Шматграннае жыццё Уладзіміра Касакоўскага

Общество
26.12.2019
864
Хаця цяпер Уладзімір Касакоўскі жыве ў Смаргоні, але яго малая радзіма знаходзіцца ў 20 кіламетрах адсюль, каля чыгуначнай станцыі Ашмяны.

3cc04a15750fb69b4e1297661dd84644.jpg

Сям’я была сялянская, таму з малых гадоў хлопец прывучаўся да працы. Бацька – франтавік, працаваў механізатарам, навучыў сына трымаць у руках малаток, гаечны ключ, прывіў любоў да тэхнікі. І калі Уладзімір вучыўся ў тэхнікуме, а потым у інстытуце, то на летніх канікулах прыязджаў дадому і разам з бацькам на камбайне ўбіраў збожжавыя культуры, быў у яго памочнікам на працягу 8 сезонаў.

Сям’я Касакоўскіх жыла непадалёку ад чыгункі. Якраз у той час на замену паравозам у эксплуатацыю ўводзілі цеплавозы. Уладзіміра захапіла чыгуначная справа, і пасля заканчэння 8 класаў (сярэдняя школа была далёка, аж за 7 кіламетраў у Жупранах) ён паступіў у чыгуначны тэхнікум, які знаходзіўся ў Гомелі. Вучоба ладзілася ва Уладзіміра. Тэхнікум ён скончыў “на выдатна”. Пасля гэтага 10 дзён адпачыў і быў прызваны на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя Сілы СССР. Служыў на Плісецкім касмадроме.

Пасля вяртання з арміі юнак паступіў у чыгуначны інстытут на спецыяльнасць “Цеплавозы і цеплавозная гаспадарка”, па якой вучыўся яшчэ ў тэхнікуме. Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту таксама знаходзіўся ў Гомелі. Вучыцца было цікава.

Уладзімір Касакоўскі імкнуўся ўзяць для сябе як мага больш ведаў, быў ленінскім стыпендыятам. Пакуль вучыўся – ажаніўся са смаргонскай дзяўчынай. Пазнаёміўся з ёй, калі прыязджаў у Смаргонь да сябра. Будучая жонка на той час скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і працавала ў Жодзішкаўскай школе настаўніцай.

Гады вучобы прабеглі непрыкметна, і выпускнік інстытута Уладзімір Касакоўскі з чырвоным дыпломам у кішэні атрымаў размеркаванне на працу ў Даўгаўпілс, на лакаматыварамонтны завод. Прадпрыемства вялікае, 5 тысяч работнікаў. Так атрымалася, што пачынаў рабочым. Як сам кажа, з-за таго, што быў крыху “ўпёртым”, хацеў у дызельны цэх. У інстытуце пісаў дыпломную работу па дызелях. А на заводзе маладому спецыялісту прапанавалі іншыя цэхі, паколькі ў дызельным не было вакантнай пасады ІТР.

Праз 4 месяцы вызвалілася інжынерная пасада, і Уладзімір Касакоўскі пачаў працаваць інжынерам-тэхнолагам, потым майстрам. А неўзабаве яго запрасілі на працу ў гаркам партыі, у прамыслова-транспартны аддзел. На працягу 7 гадоў з’яўляўся інструктарам, загадчыкам аддзела.

А потым было больш высокае назначэнне – у Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Латвіі. Першым сакратаром тады быў Барыс Пуга. Ён асабіста прымаў Уладзіміра Касакоўскага на працу. Калі пачалася “заваруха”, звязаная з распадам Савецкага Саюза, Уладзімір Леапольдавіч і яго жонка вырашылі вярнуцца ў родныя мясціны.

Уладзімір Касакоўскі працаўладкаваўся на агрэгатны завод. Спачатку быў намеснікам начальніка цэха, потым - начальнікам заводскага корпуса, прымаў непасрэдны ўдзел у зборцы першага міні-трактара.

Затым Уладзіміра Касакоўскага запрасіў на працу тагачасны дырэктар завода аптычнага станкабудавання Сяргей Пеліх. 14 гадоў свайго жыцця аддаў гэтаму прадпрыемству Уладзімір Леапольдавіч. Працаваў галоўным механікам. А ўжо новы дырэктар ЗАСа Аляксандр Радзевіч прапанаваў Касакоўскаму пасаду намесніка дырэктара па кадрах і ідэалагічнай рабоце.

Уладзіміру Леапольдавічу давялося папрацаваць ў мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, таксама намеснікам дырэктара. З гэтай арганізацыі пайшоў на пенсію.

Аднак Касакоўскаму не выпала пажыць нейкі час спакойным жыццём – праз паўгода прапанавалі пасаду намесніка старшыні раённага філіяла Гродзенскага абласнога саюза наймальнікаў. Пакінуў гэту работу, калі моцна захварэла маці, прыйшлося яе даглядаць. Праз нейкі час Уладзіміру Касакоўскаму зноў паступіла прапанова. На гэты раз узначаліць раённую ветэранскую арганізацыю. Пагадзіўся і ўжо амаль чатыры гады з’яўляецца старшынёй раённага савета ветэранаў. Работа клопатная. Пажылыя людзі тэлефануюць альбо прыходзяць са сваімі праблемамі ў галоўны ветэранскі кабінет. І Уладзімір Леапольдавіч дапамагае людзям пры садзейнічанні службаў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый.

А яшчэ Уладзімір Касакоўскі па просьбе ваеннага камісара Леанарда Гружэўскага актыўна ўдзельнічае ў ваенна-і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, выступае перад вучнямі школ. Яго артыкулы публікуюцца ў газеце “Светлы шлях”.

Уладзімір Леапольдавіч многа чытае, гуляе ў шахматы, а яшчэ дапамагае жонцы ў садова-агародных справах. Кватэру яны абмянялі на недабудаваны дом, які давялі да ладу і ўжо жывуць у ім 12 гадоў. На прысядзібным участку растуць аж 12 гатункаў вінаграду, буякі, ажыны, яблыні, грушы, персікі.

У Касакоўскіх – двое дарослых дзяцей. Сын жыве ў Краснадарскім краі, дачка – у Беларусі. Яна - кандыдат навук, напісала і абараніла дысертацыю, працавала выкладчыкам у тэхналагічным універсітэце.

Напярэдадні Новага года ва Уладзіміра Касакоўскага юбілей. Члены раённага савета ветэранаў зычаць свайму старшыні, добразычліваму, прыстойнаму, справядліваму, адказнаму і прынцыповаму чалавеку, які жыве турботамі пажылых людзей, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і радасці. Шмат цёплых слоў скажуць Уладзіміру Леапольдавічу родныя, блізкія, знаёмыя.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!