Смаргонская “зорка” Ютуба (+ВИДЕО)

 

Смаргонская “зорка” Ютуба (+ВИДЕО)

Общество
15.02.2020
1824
Якую музыку можна было пачуць, жывучы на хутары Малыя Якентаны ў 50 - 60-х гадах мінулага стагоддзя? Толькі жывую. Гукі гармоніка, якія Ірэнка чула з маленства, краналі самыя тонкія струны яе дзіцячай душы. Аднойчы, недзе ў 1962 годзе, яе тата паехаў у Астравец на базар прадаваць парасят. Бачыць: пасля абеду вяртаецца, на коніку вязе гармонік “двухрадку” зялёнага колеру з надпісам “Беларусь”. У дзяўчынкі аж сэрца закалацілася. Бацька аб’явіў: “Інструмент - для старэйшага брата Чэслава”. Варыянт, што на ім можа граць хтосьці з дачок (іх было трое), – нават не разглядаўся. І тым не менш, радасць дзяўчынкі была бясконцай.

“Дам гармонік патрымаць”

Інструмент Ірэнка дзяліла разам з братам. Толькі ніхто пра гэта і не здагадваўся. Калі хлопец ішоў збіраць грыбы ці лавіць рыбу, малая ціхенька даставала гармонік і на слых падбірала “Лявоніху”. У акрузе музыкаў не было, таму “ўтаймоўвала” гармонік яна самастойна.

“Я была ў другім класе, калі мы пераехалі з хутара ў вёску. Дзеці клічуць на вуліцу гуляць, а я не хачу. Я граць хачу… - смяецца мая суразмоўца. - Бывала, брат жартаваў, гледзячы на маю зацікаўленасць да інструмента: “Ідзі, памый рукі, тады дам гармонік патрымаць”. Ён і не здагадваўся, што я ўжо ва ўсю расцягваю мяхі гармоніка і “складаю” мелодыі.

IMG_7876.JPG

Да канца сярэдняй школы Ірэна ўжо няблага ўпраўлялася з інструментам. І Чэслаў да таго часу навучыўся добра музыцыраваць. У 1974 годзе музыкі-самавучкі на пару гралі па вёсках на танцах: Чэслаў - на акардэоне, Ірэна - на “двухрадцы”.

Пазней яна сама асвоіла акардэон. З баянам – тая ж “дэтэктыўная” гісторыя, што і з гармонікам. У 1975 годзе Ірэна Шэміс стала працаваць у школе ў Дайлідках (на Астравеччыне). Урокі музыкі там вёў баяніст-самавучка Генадзь Леанідавіч Лапуня, у якога быў нямецкі баян-“пяцірадка” “Вельтмайстар”. А дзяўчыне так хацелася навучыцца граць на гэтым інструменце! Калі настаўнік ішоў дахаты, яна ціхенька даставала баян…

Аднойчы на свяце ў школе Ірэна кажа настаўніку музыкі:

- Генадзь, ідзі патанцуй!

- Хто ж граць будзе?

- Я.

- Ты ж на гармоніку толькі ўмееш…

- І на баяне таксама.

Выдала маладая настаўніца свой сакрэт. І польку – на баяне.

Гранне на вясковых танцах скончылася, калі Чэслаў ажаніўся. Хутка Ірэна выйшла замуж і паехала за мужам-ваенным у Карэлію. На той час яна завочна вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, але ўладкавацца ў школу не ўдалося – не было месца. Затое быў клуб. Прыгожы, прасторны, цагляны. Калі культработнікі даведаліся, што Ірэна ўмее граць на музычным інструменце, яе адразу аформілі акампаніятарам, дзе ўжо працавалі хормайстар і балетмайстар.

“Яны былі дыпламаванымі спецыялістамі. А я нотнай граматы не ведала. Прывыкла музыку лавіць на слых. Тым не менш і танцорам, і хору акампанавала. Двухгадзінныя канцэрты арганізоўвалі”, - успамінае Ірэна Андрэеўна.

Акампаніятарам яна адпрацавала чатыры гады. У 1980 маладая сям’я вярнулася ў Беларусь. Муж уладкаваўся на службу ў Смаргонь. Ірэна - у СШ №4 настаўніцай пачатковых класаў. Грала на хатніх святах.

