Жнівеньскія юбіляры

 

Жнівеньскія юбіляры

Общество
15.08.2020
1408

У сакавіку споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Францішка Багушэвіча. А яго музею ў Кушлянах сёлета - 30 гадоў. У жніўні сустракае свой 65-гадовы юбілей і дырэктар музея, паэт Алесь Жамойцін. Гэта гутарка пра місію Ф. Багушэвіча і ролю музея, пра сэнс жыцця і ўдзячную памяць народа, матывацыю да творчасці і энергетыку кушлянскіх мясцін.

IMG_1850.JPG

- Сядзібе больш за сто гадоў. Мала будынкаў, якім пашчасціла выжыць у віхурах войнаў і крызісаў. Што, на Вашу думку, паспрыяла захаванню Багушэвічавай сядзібы?

- Сам Францішак Багушэвіч і яго самаахвярная дзейнасць дзеля беларускага народа. Памяць пра добрыя справы гаспадара гэтай сядзібы як пра чалавека адукаванага, пабожнага, добразычлівага перадавалася з пакалення ў пакаленне. Простыя людзі заўжды цанілі і захоўвалі ўдзячнасць таму, хто бараніў іх гонар. Да таго ж і ўспаміны пра ўдзел Багушэвіча і яго блізкіх людзей у нацыянальна-вызваленчым паўстанні падтрымліваў інтарэс да асобы паэта. Таму людзі захоўвалі і ўсё тое, што звязана з гаспадаром.

- Якія людзі, аматары даўніны, найбольш паклапаціліся пра ўратаванне Багушэвічава радавога гнязда?

- Такіх людзей вельмі шмат. Пачынаючы дзедам Ляпехам, які выпадкова аказаўся ў нашых мясцінах, і працягваючы спісам шматлікіх даследчыкаў і прыхільнікаў беларушчыны. Міхаіл Сымонавіч Ляпеха працаваў загадчыкам фермы ў Кушлянах і кватэраваў у пакойчыку пры клубе-бібліятэцы, якія тады знаходзіліся ў будынку колішняй сядзібы Багушэвічаў. Ён разумеў значэнне сядзібы для гісторыі беларускай літаратуры і наогул гісторыі Беларусі. Маючы стасункі з асяродкам навукоўцаў і творчай інтэлігенцыі з Мінска і Маладзечна, Міхаіл Сымонавіч усяляк садзейнічаў захаванню і папулярызацыі гэтых мясцін. Вялікі ўнёсак зрабіў і тагачасны старшыня калгаса Анатоль Янец, намаганнямі якога быў створаны праект рэстаўрацыі сядзібы, і ў далейшым на яе базе створаны філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Яшчэ напачатку ХХ стагоддзя па кроплі збіралі весткі, дакументы, сведчанні, успаміны пра гаспадара Кушлянаў даследчыкі беларускай даўніны Антон Луцкевіч, Адам Станкевіч, Сцяпан Александровіч. Антон Луцкевіч першым занатаваў успаміны мясцовай жанчыны Гэлі Каспяровіч, якая яшчэ дзяўчынкай атрымала ў падарунак ад Францішка Багушэвіча дзве яго кніжкі вершаў. Але паколькі зборнікі аўтар надрукаваў пад псеўданімам, то толькі праз шмат гадоў жанчына даведалася, што ёй уручыў кнігі сам аўтар. Найбольш каштоўныя весткі пра Францішка Багушэвіча знайшоў Генадзь Кісялёў, які доўгі час працаваў у архівах Вільні. Эстафету перанялі Уладзімір Содаль і Язэп Янушкевіч, чые знаходкі і публікацыі спрыялі пашырэнню інтарэса да асобы паэта і яго эпохі.

- Ці памяншаецца плынь наведвальнікаў музея з цягам часу?

- Сёлета, у сувязі з пандэміяй, наведвальнікаў значна менш. Хаця ўсё роўна да нас прыязджае яшчэ вельмі шмат шчырых беларусаў, якія цікавяцца гістарычнай спадчынай роднага краю. А наогул, штогод да нас наведваліся да трох тысяч чалавек.

- Гэты год юбілейны для Багушэвіча і для музея. Што новага з’явілася да гэтых знамянальных дат, якія “падарункі” і хто падрыхтаваў юбілярам? Якія ладзіліся мерапрыемствы, магчыма, адкрыліся новыя экспазіцыі?

- Ізноў жа, сітуацыя сёлета не вельмі спрыяльная для масавых мерапрыемстваў. Але праца цяпер накіравана на стварэнне віртуальных экскурсій, на папулярызацыю праз сацыяльныя сеткі творчасці і дзейнасці слыннага сына беларускага народа. На вялікі жаль не адбудзецца сёлета і нашага традыцыйнага свята “Кушлянскія сустрэчы”, якое перанеслі на наступны год.

- Сёння кожны аб’ект культуры імкнецца займець свой брэнд. Што з’яўляецца брэндам Кушлянаў Багушэвіча?

- Сам музей.

- Якія, на Вашу думку, экспанаты маюць найбольшую каштоўнасць?

- Тыя, што на сто працэнтаў маюць дачыненне да асобы Францішка Багушэвіча і яго родных. Напрыклад, унікальныя прадметы, перададзеныя для экспазіцыі нашага музея сваякамі па лініі роднай сястры паэта Ганны. Гэта медальёны 18 стагоддзя і рэчы, зробленыя рукамі Ганны, калі яна сядзела ў турме пасля паўстання 1863-1864 гадоў. Памятаюць дотыкі рук Францішка Багушэвіча пісьмовы стол, тры крэслы, шкатулка, некаторыя іншыя рэчы побыту гаспадара. Вялікая каштоўнасць – два першыя зборнікі, выдадзеныя беларускай выдавецкай суполкай у Санкт-Пецярбурзе “Загляне сонца і ў наша аконца”.

- Напэўна, ніхто так добра не ведае літаратурную спадчыну Мацея Бурачка, як дырэктар Кушлянскага музея? Якія вершы паэта Вам найбольш падабаюцца?

- Сам аўтар любіў і часта чытаў сваім паплечнікам:

“Ой, нашто ж мне дана тая мая мова,

як я не умею сказаць тое слова,

каб яго пачулі, каб яго пазналі

Ёсць сведчанні, як Францішак Багушэвіч чытаў яго гасцям з Украіны. Вядома, што каля 20 гадоў паэт вымушаны быў жыць за межамі Беларусі. Ва Украіне ён пазнаёміўся і пазней пасябраваў з ваенным лекарам, сын якога вучыўся ў Віленскай гімназіі. Гімназіста звалі Дзмітро Дарашэнка. Гэта ён разам са сваім бацькам наведваліся на Кушлянскую сядзібу.

- Многія наведвальнікі сядзібы знаходзяцца пад уражаннем ад навакольных краявідаў. Чым яны так зачароўваюць людзей, якую энергетыку захоўваюць у сабе?

- Геаграфічна Кушляны знаходзяцца на абсягах так званай Ашмянскай грады. Гэта горы. А горы – месцы сілы. Вяршыні гор – сімвал свабоды і нязломнасці.

- Кожная ўстанова культуры мае пэўныя планы развіцця на будучыню. Якія галоўныя кірункі ці праекты ўласцівы для музея-сядзібы Ф. Багушэвіча?

- Галоўная навуковая работа вядзецца ў цэнтральным філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Мая задача – абслугоўванне наведвальнікаў, захоўванне і папаўненне ранейшых набыткаў, папулярызацыя заслуг Францішка Багушэвіча, дзякуючы творчасці якога мы сёння маем узор чысцюткай крывіцкай, а значыць, беларускай мовы з асаблівасцямі мясцовага дыялекту. Гэта мова, не сапсаваная ні наркомаўкай, ні іншымі рэформамі, насамрэч можа лічыцца нематэрыяльным гісторыка-культурным помнікам Рэспублікі Беларусь.

- Дарагі Алесь, дзякую за гутарку. 14 жніўня ў цябе таксама юбілей. Прымі віншаванні і найлепшыя шчырыя пажаданні ад усіх, каго аб’яднаў сваёй творчасцю і запаветамі Францішак Багушэвіч. Дабрабыту, пазітыву, асабістага шчасця і няхай не зарастаюць сцяжынкі да сядзібы Мацея Бурачка!

Гутарыла Ала КЛЕМЯНОК.