Дом з работамі Ніны Бохан: разгадка знайшлася праз восем гадоў

 

Дом з работамі Ніны Бохан: разгадка знайшлася праз восем гадоў

Общество
03.05.2020
4209

Напрыканцы мінулага года ў нашай газеце быў змешчаны вялікі матэрыял-даследаванне пра самабытную мастачку Ніну Бохан. Жанчына не мела ні сям’і, ні жылля, ні пашпарту. Пасля вайны і да пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзях яна вандравала па вёсках Смаргонскага раёна і стварала прыгожыя дываны і карціны, размалёўвала сцены і мэблю ў дамах.

На жаль, работ Ніны Бохан засталося няшмат. Прайшоў час – і людзі сталі аздабляць жыллё больш сучаснымі, фабрычнымі дыванамі і карцінамі. А сцены – зафарбоўваць ці заклейваць шпалерамі.

Наша “паляванне” на работы мастачкі было няпростым. Кожную знаходку мы ўспрымалі, як нешта надзвычай дарагое. Нават не ў матэрыяльным плане.  Хаця ў нейкай ступені работы маюць матэрыяльную каштоўнасць. Але яшчэ больш – гістарычную.  Не так шмат вядома ў Беларусі прадстаўнікоў інсітнага (наіўнага) мастацтва.

66.jpg

Маляваныя дываны з вёскі Сінькі.

На працягу дзевяці месяцаў, пакуль вялося “следства”, мы знайшлі каля дваццаці работ мастачкі. І прадаўжаем знаходзіць… Пасля таго, як выйшла газета, жыхарка з Сінькоў Алена Танковіч паведаміла, што напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя мастачка малявала ў іх доме. Дагэтуль  захаваліся тры маляванкі – дзве з квяцістымі вянкамі і адзін – з аленямі.

IMG_6215.JPG

синьки.jpg

Маляваны дыван з вёскі Сінькі.

 Ганна Мядзелец, наша чытачка, якая жыве ў Смаргоні, а родам з Астравеччыны, расказала, што Ніна Бохан шмат малявала на яе малой радзіме. Для нас гэта інфармацыя не аказалася нечаканай. Сляды мастачкі мы і дагэтуль “бачылі” на астравецкай зямлі. На жаль, не вельмі выразныя.

Ганна Антонаўна нам паведаміла, што ў яе маці ў Вашкунах захоўваліся два дываны ад Ніны Бохан. На жаль, цяпер іх няма: мама прадала ў Ашмянах на базары. Ганна падказала канкрэтныя вёскі, дзе жыла і малявала мастачка. Усе яны – паблізу будучай атамнай станцыі.

Мы выправіліся на Астравеччыну, спадзеючыся знасці работы самабытнай мастачкі. Пабывалі ў Вашкунах, Чэхах, Гайголях, Бабраўніках. Гэта быў вельмі насычаны на знаёмствы дзень. Адзінаццаць чалавек нам прыпомнілі імя мастачкі. У кожнай з названых вёсках мы чулі ад людзей, што Ніна Бохан там жыла і малявала. Было гэта і на пачатку, і ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя. На пытанне: “Можа, што засталося з работ мастачкі?” - людзі адказвалі: “Былі і ў нас капы. З аленямі, коцікамі, кветкавымі вянкамі. Ой, даўно няма, павыкідалі, папалілі”.

У Бабраўніках, у дзвюх хатах, работы Ніны Бохан мы ўсё-такі знайшлі. У адной – сцены, размаляваныя кветкамі. 

IMG_9944.JPG

IMG_9961.JPG

Роспісы на сценах. Вёска Бабраўнікі. 

У другой хаце мы ўбачылі дыванок: на мешкавіне - прыгожая жанчына з кацянём і любімыя ружы мастачкі.

IMG_9936.JPG

Дыванок. Вёска Бабраўнікі

 Гаспадыня, якой ужо за 90 гадоў, не зразумела нашай зацікаўленасці і нават не дазволіла адцягнуць халадзільнік, каб сфатаграфаваць дыванок поўнасцю.

73-гадовая жанчына ў Чэхах, якую завуць Ліля Вайнілка, цудоўна помніць мастачку. Яна пэўны час жыла і ў яе доме, малявала. “Такія прыгожыя дываны былі. Кветкі, вялікі вянок, а ў цэнтры – яшчэ адзін. А зверху па кветках – пасыпала бітымі ёлачнымі цацкамі. Прыгожа глядзеліся. Іх на падлогу не засцелеш, бо нагой не станеш. Дый і шкода: кветкі, як жывыя, - кажа Ліля Уладзіславаўна. - Але сапраўдная прыгажосць была ў доме Бразевічаў. Яны жылі ў Рудзішках. Ніна там сцены размалявала. І людзі, і кветкі, і тры волаты. Я спецыяльны туда хадзіла паглядзець, што там тая Ніна малюе. А як убачыла, прывяла яе ў Чэхі. У мяне жыла тыдні са два і малявала”.

Тое, што я пачула ад Лілі Вайнілка, расказала Аляксею Крукоўскаму з Мінска, сябру Студэнцкага этнагафічнага таварыства. Ён таксама актыўна цікавіўся асобай Ніны Бохан. Нечакана для мяне Аляксей прыпомніў інфармацыю васьмігадовай даўніны. Фатограф Сяргей Лескець рабіў у Рудзішках здымкі апусцелай хаты, якую павінны былі знесці (што неўзабаве і было зроблена). Дык вось гэта хата і аказалася той, у якой пакінула выразны след мастачка Ніна Бохан – вялікія насценныя малюнкі. Фатограф тады не ведаў, “чыіх кісцей” работы.  

лескеть 1.JPG

лескеть 2.JPG


Карціны на сценах дома ў Рудзішках. Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ. 2012 год.

“Аўтарам гэтых работ, калі меркаваць па тэматыцы і стылістыцы, хутчэй за ўсё была мясцовая жанчына. Яе працы падобныя па стылістыцы да твораў Алены Кіш – генія беларускага інсітнага мастацтва, дываны якой паспелі сабраць Міхась Раманюк і мастакі ягонага кола.

Прыкра, што няма ў каго распытаць пра яе, безыменнага народнага майстра з Астравеччыны. Да таго ж, роспіс на сценах зроблены на гіпсакартоне, што шчыльна прыбіты да брусоў. Магчымасці пераносу карцін няма. І са зносам дома сыдуць у нябым працы яго гаспадыні”, - пісаў у сваім матэрыяле Сяргей Лескець амаль восем гадоў таму.

лескеть 3.jpg

лескеть 4.JPG

лескець5.JPG

лескець 6.JPG

лескець 7.JPG

Карціны на сценах дома ў Рудзішках. Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ. 2012 год.

Безумоўна, шкада, што не ўдалося захаваць працы Ніны Бохан, якія яна стварыла на сценах дома ў Рудзішках. Але радасна ад таго, што яны засталіся на фотаздымках. Іх гісторыя захавалася. У адрозненні ад іншых работ мастачкі, якія людзі павыкідалі ці папалілі… Далейшы пошук работ самабытнай мастачкі Ніны Бохан  працягваецца.

А я зноў звяртаюся да чытачоў газеты. Калі ў вас захаваліся работы Ніны Бохан (каб сфатаграфаваць) ці вы валодаеце дадатковай інфармацыяй пра мастачку, вялікая просьба паведаміць пра гэта ў рэдакцыю па тэлефонах: 3-84-19, 8(029)302-12-25.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Сяргея ЛЕСКЕЦЯ.