“Восем гадоў таму памёр муж. Гэта быў вельмі складаны для мяне час. З года ў год, кожныя выхадныя я прыходзіла да яго на могілкі. Інструмент у рукі практычна не брала. Дзеці сталі хвалявацца: так маме і да дэпрэсіі недалёка…” – мая суразмоўца замаўчала, быццам праглынула слёзы, пасля паўзы прадоўжыла. – Пасля стала даставаць баян… Аднойчы нявестка кажа: “Хопіць граць на кухні. Каструлі ведаюць увесь Ваш рэпертуар. Пара выходзіць са сваіх сцен на “вялікую сцэну”. Вам патрэбен смартфон і ноўтбук, каб маглі запісваць ролікі і выкладваць іх у інтэрнэт”.

Віртуальная сцэна

Усе цуды тэхнікі і сам інтэрнэт для Ірэны Андрэеўны тады здаваўся нечым міфічным, недаступным. А тое, што нявестка гаварыла “пра сцэну”, - нечым неверагодным.

І вось аднойчы дзеці падарылі жанчыне ноўтбук. Нічога не заставалася, як сесці і пачаць яго асвойваць. Стала націскаць кнопкі, як некалі ў далёкіх шасцідзясятых на гармоніку, так праз паўстагоддзя – на ноўтбуку, а пазней – на смартфоне. Спосабам падбору.

І асвоіла. Неўзабаве зняла першае відэа, запусціла яго на Ютубканал. І адразу пайшлі каментарыі. Усе пазітыўныя. Гэта вельмі моцна падахвоціла музыку. З таго часу кожны дзень яна пачала граць на інструменце. Заўзята, з душой.

IMG_7856.JPG

Першае нечаканая прапанова паступіла з Расіі ад Мікалая Новікава – зрабіць кліп. Безумоўна, не такі, як у поп-“зорак”, а “ютубны” слайд-фільм з анімацыяй, прыгожымі карцінкамі, куды можна ўставіць відэазапіс выканаўцы. Ірэна Андрэеўна згадзілася – і вынікам была задаволена.

 

Неўзабаве жанчына атрымала яшчэ больш нечаканую прапанову ад расійскай паэтэсы Любові Пяцілетавай – напісаць музыку на тэкст яе песні “Бегут года”. “Задача няпростая. Але калі ў мяне чалавек паверыў, значыць змагу. Узяла баян у рукі – і пацякла песня”,- усміхаецца Ірэна Андрэеўна.

- Сталі з’яўляцца іншыя паэты з просьбай пакласці іх тэксты на музыку. Цяпер іх 14, трынаццаць – з Расіі, адна – смаргонская паэтка, настаўніца гімназіі Святлана Янкоўская”.

шемис.jpg

Прыкладна за паўтара года ў Ірэны Андрэеўны на Ютубе з’явілася 170 відэаролікаў (у тым ліку 70 кліпаў ад розных аўтараў). Амаль 70 песень з яе мелодыямі. Мае амаль 1300 падпісчыкаў. Штотыдзень яна стараецца выставіць у інтэрнэт па два відэа. Некаторыя ролікі збіраюць да 300 каментарыяў. “Ні разу не было сярод іх крыўдных, правакацыйных, абразлівых. Усе вельмі карэктныя, удзячныя, шчырыя”, - зазначае жанчына. Вось некаторыя з іх: “Паслухала – быццам глыток крынічнай вады выпіла. Як жа прыгожа голас выканаўцы ліецца”. “Аж за душу бярэ Ваша выкананне, шыкоўная і таленавітая Вы жанчына”, “…цяжка стрымаць слёзы, калі гучыць песня ў Вашым выкананні”, “Як выдатна гучыць баян!”.

“Прычым пішуць людзі аўтарытэтныя, зацікаўленыя. Прафесійныя музыкі. Шмат сярод іх маладых – асабліва замежных (з Латвіі, Сербіі, Францыі і г. д.). Мне раней здавалася, што гармонікам, баянам, акардэонам цікавяцца толькі людзі паважанага ўзросту. Як жа памылялася! – дзівіцца сама сабе музыка-самавучка. - Не толькі інтэрнэтаўскія сябры, але і ўнук Эдгар, які сёлета заканчвае Лід-скі музкаледж па класе баяна, прымусілі мяне паглядзець на інструмент па-новаму. І палюбіць яго яшчэ мацней. Я і дагэтуль працую ў школе. Часам прыходжу з работы – і мне, як мага хутчэй, хочацца сесці за баян. Часам нават не звяртаю ўвагі на тэрміновыя бытавыя справы. Бяру ў рукі інструмент – і граю, спяваю, складаю. Атрымліваю неймавернае задавальненне. Няма часу маркоціцца”.

Галіна АНТОНАВА.