Плата зменшыцца ў два разы

 

Плата зменшыцца ў два разы

Общество
24.05.2020
798

4 верасня 2019 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ №327 “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў”. Справа ў тым, што раней ставілася задача ў першую чаргу пабудаваць многа жылля, даступнага, недарагога. Таму пытанні энергаэканамічнасці, энергазберажэння стаялі на другім месцы.

Цяпер у Беларусі прынятыя патрабаванні, якія набліжаныя да еўрапейскіх норм і стандартаў пры будаўніцтве шматпавярховага жылога фонду. У тым ліку, па цеплаправоднасці будаўнічых канструкцый (сценаў, даху).

І, як адзначыў галоўны інжынер КУП “ЖРЭС” Іван Старавойтаў, спецыялісты ўстанавілі, што пабудаваныя па сучасных патрабаваннях дамы і з улікам новых нормаў спажываюць у 2, а то і 3 разы менш цяпла на падагрэў аднаго квадратнага метра жылля, чым шматпавярхоўкі, якія былі ўзведзены ў 90-я гады і раней.

На сайце ЖРЭСа ёсць інтэрактыўная энергетычная карта. На ёй пазначаны ўсе жылыя шматпавярховыя дамы, якія маюць свой клас. На гэты сайт можна зайсці, знайсці там свой дом і паглядзець, колькі ён спажывае цяпла, у якім класе энергаэфектыўнасці знаходзіцца.

Па словах Івана Уладзіміравіча, працэнтаў 80 жылых шматпавярховых дамоў у Смаргоні, якія былі пабудаваны да 2000 года, знаходзяцца ў апошнім ці перадапошнім класе. Гэта значыць, самыя неэканамічныя.

У ЖРЭСе быў зроблены аналіз энергаспажывання жылых дамоў за мінулы ацяпляльны сезон. Для гэтага ўзялі сучасны энергаэфектыўны дом №40-а па вуліцы Леніна ў мікрараёне Усходнім, які пабудаваў “Гроднажылбуд”, некалькі дамоў па вуліцы Юбілейнай і ў цэнтральнай частцы горада.

Аказалася, што расход цяпла на падагрэў аднаго квадратнага метра жылля ў доме №40-а па вуліцы Леніна ў два разы меншы, чым у іншых дамах. Зыходзячы з гэтага, невялікая і плата за ацяпленне. Жыльцы стандартнай кватэры плошчай 48 квадратных метраў у “ленінскім” доме заплацілі ў лістападзе 2018 года за ацяпленне 7 рублёў 62 капейкі. Уласнікам кватэр такога ж метражу, якія размешчаны ў іншых шматпавярховых дамах, прыйшлося выкласці за ацяпленне ў лістападзе больш за 15-16 рублёў.

У студзені, які быў халодным і марозным, жыльцы дома па вуліцы Леніна 40-а заплацілі па 11 рублёў, а жыльцы астатняга жылфонду – па 22-23 рублі за ацяпленне 48 “квадратаў” жылой плошчы. Улічаючы тое, што кіраўніком краіны і ўрадам пастаўлена задача давесці аплату камунальных паслуг да 100 працэнтаў (цяпер насельніцтва кампенсуе дзяржаве каля 16-20 працэнтаў за ацяпленне). Калі памножыць гэту суму на 5, то атрымаецца, што жыльцы энергаэфектыўных новых дамоў заплацяць 50 рублёў за ацяпленне сваёй кватэры, а жыльцы дамоў старой пабудовы – у два разы больш – 100-120 рублёў. Розніца істотная. Таму, каб даць магчымасць уласнікам кватэр прывесці старыя дамы у адпаведнасць з сучаснымі нарматывамі па цеплаправоднасці, і падпісаны кіраўніком краіны ўказ, які быў узгаданы ў пачатку артыкула. Гэты дакумент дазваляе жыльцам правесці цеплавую мадэрнізацыю жылых дамоў (сценаў, даху), устанавіць пакватэрна прыборы ўліку на ацяпленне, рэгулятары на кожную батарэю. Існуюць і іншыя мерапрыемс твы, але яны больш затратныя. Гэта ўстаноўка сістэм рэкупірацыі, цеплавых помпаў і г. д.

Указ №327 “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў” уступіў ў сілу з 7 снежня 2019 года. Згодна з ім дзяржава бярэ на сябе 50 працэнтаў кампенсацыі затрат.

Напрыклад, жыльцы вырашылі правесці цеплавую мадэрнізацыю шматпавярховага дома. Кошт работ складае ўмоўна 5 тысяч рублёў з кватэры. Дзяржава палову гэтай сумы будзе пакрываць з бюджэтных сродкаў. Жыльцам застанецца заплаціць па 2,5 тысячы рублёў. Для гэтага прадугледжана растэрміноўка плацяжу на 10 гадоў.

Выплачваць можна будзе роўнымі долямі без працэнтаў, індэксацый і надбавак. Грамадзянам, якія адносяцца да катэгорыі маламаёмных (інваліды, мнагадзетныя сем’і і г. д.), прадастаўляецца растэрміноўка плацяжу на 15 гадоў.

Згодна з указам, ініцыятыўная група, якая складае 25 працэнтаў ад агульнай колькасці жыльцоў дома, звяртаецца ў райвыканкам або ў КУП ЖРЭС з заявай аб гатоўнасці ўдзельнічаць у праграме па цеплавой мадэрнізацыі жылых шматкватэрных дамоў. Заява разглядаецца, праводзіцца агульны сход жыльцоў. І калі 70 працэнтаў тых, хто жыве ў доме, згодны на правядзенне ўцяпляльных мерапрыемстваў, то заключаецца дагавор і выконваюцца адпаведныя работы. Жыльцам не трэба ўносіць ніякай перадаплаты.

Затраты на цеплавую мадэрнізацыю будынка кампенсуюцца пасля таго, як будуць выкананы работы і падпісаны акт.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.