Чарговы савет дырэктараў прайшоў нядаўна на Смаргонскім хлебазаводзе

Общество
02.12.2015
1508
Чарговы савет дырэктараў прайшоў нядаўна на хлебазаводзе, і пачаўся ён з невялікай экскурсіі ў цэх па вытворчасці сушак. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый убачылі, як з цеста вырабляюцца сушкі, як яны выпякаюцца і далей па канвееры паступаюць на лінію фасоўкі. Потым работніцы завода пакецікі з сушкамі складваюць у кардонныя каробкі, далейшы...
Чарговы савет дырэктараў прайшоў нядаўна на хлебазаводзе, і пачаўся ён з невялікай экскурсіі ў цэх па вытворчасці сушак. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый убачылі, як з цеста вырабляюцца сушкі, як яны выпякаюцца і далей па канвееры паступаюць на лінію фасоўкі. Потым работніцы завода пакецікі з сушкамі складваюць у кардонныя каробкі, далейшы шлях якіх ляжыць у гандлёвую сетку.

Совет директоров

Перад пачаткам разгляду вытворчых пытанняў слова было прадастаўлена дырэктару Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага ліцэя Рыгору Удальеву. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчабярака, кіраўнік гэтай навучальнай установы звярнуўся па дапамогу, бо ёсць праблемы з наборам навучэнцаў. У прыватнасці, сёлета не быў выкананы план.
Прыём навучэнцаў у ліцэй ажыццяўляецца на падставе пададзеных прадпрыемствамі заявак на падрыхтоўку рабочых кадраў. У сувязі з аптымізацыяй колькасці работнікаў на прадпрыемствах горада і сельскай мясцовасці сёлета рэзка зменшылася патрэбнасць у маладых спецыялістах. Узніклі цяжкасці і з працаўладкаваннем выпускнікоў ліцэя, бо некаторыя прадпрыемствы адмовіліся ад раней пададзеных заявак на падрыхтоўку рабочых.
– Калі вам патрэбны спецыялісты іншага профілю, а нашы патрабаванні састарэлі, то мы ўнясём вашы ў нашыя праграмы, будзем навучаць па вашых патрабаваннях, – сказаў кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый дырэктар ліцэя Рыгор Удальеў.
А яшчэ ён папрасіў, каб мясцовых ліцэістаў бралі, па магчымасці, на аплачваемую вытворчую практыку. Яны павінны “адчуць” першую заробленую капейку, а не прыходзіць, адбываць час і вяртацца дамоў.
Рыгор Віктаравіч адзначыў, што ў політэхнічным ліцэі існуюць праблемы з матэрыяламі, навейшым абсталяваннем, раздатачным матэрыялам для навучэнцаў. Таму неабходна трывалая сувязь з тымі прадпрыемствамі, для якіх ліцэй рыхтуе кадры. “Чым цясней будуць нашы ўзаемадзеянні, тым лепш будуць падрыхтаваны спецыялісты”.
Кіраўнік ліцэя паведаміў аб тым, што гэта навучальная ўстанова атрымала дазвол на падрыхтоўку трактарыстаў. Да яе плануюць далучыць вучэбны цэнтр райсельгасхарчу. Ліцэй будзе рыхтаваць кадры для сельскай гаспадаркі. Была размова аб тым, каб навучаць спецыялістаў для “Кранаспана”.
Напрыканцы свайго выступлення Рыгор Удальеў папрасіў, каб прадпрыемствы падавалі ў ліцэй заяўкі на падрыхтоўку рабочых кадраў. Без заявак навучальная ўстанова не мае права адкрываць спецыяльнасці і набіраць навучэнцаў. Сітуацыя няпростая: альбо ліцэй рыхтуе кадры для мясцовых суб’ектаў гаспадарання, альбо яго трэба закрываць. Гэта не крытычна ў горадзе, дзе две-тры падобныя навучальныя ўстановы. У Смаргоні ж яна адна.
Потым аб рабоце прадпрыемстваў раёна ў студзені - кастрычніку і выкананні прагнозных паказчыкаў у лістападзе расказала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ірына Галдыцкая. Яна звярнула ўвагу прысутных на тое, што хоць пастаянна гаворыцца аб выкананні паказчыкаў, якія запісаны ў бізнес-плане, але складваецца ўражанне, што кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый не заглядваюць у гэты дакумент, таму і не адсочваюць паказчыкі. Адзінае прадпрыемства, да адміністрацыі якога няма пытанняў у гэтым плане, – ліцейна-механічны завод. Нягледзячы на тое, што на прадпрыемстве рэалізоўваецца буйнейшы інвестыцыйны праект, многа іншых складаных вытворчых пытанняў, тым не менш былі выкананы ўсе паказчыкі за справаздачны перыяд.
Што датычыць знешнеэканамічнай дзейнасці, то не выконваецца паказчык па экспарце тавараў і паслуг. Зрухі да лепшага ў гэтым плане назіраюцца толькі на агрэгатным заводзе, заводзе аптычнага станкабудавання і ліцейна-механічным заводзе. Зніжаецца экспарт будаўнічых і турыстычных паслуг. Як адзначыла Ірына Гендрыхаўна, неабходна звярнуць увагу на гасцінічныя паслугі і паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання.
Нядрэнна складваецца паказчык па інвестыцыях. Шэраг інвестыцыйных праектаў ужо завершаны, іншыя будуць рэалізаваны ў 2016 годзе. Тэхнічнае пераўзбраенне выконваецца на агрэгатным заводзе, завезена неабходнае тэхналагічнае абсталяванне на ліцейна-механічны завод, будуецца новы корпус у ДРАЦ “Лясная паляна”, рэалізоўваецца інвестыцыйны праект на “Кранаспане”, будуецца цэх па забою птушкі на мясцовай птушкафабрыцы.
У раёне налічваецца 10 стратных прадпрыемстваў і арганізацый (летась было 4). Гэта “Кранаспан” – 129 мільярдаў рублёў, “Белесентр” – 17,8 мільярда рублёў, “Карункі” – 685 мільёнаў рублёў, “Смаргоньлён” – 1 мільярд рублёў, малаказавод – амаль 45 мільярдаў рублёў, завод аптычнага станкабудавання – 5,1 мільярда рублёў, агрэгатны завод –1,9 мільярда рублёў, РКБА – 116 мільёнаў рублёў, “Смаргоньбуд” БМТ №41 – 4,6 мільярда рублёў, “МНК Канстракшн” – 0,5 мільярда рублёў. Былі заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў па выхадзе прадпрыемстваў на бясстратную работу.
На савеце дырэктараў разгледзелі пытанні аб пастаўках тавараў у гандлёвыя аб’екты мясцовымі вытворцамі: філіяламі “Смаргонскія малочныя прадукты”, “Смаргонскі хлебазавод” і ўнітарным вытворчым прадпрыемствам “Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў”, аб правядзенні дэгустацыі выпускаемай прадукцыі ў раённым цэнтры культуры і аб падрыхтоўцы святочнага светлавога афармлення суб’ектаў гаспадарання да Новага года.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.