Падарожжа ў Кушляны

 

Падарожжа ў Кушляны

Общество
22.02.2020
1410
Францішак Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая і “ёсць адзежа душы”.

Так, у рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры вучні 6 і 7 класаў сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні наведалі музей-сядзібу Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Музей размешчаны ў рэканструяваным доме паэта. Адноўлены шэсць пакояў: гасцёўня, кабінет, сталоўка, кухня, дзіцячы пакой і спальня для дарослых.  Стваральнікі музея парупіліся, каб у гэтых пакоях усе рэчы былі ідэнтычныя з тымі, што былі ў Багушэвічавым доме. Сярод іх – камода, кансолька (столік-туалетка), люстэрка, піяніна, некалькі  крэслаў, канапа.  Сярод экспанатаў ёсць асабістыя рэчы сям’і Багушэвічаў: ключ ад сядзібы, вышыты дачкой Францішка Багушэвіча дыванок, ручнік, родавыя медальёны.

2020-02-16_20-25-15_280.jpg

Экспазіцыя пачынаецца з гісторыі роду Багушэвічаў, з аповеду пра народзіны Францішка, з яго метрычнага запісу. Праз архіўныя дакументы перад намі паўстае жыццёвы і творчы шлях песняра: маленства, вучоба ў гімназіі і ва ўніверсітэце, настаўніцтва ў Доцішках. Асабліва ўражвае стэнд, прысвечаны паўстанню 1863 г. I не дзіва: уся сям'я Казіміра Багушэвіча ўдзельнічала ў гэтым паўстанні.

Усё цікава ў музеі. Тут нават сцены памятаюць нашага песняра. Вось кабінет паэта. У ім нічога лішняга. Стол, гадзіннік на сцяне, рукапісы, пісьмы, фотаздымкі, дакументы. У гэтым пакоі Францішак Багушэвіч давяраў паперы парывы сваёй душы. З цікавасцю вучні слухалі аповед Алеся Пятровіча Жамойціна аб тым, як у госці да Багушэвіча пехатой прыходзілі Янка Купала з-пад Валожына,  мастак Язэп Драздовіч з Навагрудка. Таксама дзеці мелі магчымасць паслухаць гучанне  беларускай жалейкі ў выкананні Алеся Пятровіча і атрымаць задавальненне ад чароўнай мелодыі.

I сама  сядзіба паэта – частка мемарыялу. Да нашых дзён, акрамя дома паэта, захаваліся мураваная абора, старая студня, парк, каштанавая алея, сажалка… Уражваюць шэсць клёнаў-гігантаў, пасаджаных самім Францішкам Багушэвічам  яшчэ ў XVIII стагоддзі. Па словах Алеся Пятровіча, у ствалы гэтых дрэў неаднаразова трапляла маланка, і  сёння кожны, хто дакранецца да іх  і пастаіць на карэннях, атрымлівае зарад энергіі і пазітыву. 

 За сядзібай захавалася невялікая драўляная каплічка. Па легендзе, Францішак Багушэвіч з бацькам пабудавалі  яе за адну ноч – у знак пратэсту супраць масавых перабудоў касцёлаў пад цэрквы ў сярэдзіне XIX стагоддзя. А яшчэ беражэ памяць пра Багушэвіча камень-схованка, да якога прыходзіў паэт. Тут ён пісаў вершы і хаваў напісанае, бо на роднай мове ў той час пісаць было забаронена. На гэтым камені пасля смерці паэта прыхільнікі яго творчасці і мясцовыя жыхары – простыя сяляне, якім Францішак Багушэвіч аказваў дапамогу як адвакат, зрабілі надпіс: “Памяці Мацея Бурачка”. На гэтае месца прыходзілі, прыходзяць і будуць прыходзіць усе тыя, хто беражэ беларускае слова і памятае пра аднаго з першых нацыянальных паэтаў, выхадца са Смаргонскай зямлі.

Святлана ЛЯХ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні.

Статьи по теме: