У каханні прызнавайцеся на мове

 

У каханні прызнавайцеся на мове

Общество
06.09.2020
2185

І што б ні рабіў,

ды зноў

у сэрцы пульсуе адзінае:

аснова

усіх асноў –

Жанчына,

Зямля,

Радзіма.

Генадзь ПАШКОЎ.

IMG_5774.JPG

Не кожная мясціна Беларусі, як наша Смаргоншчына, можа пахваліцца такой вялікай колькасцю паэтаў, празаікаў, драматургаў, мемуарыстаў. У чарговы раз гартаючы кнігу “Колькі ў небе зор” з серыі “Беларусь літаратурная”, якая была надрукавана выдавецтвам “Мастацкая літаратура” (2009 г.) да Дня пісьменства ў Смаргоні, пераконваюся, што пераважная колькасць творцаў абіралі беларускую мову. Бясспрэчна, апосталамі нацыянальнага адражэння з’яўляецца большасць з іх, ад класіка роднай літаратуры Францішка Багушэвіча і яго паслядоўніка, “хроснага бацькі Беларусі”, ксяндза Адама Лісоўскага да цэлага шэрагу самаахвярных дзеячаў культуры, сярод якіх святар Адам Станкевіч, драматург Алесь Ляжневіч, паэт Станіслаў Станкевіч, фалькларыст Адам Гурыновіч, пісьменнік Тамаш Грыб, мемуарысты Янка і Віктар Шутовічы. Іх унёсак у справу беларушчыны бясцэнны. Як і ўнёсак тых, хто і сёння абірае мову тытульнай нацыі для стасункаў, для творчасці, для прызнання ў каханні.

Так, сёння мне хочацца звярнуцца да тэмы кахання, а дакладна - да любоўнай лірыкі слыннага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча культуры РБ, таксама нашага земляка Генадзя Пашкова. Бо маю цвёрдае перакананне, што толькі праз каханне праяўляюцца найлепшыя якасці чалавека, толькі напоўненае любоўю сэрца здольна на ўзнёслыя ўчынкі, на праявы цярплівасці да іншай думкі. У каханні і любові мы сапраўдныя.

Генадзь Пятровіч Пашкоў, дзяцінства і юнацтва якога прайшлі на Войстамшчыне, неаднаразова наведваўся на сваю малую радзіму. Удзячны гэтай зямлі і яе жыхарам, часцяком прывозіў у якасці падарункаў кнігі, энцыклапедычныя выданні, іншую літаратуру, выдадзеную “Беларускай энцыклапедыяй” імя П. Броўкі, дзе ён працяглы час працаваў дырэктарам. Былі сярод падарункаў і кнігі самаго пісьменніка.

Часта, перачытваючы паэтычны зборнік Генадзя Пашкова “Тваім святлом благаславёны” (“Мастацкая літаратура” 2006 г.), прыходжу да высновы, што гэта кніжачка можа быць дапаможнікам для тых закаханых, хто хоча не банальна, а разам з тым узнёсла і душэўна распавесці пра свае пачуцці, але не знаходзіць трапных слоў. Знайсці іх дапаможа гэта кніга. У ёй, што ні верш, што ні страфа – не проста высокамастацкі ўзор паэзіі, а кранальны зварот да каханага чалавека і абяззбройваючая сваёй шчырасцю праўда жыцця:

Ёсць пяшчотныя дзве сілы,

што мацней, чым сілы грубыя.

Я – адна з іх

(калі мілы).

Ты другая

(калі любая)!

З непадробным лірызмам паэт далікатна дакранаецца да сакральна прыгожага пачуцця, даверліва спавядаючыся ў сваіх пачуццях. Прызнанні адкрытай душы з дапамогай метафар, алегорыі, іншых моўных сродкаў маляўнічасці, гучаць узнёсла-рамантычна.

А якія вобразы любай занатаваны ў паэтычных радках! Колькі ў вершах пяшчотных, яркіх, адмысловых параўнанняў каханай жанчыны! То яна ўзнікае на шляху мілай, любімай бярозкай, то зямной багіняй, то першароднай крыніцай, з якой паэт прыпадае напіцца, то нагадвае ластаўку “па-над плыткай рачною вадой”. Ёсць нават верш, які абагуліў усе ласкавыя параўнальныя словы, ствараючы ўрэшце ўжо нават не вобраз любай, а нерукатворны помнік каханню:

…цябе называў я, каханая,

…крамянай журавінкаю,

праменнаю расінкаю,

русяваю Купалінкай,

пралескай на праталінках,

самотнаю вярбінкаю,

жытнёвай васілінкаю,

асцінай каласовай,

дачкою верасовай,

медагалосай пчолкай,

квяцінай ружы колкай…

Пагадзіцеся, гаючым бальзамам на сэрца кладуцца гэтыя радкі. Духоўны свет кожнага з нас тчэцца з таго, чаму адкрыты нашы сэрцы, наш розум, наша сумленне. Любоўная лірыка Генадзя Пашкова – той чароўны ключык, які адмыкае замкнёныя дзверы.

Ала КЛЕМЯНОК.