Узнагароды ахоўнікам бюджэту

 

Узнагароды ахоўнікам бюджэту

Общество
18.07.2020
1137

Напрыканцы мінулага тыдня ў актавай зале Смаргонскай інспекцыі па падатках і зборах прайшоў урачысты сход, прысвечаны юбілею службы. Пра гісторыю стварэння і 30-гадовы шлях станаўлення смаргонскай інспекцыі па падатках і зборах, пашырэнне спектру электронных паслуг, прафесіяналізм і кампетэнцыю супрацоўнікаў апавядалі вядучыя ўрачыстасці - Аляксандра Васілевіч і Юрый Волк.

IMG_9426.JPG

Павіншаваў юбіляраў старшыня Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзяньчук. Сяргей Мікалаевіч прыйшоў на сход не з пустымі рукамі. Ганаровую грамату райвыканкама атрымала начальнік інспекцыі Ірына Карабінская. Падзячным пісьмом райвыканкама ўзнагароджана галоўны інспектар камеральных праверак Ірына Савіцкая.

Лепшыя супрацоўнікі і ветэраны інспекцыі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі. Начальнік упраўлення ўліку падаткаў Галіна Вайцяховіч узнагароджана Ганаровай граматай інспекцыі МПЗ па Гродзенскай вобласці, а намеснік начальніка Смаргонскай інспекцыі Таццяна Пісарэц – Падзякай начальніка абласной ІМПЗ.

IMG_9400.JPG

Ірына Карабінская, звяртаючыся да прысутных, адзначыла, што ад вынікаў работы падатковых органаў залежыць сацыяльная стабільнасць у грамадстве, дабрабыт краіны. Дзейнасць падатковай службы арыентаваная на абарону дзяржаўных інтарэсаў і адначасова садзейнічае развіццю і рэалізацыі жыццёвых мэт разнастайных катэгорый плацельшчыкаў. Прыярытэтным накірункам працы калектыву на бягучы год застаецца рэалізацыя норм Указаў і Дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваных на лібералізацыю эканомікі і стварэнне ўмоў для развіцця бізнесу і дзелавой ініцыятывы грамадзян.

У сцэнар мерапрыемства гарманічна ўпісаліся архіўныя фотаздымкі, з якіх быў зманціраваны фотарад. Прысутныя іншы раз прасілі затрымацца на асобных здымках, дзе бачылі сваіх калег – ветэранаў службы, або сябе намнога маладзейшымі. Знайшлі адлюстраванне і моманты карпаратыўнага культурнага адпачынку, удзелу ў спартыўных спаборніцтвах, аглядах мастацкай самадзейнасці.

Добрая традыцыя захоўваюцца і сёння. Так, да юбілею службы ў Гродзенскай вобласці быў арганізаваны конкурс “Падаткі вачамі дзяцей”, у якім паспяхова ўдзельнічалі і дзеці смаргонскіх работнікаў ІМПЗ.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.