Смачная гісторыя для верша

Смачная гісторыя для верша

Общество
21.06.2025
159

Паэтка Ірына МАРОЗ з маленства любіла рыфмаваць. Сваё першае чатырохрадкоўе склала ў пяцігадовым узросце. У школе нярэдка сачыненні пісала ў вершах. І свой першы ганарар атрымала за верш пра бацьку, які надрукавалі ў «Светлым шляху».

«У паэтычную творчасць я па-сапраўднаму акунулася, калі пайшла на заслужаны адпачынак, – удакладняе суразмоўца. – Мяне сталі запрашаць на імпрэзы ў Бялкоўшчынкі Дом культуры (я жыву ў суседняй Асінаўцы), дзе прасілі пачытаць вершы. Публіка  вельмі шчыра і цёпла мяне вітала.

Я вельмі люблю гісторыю нашага краю, стараюся яе вывучаць, люблю наведваць гісторыка-краязнаўчы музей. Там мне дэталёва расказалі гісторыю смаргонскіх абаранкаў. Пазней сама ў сеціве знайшла нямала цікавых звестак пра наш кулінарны брэнд.

Памятаю з дзяцінства, як мама, вяртаючыся са Смаргоні, заўсёды прывозіла вязанку абаранкаў. І гэта вязанка, якая вісела на цвіку, так прыгожа аздабляла сцяну ў нашай хаце.

А якія былі смачныя гэтыя ласункі!

Прайшло з той пары шмат гадоў. Я зрэдку купляла абаранкі. Але калі пабывала на першым фестывалі-кірмашы «Смаргонскія абаранкі», так натхнілася, што з таго часу пастаянна купляю гэтыя прысмакі».  

Ім і прысвяціла Ірына Яўгеньеўна свой верш «Сонечныя ласункі».

Мароз1.jpg

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ

Фота з архіва Ірыны МАРОЗ

СОНЕЧНЫЯ ЛАСУНКІ

Ірына МАРОЗ

Сярод дзівосаў роднае зямлі

Ёсць цуд смаргонскі – даўнія ласункі,

З часоў «мядзведжых» смакату пяклі,

Збіралі ў вязаначкі-карункі.

Вязаначкі былі на кірмашах

Таварам першым, самым пажаданым,

Душу лагодзіў незвычайны пах

Мучных караляў, выгляд іх румяны.

Тых вырабаў сягоння – сто сартоў:

Мядовыя, кмяновыя ды з макам,

З кунжутам, семкамі – не хопіць слоў

Для апісання адмысловых смакаў.

Фармуюць гаспадынькі кругляшы,

Абварваюць, румяняць іх у печы,

Часцінку цёплай пекарскай душы

Укладваюць у гэтую смачэчу.

Дом напаўняецца спакоем

і святлом,

І ўсміхацца хочацца бясконца,

Калі ласункі ставім мы на стол,

Бо родам абараначкі – ад сонца.

Статьи по теме: