свечак уразіла колькасць і разнастайнасць вырабаў і прыемны пах натуральнага мёду. Для нас быў праведзены майстар-клас па вырабу свечак з палосак вашчыны і іх упрыгожванні.

20201103_121222.jpg


У кожнай майстэрні, акрамя цікавага аповеду майстроў аб сваёй працы, вучням неабходна было адказваць на розныя пытанні, каб атрымаць частку карты з указаннем, дзе схаваны скарб.

Нарэшце, усе выпрабаванні былі пройдзены і карта складзена поўнасцю. Заставалася толькі адшукаць сцяжынку, якая прывядзе да млына. Кожнаму хацелася першаму знайсці і дакрануцца да скрыні са скарбам. І вось яна, перамога: скарб адшуканы!

 Кожны ўдзельнік атрымаў на памяць частачку скарбу. Але галоўны скарб – гэта  веды, якія дзеці набылі ў час гульнявой праграмы.

Развітаўшыся з гасціным Уладзімірам, мы ужо самастойна наведалі яшчэ адно адметнае месца Дукорскага маёнтку – “перавернуты дом”. Гэта адзіны падобны будынак у Беларусі. Яго наведванне пакінула своеасаблівыя ўражанні і ў дзяцей, і ў дарослых. Мы таксама змаглі паглядзець на  жывёл у заасадзе, загадаць жаданне каля 400-гадовага дуба і набыць сабе розныя сувеніры.

20201103_104048.jpg


Стомленыя, але ў добрым гуморы, ужо прыцемкам мы вярталіся дамоў. І кожны з нас лічыў сябе сапраўдным шукальнікам прыгод і скарбаў.

Людміла Раманоўская, 

настаўніца рускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны

комплекс Сыраваткінскі яслі-сад-базавая школа”.