Сучасныя тэхналогіі ў дапамогу

 

Сучасныя тэхналогіі ў дапамогу

Общество
29.05.2020
566

Для вучняў XI класаў праз некалькі дзён пачнецца адказная пара. Яны здаюць выпускныя экзамены. І калі вопыт здачы пісьмовых экзаменаў у адзінаццацікласнікаў ўжо ёсць, то вусныя іспыты па гісторыі Беларусі будуць здаваць упершыню. На экзамене вучні павінны не толькі паказаць свае веды па той або іншай тэме, але і даць ацэнку гістарычнай падзеі, паказаць сваю грамадзянскую годнасць. Няпросты гэты экзамен і таму, што адказ павінен быць лагічна пабудаваны, адказваць патрэбна перад аўдыторыяй, а гэта азначае, што вучань павінен справіцца з хваляваннем, быць упэўненым у сабе.

Як вучням дапамагчы падрыхтавацца да экзамену так, каб яны сябе адчувалі ўпэўнена? Ужо колькі год запар у нашай школе праводзіцца пробны экзамен па гісторыі Беларусі. Звычайна ён праходзіць у класе за два-тры тыдні да канца IV чвэрці. Фарміруецца экзаменацыйная камісія з настаўнікаў гісторыі, друкуюцца білеты. На пробным экзамене вучні даюць адказы на экзаменацыйны білет. Пасля такой “рэпетыцыі”, прыйшоўшы на сапраўдны экзамен, яны ведаюць, што гэта такое, і менш хвалююцца, адказваюць больш упэўнена. Пробны экзамен – гэта шанец прааналізаваць свой адказ, знайсці ў ім слабыя і моцныя бакі,“дапрацаваць” матэрыял, калі гэта неабходна.

Сёлета з вучнямі вырашылі правесці экзамен дыстанцыйна, выкарыстаўшы платформу Zoom. Спачатку на платформе праз відэаканферэнцыі праводзілі анлайн-кансультацыі да экзамену, сумесна “разбіралі” білеты. Вучні спрабавалі адказаць на некаторыя пытанні, прааналізаваць свой адказ, знайсці і выправіць свае памылкі і ацаніць адказы аднакласнікаў. Працаваць на платформе зручна: можна ўступаць у зносіны тады, калі выпадае вольны час, у розных умовах: у кватэры або на вуліцы, з тэлефона, планшэта або камп’ютара. Калі вучань не можа прысутнічаць на відэаканферэнцыі, можна яе запісаць, а праглядзець запіс можна ў любы час.

16 мая ў вызначаны тэрмін вучні XI класа “прыйшлі” на экзамен па гісторыі Беларусі праз відэаканферэнцыю на платформе Zoom. Напярэдадні экзамену вырашылі, што выбар білетаў вучні давераць настаўніку. У час іспытаў правялі тры відэаканферэнцыі, паколькі іх працягласць вызначаецца толькі сарака хвілінамі. У час пробнага экзамену вучні паказалі нядрэнныя веды па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх зразумелі, што працаваць над білетамі яшчэ неабходна, каб больш паспяхова здаць дзяржаўнаы экзамен у чэрвені.

Школьнікі яшчэ раз пераканаліся: валодаючы сучаснымі техналогіяміі, можна выкарыстоўваць свае гаджаты не толькі для асабістых зносін , але і для навучання.

Н. С. КУДАШ,

настаўнік гісторыі і грамадазнаўства

сярэдняй школы №5 г.Смаргоні.