Гонар горада – яго жыхары: дынастыя Панфілавых

 

Гонар горада – яго жыхары: дынастыя Панфілавых

Люди Сморгонщины
04.06.2023
655

Усходняя мудрасць сцвярджае: “Калі ты думаеш на год наперад, то пасадзі семя. Калі ты думаеш на дзесяцігоддзі наперад, то пасадзі дрэва. Калі ты думаеш на век наперад, то выхавай чалавека”. Думаць “на век наперад” – асноўная місія настаўніка. Менавіта ў яго руках будучыня канкрэтнага чалавека і дзяржавы цалкам. Ад таго, якім будзе настаўнік у вачах сваіх вучняў, залежыць многае.

Ёсць прафесіі, выбіраючы якія, людзі выдатна ўсведамляюць, што ў адказ складаную і самаадданую працу , яны не будуць ні багатымі, ні знакамітымі. Настаўнік – гэта не проста чалавек, які вучыць дзяцей усяму, што ведае сам і што вызначана сучаснымі праграмамі. Гэта асоба, якая ўздзейнічае на фарміраванне характара дзяцей, іх звычкі, іх адносіны да жыцця. Настаўнік – гэта больш, чым проста прафесія, гэта лад жыцця, і калі прафесія стала жыццём некалькіх пакаленняў сям’і, то хочацца захаваць у памяці імёны тых, хто на працягу многіх гадоў быў звязаны з адукацыяй, расказаць пра ўнікальнасць сямей педагогаў, успомніць інфармацыю з іх сямейных архіваў.

Я хачу расказаць пра педагагічную дынастыю Зайцавых-Панфілавых. Агульны педагагічны стаж гэтай сям’і складае 159 гадоў. У горадзе Смаргоні добра памятаюць Багдана Іванавіча Панфілава, добра ведаюць,  не толькі былыя вучні СШ №3, а і жыхары горада, Аллу Паўлаўну Панфілаву, Таццяну Паўлаўну Кот,  Ірыну Багданаўну Шчасную. 

2.jpg

А пачынальнікам гэтай дынастыі стала маці Аллы Паўлаўны і Таццяны Паўлаўны – Лідзія Канстанцінаўна Клішо (Зайцава), 1926 года нараджэння, настаўнік-выхавацель Смаргонскай школы-інтэрната, настаўніца нямецкай мовы, якая больш за 30 гадоў прысвяціла педагагічнай прафесіі, ветэран працы. Лідзія Канстанцінаўна выхавала дзвюх дочак – Аллу і Таццяну. Абедзве сталі педагогамі.

Алла Панфілава скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, выкладала рускую мову ў Жодзішкаўскай сярэдняй школе, а з 1978 г. працавала ў СШ № 3 г. Смаргоні.

1.png

Вучні Аллы Паўлаўны па праву могуць сказаць, што ім пашанцавала з Настаўнікам. Педагагічны стаж Аллы Паўлаўны складае 39 гадоў. У гэтай жа школе працавала і яе сястра – Таццяна Кот, якая скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, пасля працавала ў Зельве, а пасля шмат гадоў выкладала англійскую мову ў СШ № 3 г. Смаргоні, яе працоўны стаж – 39 гадоў.

3.png

Калегі, якія працавалі побач з Аллай Паўлаўнай і Таццянай Паўлаўнай, успамінаюць іх як вельмі тактоўных, добрых людзей, эрудыраваных і працавітых педагогаў, якія вельмі ўдала, па-майстэрску і творча перадавалі свае ўнікальныя веды. Выпадак з жыцця. Выпускнік школы праходзіў тэрміновую службу ў пагранічных войсках. Свае службовыя абавязкі выконваў на пагранпераходзе. Калі неабходна было пагаварыць з іншаземцамі на англійскай мове, у якасці перакладчыка звалі гэтага хлопца. На пытанне: “Адкуль такое добрае веданне англійскай мовы?” – Выпускнік адказаў: “У мяне былі добрыя школьныя настаўнікі”. Адным з гэтых настаўнікаў была Таццяна Паўлаўна. Як гэта важна, каб у жыцці вучня быў добры настаўнік.

Яшчэ адзін яркі прадстаўнік гэтай дынастыі – Багдан Іванавіч Панфілаў. Нарадзіўся ў горадзе Гродна, закончыў фізічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля службы ў Савецкай Арміі быў накіраваны ў Смаргонскі раён. Першым месцам яго працы была Жодзішкаўская сярэдняя школа. Затым яго назначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў сярэднюю школу №3 г. Смаргоні.

4.png

У 1985 годзе Багдан Іванавіч стаў начальнікам упраўлення адукацыі г. Смаргоні. Шмат часу і намаганняў займала работа. Ён імкнуўся, каб дзеці ў нашым горадзе вучыліся ў новых добраўпарадкаваных школах. Пазней, у 1996 годзе, Багдан Іванавіч узначаліў СШ № 4. Яго марай было зрабіць гімназію. З годнасцю вытрымаўшы атэстацыйны экзамен, СШ №4 набыла статус гімназіі. Мара дырэктара здзейснілася. Працоўны стаж гэтага педагога – 27  гадоў. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця.

Прадоўжыла сямейную прафесію і дачка Багдана Іванавіча і Аллы Паўлаўны – Ірына.

Вось ужо 26 гадоў яна выкладае англійскую мову ў СШ №3 г. Смаргоні. Ірына Багданаўна граматны педагог, тактоўны калега, як і бацькі, як бабуля – добры настаўнік.

5.png

Педагагічная дынастыя Зайцавых-Панфілавых унесла вялікі ўнёсак у справу адукацыі Смаргонскага раёна. Настаўніцкія дынастыі – гонар не толькі сям’і, але і нашай краіны. Стваральная праца такіх людзей – гэта частка гісторыі школы, гісторыя горада, гісторыя краіны.

Галіна МІНКЕВИЧ,  

настаўнік СШ № 3.