“Помнім болі і страты свае. Памяць шуміць, як чароты…”

 

“Помнім болі і страты свае. Памяць шуміць, як чароты…”

Общество
17.04.2020
1596
Прапануем нашым юным чытачам-школьнікам паўдзельнічаць у конкурсе сачыненняў на ваенную тэматыку. Для гэтага вам трэба даслаць на адрас рэдакцыі (вул. Савецкая, 29) або на электронную пошту (newspaper@smorgon.gov.by) пісьмо з пазнакай “На конкурс”. У пісьме мы хацелі б бачыць вашы разважанні на адну з прапанаваных тэм: 1. Які фільм аб вайне мяне асабліва ўразіў? 2. І мае родныя ваявалі. 3. Я трапіў на адзін дзень на вайну.
Мы не абмяжоўваем вас у колькасці радкоў, у мове, на якой будзе напісана сачыненне, у жанрах. Толькі ваша бачанне, фантазія і сямейныя ўспаміны. Лепшыя работы будуць надрукаваны на старонках газеты, а пераможцаў чакаюць прызы.
Конкурсныя работы прымаюцца да 30 красавіка.

У гэтым годзе спаўняецца семдзясят пяць гадоў Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За гэты час шмат чаго здарылася ў нашай краіне, адбыліся важныя змены. Але, нягледзячы на жыццё, якое набірае ўсё большую хуткасць, мы захавалі памяць пра гэтыя жудасныя з’явы.

Падчас вайны фашысты знішчылі больш за дзвесце беларускіх гарадоў, спалілі больш за дзевяць тысяч вёсак. Загінула каля трох мільёнаў жыхароў Беларусі. Кожны чацвёрты, а па апошніх звестках – кожны трэці, не прыйшоў дадому, не ўбачыў бацькоў, не сустрэў сяброў. Трэба ведаць і помніць тых, хто змагаўся за вызваленне нашай Радзімы. Яны з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі, прыкладамі мужнасці, адданасці, любові да Бацькаўшчыны. Людзі перажылі голад, холад, страту самых блізкіх людзей. У іх не было ні дзяцінства, ні юнацтва. З маленства выконвалі дарослую працу. Вайна змяніла людскія лёсы, забрала дзяцінства, зрабіла кароткімі жыцці многіх людзей.

Мы - жыхары дваццаць першага стагоддзя - не разумеем і ніколі не будзем да канца разумець, праз што прайшлі нашы продкі, нашы дзяды і прадзеды. Дзякуючы іх смеласці, адвазе, патрыятызму і подзвігам, якія яны здзейснілі ў цяжкія гады Вялікай Айчынай вайны, зараз мы можам жыць пад мірным небам. Яны вытрымалі шмат цяжкіх выпрабаванняў, здзяйснялі подзвігі, хадзілі ў разведку, здабывалі розныя звесткі. Таму мы павінны помніць імёны, подзвігі тых, хто праліваў кроў за будучыню.

Памяць пра іх назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Паліна ДВАРАНСКАЯ, вучаніца 7 класа ДУА “Крэўскі яслі-сад – сярэдняя школа”.