Яго формула даўгалецця

 

Яго формула даўгалецця

Общество
22.02.2020
1421
Шчыра ўпэўнена: той, хто дажыў да 90 гадоў, варты стаць чалавекам-легендай. І гэта не залежыць ад таго, быў юбіляр знакамітай асобай, здзейсніў подзвіг ці стварыў шэдэўр. Жыццё Станіслава Касевіча, без перабольшвання, - подзвіг. Працоўны. Сямейны. Бацькоўскі.

IMG_9985.JPG

Свой 90-гадовы юбілей Станіслаў КАСЕВІЧ адзначыў у суботу, 15 лютага. З гэтай прыгожай датай яго прыехалі павіншаваць работнікі Каранёўскага сельсавета на чале са старшынёй Святланай ГАСПАДАРОВАЙ і артысты з Бялкоўшчынскага Дома культуры. Якое свята без акардэона? Станіслаў КАСЕВІЧ – у цэнтры, з юбілейным “медалём”


Пра сябе Станіслаў Антонавіч расказвае не так ахвотна, як пра жонку. Са сваёй Лёдзяй ён пражыў 57 гадоў: “Файная была. Гаспадарлівая, шмат што рабіць умела. Швачка выдатная, усю акругу абшывала, гатавала смачна. Пра мяне і дзяцей добра клапацілася. Мы з ёй усюды разам быць стараліся. На жаль, памерла тры гады таму… Я сваю гаспадыню часта ўспамінаю. Малюся за яе”.

Жылі Касевічы ў Стымонях. На мясцовай ферме Станіслаў Антонавіч працаваў падвозчыкам, а яго жонка – лабарантам. “Усё жыццё шмат працавалі. Дом паставілі, гаспадарку вялікую мелі: каня, тры каровы, свінні… За працай і пацалавацца не было калі”, - усміхаецца юбіляр.

У чым сакрэт даўгалецця нашага героя? Бездакорная спадчыннасць – несумненна. Актыўны лад жыцця, пастаянныя фізічныя нагрузкі – відавочна. Простая ежа, без раскошы – па словах дачкі, ён і цяпер лішняга не з’есць, часам дазваляе кілішак чырвонага віна. Душэўная раўнавага, лёгкасць у зносінах, дабрыня – гэта адчуваецца з першых хвілін знаёмства са Станіславам Антонавічам. Ён адразу да сябе прыцягвае людзей. Аўра ў яго вельмі харошая.

“Напэўна, я варты нечага ў Бога, што я столькі жыву, што мяне так глядзяць, - філасофскі зазначае мужчына. - Добрых дзяцей маю – дачку і сына. А яшчэ чацвёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў”.

Цяпер ён жыве ў кватэры: з’ехаў са Стымоняў на зіму да дачкі ў мікрараён Карані. Але ўжо ўяўляе сабе, як хутка вернецца ў сваю хату, ступіць на сваю зямлю, уздыхне на поўныя грудзі свежым паветрам. Будзе назіраць, як ад зімовага сну прачнецца прырода. Зяць ускапае градкі, а дачка пасеіць гародніну. З’явяцца першыя ўсходы. І Станіслаў Антонавіч знойдзе для сябе работу. Ён не прывык сядзець склаўшы рукі.

Наш герой не чытаў працы старажытнагрэчаскага пісьменніка і філосафа Плутарха, якому належыць думка, што рух – гэта скарбніца жыцця. Тым не менш гэту “формулу даўгалецця” старажыл ведае. І штодзень выводзіць сваю.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: