Пра кнігі і кніжнікаў

 

Пра кнігі і кніжнікаў

Общество
01.11.2020
3560
Факт, што акрамя прафесійнага свята - Дня бібліятэк, у кастрычніку адзначаецца яшчэ і Міжнародны дзень школьных бібліятэк, падштурхнуў мяне да думкі, а чаму няма Дня прыватных бібліятэк? Нягледзячы на сённяшнія тэндэнцыі ўкаранення лічбавых тэхналогій у выдавецкую дзейнасць, яшчэ застаецца даволі шмат уладальнікаў прыватных бібліятэк з унікальнымі выданнямі, якія не знойдзеш на абсягах сусветнай павуціны. Пераканацца ў гэтым змаглі ўдзельнікі літаратурнага марафону на Фэйсбуку, абвешчанага намеснікам рэдактара часопіса “Полымя” Бажэнай Ганушкінай. На працягу дзесяці дзён трэба бало пісаць водгукі на сваю любімую кнігу.

Для мяне кніга – не толькі літаратурны твор, а яшчэ сябар, дарадчык, імгненні жыцця з прыемнымі ўспамінамі. Атрымаўшы запрашэнне ад Бажэны, я з вялікім задавальненнем штодзень апавядала пра кнігі са сваёй прыватнай бібліятэкі, якія закранулі маю душу. А сёння хачу падзяліцца з чытачамі водгукамі пра некаторыя з іх. Магчыма, нехта зацікавіцца і захоча прачытаць.

А пачну з кнігі Мар’яна Дуксы “Птушка вечнасці душа”. На верш з аднайменнай назвай я некалі, гадоў 10 таму, напісала песню. Яе выконваю толькі я сама, але мае не прафесійнае выкананне і самадзейная музыка не псуюць верш, бо раўнадушных вачэй не бачыла ні разу. А ў Варшаве падчас Сусветных дзён паэзіі пані за гэту песню мяне расцалавалі. Пахвалілася, а цяпер вяртаюся да кнігі. Ці не палова вершаў з яе гарманічна кладзецца на музыку. Таму я так люблю перачытваць менавіта гэты зборнік Маряна. Яго паэзія, як медытацыя, як бальзам для душы. Нездарма за кнігу Птушка вечнасці душа аўтар атрымаў Нацыянальную прэмію Рэспублікі Беларусь.

Працягваю кніжны марафон. Дзень другі. Другая любімая кніга – Хрыстос прызямліўся ў Гародні Уладзіміра Караткевіча. Чытала гэты раман у не самы лепшы перыяд свайго жыцця - у 90-я: час разбурэння, страты ілюзій, час, калі ірваліся да ўлады і жук, і жаба. Я хавалася ад рэалій жыцця ў гістарычным далёка, захопленая інтрыгай, атрымлівала асалоду ад рамантычнага кахання галоўных герояў і бачыла выразныя паралелі паміж рэальнымі і выдуманымі падзеямі. А галоўнае - Караткевіч падказаў мне выйсце! Фінал рамана вельмі канкрэтна прапаноўваў крок да нармальнага жыцця. І я зрабіла гэты крок. Я адшукала свой хутар на перыферыі. І жыццё набыло сэнс і змест.

Трэцяя любімая кніга “Уладары Вялікага княства” Вітаўта Чаропкі. Успрымаю і сёння гэты твор як энцыклапедыю, якую не проста чытаеш, а куды рэгулярна заглядываеш, дзе шукаеш адказы на пытанні, адкуль чэрпаеш, як з бяздоннай студні, веды, факты, гістарычныя аргументы. І кожны раз пераконваешся ў тым, што ты жывеш у краіне з багатай духоўнай, культурнай, гістарычнай спадчынай, што наша нацыянальная ідэя даўно саспела, дзякуючы такім дзеячам, як Сапегі, Радзівілы, Канстанцін Астрожскі ды іншыя. Галоўнае - бараніць сваё: зямлю, мову, культуру.

“Птушыны грай” Міколы Федзюковіча стаў некалі для мяне падручнікам па напісанні вершаў. Гэты паэтычны зборнік мне купіла мама пасля самых першых вершаў, апублікаваных у раённай газете дзіцячых вершаў і сказала: “Вось чытай і вучыся, як трэба сапраўдныя вершы пісаць!” І я вучылася. Але больш проста атрымлівала асалоду ад сакавітай мовы, свежых вобразаў, рамантычных узнёслых радкоў і пяшчотнай любоўнай лірыкі. Чамусьці больш ні ў аднаго паэта пазней я не адчувала такога пяшчотнага кахання і такой светлай лірыкі, як у Федзюковіча. А яшчэ ў яго вершах цудоўны букет вясновых пахаў, лясных вобразаў, сардэчных хваляванняў. Прайшло цэлае жыццё, а мне ўсё помніцца:

Дрэмле на лясной паляне ціш,

Спеюць на маіх далонях росы,

Ты насустрач паміж дрэў ляціш,

Паліто блакітнае наросхрыст...

Дзень пяты. Працягваю марафон. Да кніжных скарбаў дакрануся, нататкі майго любімага Міхася Казлоўскага - бібліяфіла, збіральніка рэдкіх выданняў, захавальніка духоўных скарбаў беларускай нацыі. Я маю амаль усе кнігі і выданні Міхася, але менавіта ў вышэйзгаданую кніжку ён уклаў найбольш сваёй душы. І хоць сцвярджае аўтар, што ніколі сам вершаў не пісаў, але гэтыя яго нататкі - ні што іншае, як паэзія ў прозе. Магчыма таму, што піша аўтар пра тое, што найбольш любіць, чаму прысвяціў усё сваё свядомае жыццё, - пра Яе Вялікасць КНІГУ і пра сваіх аднадумцаў, сапраўдных беларускіх інтэлігентаў, якія ведаюць кошт СЛОВУ і цану КНІГІ.

І тым не менш. Так называецца паэтычны зборнік яшчэ аднаго майго любімага паэта Аляксандра Быкава.

Гэты зборнік адкрываю часцей за іншыя, бо тут, акрамя лірыкі, ёсць пародыі, эпіграмы, жартаўлівыя вершы, якія падымаюць настрой. А яшчэ сведчуць пра рознабаковы талент аўтара, яго яркі гумар, трапныя жарты, глыбокія думкі.

Чарговая мая любімая кніга – Спынены лістапад Алеся Паплаўскага. Вершаваны зборнічак 1997 года. Прызнаюся, калі аўтар падарыў сваю кнігу, мне вельмі не спадабалася назва. І зборнічак доўга ляжаў на паліцы, пакуль аднойчы з нейкай нагоды я яго не раскрыла. Гэта было як адкрыццё не кнігі, а Сусвету, прычым такога падобнага на Сусвет маёй душы! У вершах адлюстраваны мае сумнівы, мае прынцыпы, расчараванні і дарэмныя рамантычныя чаканні. Некалі трапяткая душа жыла верай, надзеяй, любоўю і пякучым болем... Але гэта ўсё ў мінулым. А сёння засталіся вершы, якія я часцяком перачытваю з вялікай асалодай.

Дзень разносіў чуткі па двары,

Між дамоў, між дрэваў лапавухіх,

Быццам ранкам цёплыя вятры

Гасцявалі ў белай завірухі...”

Гэта кніга - СМАКАТА! Кніжка вершаў нашага земляка Алеся Жамойціна “Азірнуўшыся - не скамянею” - працяг багушэвічавай традыцыі, калі ва ўсёй красе і мілагучнасці гучыць беларуская мова, аздобленая водарам паўночна-заходняй гаворкі, дыялектнымі словамі і архаізмамі. Ведаючы Алеся Пятровіча шмат гадоў, цешуся тым, што ён не здрадзіў сваім прынцыпам, агучаным у першай кнізе паэзіі, захаваў вернасць мове і сваім перакананням.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.