Каралева “баранкі”: абаяльная, усмешлівая, умелая

 

Каралева “баранкі”: абаяльная, усмешлівая, умелая

Люди Сморгонщины
29.10.2023
1337
Рашэнне пакінуць пасаду эканаміста далося няпроста. Але іншага выйсця сям’я не бачыла: старэйшая дачушка Юля патрабавала асаблівага догляду з-за свайго захворвання. Дзяўчынка з ДЦП не магла ў поўнай меры сябе абслугоўваць, а графік работы не дазваляў маме ёй дапамагаць. Таццяна Любаміраўна стала сацыяльным работнікам. Можа, працавала б ім і дагэтуль: пажылыя падапечныя з цеплынёй адносіліся да яе, ды і сама сацыяльны работнік іх шчыра шкадавала. Вельмі непакоілася, калі ўрач не мог дабрацца да хворых бабулі, ­дзядулі – як раз з амбулаторыі звольніўся вадзіцель. Таму ­Таццяна Любаміраўна часта падвозіла яго на сваім аўтамабілі. Нарэшце ўрач зрабіў прапанову, ад якой яна не адмовілася: перайсці ў амбулаторыю і ўзяць пад крыло старэнькі амбулаторны УАЗік.
2Z3A9071.JPG


“Як першы раз села за руль было… цікава”, - смяец­ца Таццяна Мілаш. – Са Смаргоні да Дубатоўкі ехала ціхенька-ціхенька, на мінімальнай хуткасці. А ад Дубатоўкі ўжо смялей справа пайшла, там рух на дарозе не такі інтэнсіўны. Гідраўзмацняльніка там не было, непрывычна”. Пашчасціла, што дагэтуль Таццяне на чым толькі не даводзілася ездзіць: на трактары, матацыкле, скутэры, мапе­дзе. А вадзіць муж вучыў яе на “Масквічы”, які ад УАЗіка не надта моцна адрозніваўся.

Машына нярэдка ламалася, добра, што муж заўсёды гатоў быў прыйсці на дапамогу і добра разбіраецца ў тэхніцы. “Паехалі мы аднойчы, я, можа, трэці год працавала, на выклік. Вясна была, але гразкую дарогу падмарозіла, таму дабраліся лёгка. Выходзім, каб вяртац­ца назад – а калёсы УАЗіка цалкам схаваліся ў балоце, - з усмешкай успамінае даўнія прыгоды наша субяседніца. – Мы і галлё падкладвалі, і падкопвалі – ніяк не выязджае. Муж праехаў на трактары, каб нас выцягнуць”. Бывала, што да месца прызначэння машына з медыкамі даязджала на буксіры. Аднак нават думкі не ўзнікла ўсё кінуць і шукаць іншую работу.

Лягчэй стала, калі УАЗік змяніўся на куды больш сучасную “Ніву”. Яна ўжо так не ламаецца, часцей за ўсё нешта рамантуюць у планавым парадку на станцыі тэхабслугоўвання. Самае складанае ў рабоце – цэлы дзень праводзіць у машыне, чакаючы выкліку. Хоць дом знаходзіцца непадалёку – метраў, можа, 200, пайсці адпачыць нельга. Часта Таццяна Любаміраўна бачыць, як доктар, паспеўшы толькі сумку схапіць і на хаду адзяваючыся, бяжыць з амбулаторыі. Ясна: здарылася нешта нядобрае, трэба стартаваць. Вадзіцелю не трэба нават адрас ведаць: урач называе прозвішча хворага і можа быць упэўнены, што Таццяна Любаміраўна ўжо едзе, куды трэба. 4 – 5 выклікаў, больш за сотню кіламетраў дарогі ў дзень – звычайная справа для вадзіцеля. Але справа гэтая так патрэбна людзям, здароўю і жыц­цю якіх пагражае небяспека.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях