Смаргонскі кірмаш запрашае…

 

Смаргонскі кірмаш запрашае…

Общество
28.09.2020
936

25 верасня навучэнцаў 5-х класаў сярэдняй школы №3 гасцінна  запрасіў  на вялікі кірмаш Смаргонскі краязнаўчы музей. На гэта раз мясцовы музей падрыхтаваў цудоўную інтэрактыўную выставу-экспазіцыю з элементамі тэатралізацыі “Смаргонь кірмашовая”.

Арганізатары экскурсіі паклапаціліся аб тым, каб наведвальнікі выставы-экспазіцыі  адчулі сапраўдны смаргонскі мясцовы каларыт падчас наведвання.  Шмат цікавых і пазнавальных гісторый  распавяла навучэнцам экскурсавод - гаспадыня-абараначніца. Дзеці  даведаліся пра тое, як і з чаго вырабляліся першыя абаранкі, каго называлі “павадырамі”, што такое “каляварніца” і калі ўпершыню ўзнік кірмаш на Смаргоншчыне. Зала “Шляхамі кірмашовымі” пазнаёміла з гісторыяй горада, у мінулым уладаннем князёў Зяновічаў, магнатаў Радзівілаў і графоў Пшаздзецкіх, прадметамі побыту і мясцовай гаспадаркі. Навучэнцы ўпершыню ўбачылі знакаміты цуд - выраб мясцовага жыхара Івана Карнея - ровар-кармілец. Свой агрэгат майстар называў  “рабочым веласіпедам”. Ездзіў на ім па горадзе і працаваў. На базары часта заказы выконваў, каб штосьці патачыць ці павастрыць.

Безумоўную цікавасць навучэнцаў  выклікала нечаканае з’яўленне  пачэснага госця музея – Мядзведзя. На працягу выставы кожны, хто жадаў, мог паразмаўляць з ім. Так, навучэнцы падчас гутаркі даведаліся, што ў “Мядзведжай Акадэміі” “акадэмікаў” вучылі не толькі танцам, але і грамаце. Двоечнікаў прадавалі, а выдатнікаў вазілі па свеце ды паказвалі заможным гасцям. Трымаць мядзведзяў каштавала вельмі дорага. Таму хутка было вырашана ўсіх прадаць. Але нягледзячы на гэты факт, наша Смаргонь і па сённяшні час ганарыцца сваёй “Мядзведжай Акадэміяй” – адзінай і знакамітай па ўсёй Еўропе.

Кульмінацыяй сустрэчы стала гульня з Мядзедзведзем, у якую гулялі на кірмашы. Падчас яе  навучэнцы паказалі свае здольнасці ў спрытнасці, хуткасці і ўважлівасці. Ну, і як жа без смаргонскіх абаранак. Напрыканцы сустрэчы ўсе наведвальнікі атрымалі салодкі падарунак - абаранак як напамін пра гасцінны Смаргонскі кірмаш. Па словах экскурсавода, у перспектыве  плануецца арганізаваць  майстар-класы па вырабе  абаранак з салёнага і салодкага цеста для наведвальнікаў выставы. А пакуль, мясцовыя  знакамітыя абаранкі можна пакаштаваць паўсюль, і нават у музеі. Шумна і людна было на Смаргонскім кірмашы:  скамарохі, мядзведзі, абаранкі…

IMG_20200925_145452.jpg

IMG_20200925_143813.jpg

IMG_20200925_143709.jpg

Вольга ІЛЬІНА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

СШ №3.