Свіная бульба замест маннай кашы

 

Свіная бульба замест маннай кашы

Общество
01.06.2020
663

“Дзяцінства цяперашняга пакалення немагчыма нават параўнаць з нашым. Я нарадзіўся ў 1937 годзе ў Вуглянах. Сям’я наша была не вельмі багатая. Бацькі шмат працавалі, - пачаў свой аповед Францішак Падмостка. - Маёй нянькай, у асноўным, быў брат Ясь, ён старэйшы за мяне на пяць гадоў. Калі мы сталі дарослымі, не раз успаміналі сваё дзяцінства.

Фото от Галины3.jpg


Некалькі гісторый з далёкіх часоў распавёў Францішак Казіміравіч і нам. Было яму на той час год-два. Каляску для малодшага сына бацька зрабіў са скрыні, прычапіў да яе калёсы ды вяроўку. На ёй старэйшы Іван катаў малодшага брата. Вуглянскія дзеці і падлеткі часта збіраліся каля дома Рамана Шульгі, самага, бадай, заможнага вяскоўца. Туды спяшаўся і Іван са сваім меншым брацікам. Часам так бег з каляскай, што па дарозе губляў малога. І не адразу гэта выяўляў, а каля Раманавага дома, прабегшы метраў з трыста. Тады вяртаўся назад, падымаў з зямлі заплаканага брата, садзіў назад у скрыню-каляску і зноў бег да сяброў.

Была і такая гісторыя. У суседняй вёсцы Забалацце жыў яўрэй Яўхім, які гандляваў прадуктамі. У яго бацька аднойчы купіў манкі для малодшага сына, маці варыла кашу і загадвала старэйшаму карміць брата. Але “вусаты нянь” і сам быў не супраць паласавацца маннай кашай. Ды так, што меншаму брату амаль нічога не даставалася. “Выдала” Івана суседка – расказала маці, што малы Франак апошнім часам панадзіўся да яе ў хлеў, каб есці свіную бульбу прама з карыта. Атрымаўшы пару гарачых, “нянька” прызналася, чаму яе “выхаванец” такі згаладалы. Пасля гэтага карміць малога Івану не давяралі.

Восенню 1941 года ў лесе паблізу суседніх вёсак Хаўсты, Ягаднае і Ардзяя з’явіліся партызаны. У Войстаме – нямецкі гарнізон.

У 1943 годзе ў Вугляны наведваліся партызаны з Віцебшчыны, якія загадвалі сынам Падмосткаў браць кошыкі (быццам, для грыбоў) і хадзіць у лес у разведку. І такое здаралася не раз. “Сядзелі мы ў кустах па дзве, тры, а то і чатыры гадзіны. Калі бачылі немцаў, беглі з усіх ног пра гэта паведаміць разведчыкам. Калі не бачылі – спакойна вярталіся назад”, - успамінае Францішак Казіміравіч.

А ў 1944 годзе Казіміра Падмостку забралі на вайну. “Як мы плакалі, калі яго праважалі! – кажа суразмоўца. – І як цяжка было, калі мы з мамай рвалі рукамі грэчку, капалі бульбу, падымалі ворыва і сеялі жыта. Восень тады была надзвычай мокрая. Пройдзе конь з плугам – у баразне вада стаіць. Аралі мы ўтраіх. Я, шасцігадовы, каня вадзіў, а маці з братам па чарзе за плугам ішлі. І так цэлы дзень. Бывала, я кідаў лейцы, уцякаў, а маці мяне даганяла, вяртала – і я зноў браўся за работу. Вось такое “вясёлае” было ў мяне дзяцінства".

Галіна АНТОНАВА.