З крыніц народных, жыватворных: Самародак з Пільцаў, альбо Мастак свайго жыцця

 

З крыніц народных, жыватворных: Самародак з Пільцаў, альбо Мастак свайго жыцця

Люди Сморгонщины
22.04.2021
4201
Як сцвярджаў японскі пісьменнік, драматург і акцёр Сімада Масахіка, розум людзей – у іх вачах. Вось глянеш у гэта “люстэрка душы” – і адразу можна зразумець чалавека. А я характар Зыгмунда Бабека прачытала па яго… вусіках. Тоненькіх і акуратненькіх. Псіхолагі і фізіянамісты сцвярджаюць, што ўладальнікі такіх вусікаў надзвычай акуратныя, дакладныя і адказныя, стрыманыя і выхаваныя, слоў на вецер не кідаюць: сказана – зроблена.

IMG_6373.JPG

Такая форма вусоў была надзвычай папулярнай у пачатку і сярэдзіне ХХ стагоддзя. Гэтыя прыгожыя вусы патрабуюць асаблівага догляду – штодзённай стрыжкі і ўкладкі. Існуе яшчэ адна заканамернасць: у вусатых больш цесная сувязь з прыродай і жывёльным светам.

“Без Зэнькі ў вёсцы не рабілася нічога”

На жаль, Зыгмунда Бабека даўно няма ў жывых. Ён памёр у 2001 годзе, а годам раней пайшла на той свет яго жонка. Гэты невысокі, хударлявы, вельмі рухавы, надзвычай працавіты і таленавіты чалавек – яшчэ адзін самародак зямлі смаргонскай.

Нарадзіўся ён у 1937 годзе ў вёсцы Пільцы. Сям’я была вялікая – сямёра дзяцей, Зыгмунд – пяты па ліку. З ранніх гадоў шмат працаваў. 

IMG_6426.JPG

Тэрміновая служба закінула яго ў Азербайджан, пасля арміі накіраваўся ў Карэла-фінскую рэспубліку, зарабляў грошы на лесасплаве. Вярнуўся дадому, ажаніўся і разам з маладой жонкай паехаў у Казахстан падымаць цаліну. Мужчына ніколі не баяўся цяжкай работы і заўсёды стараўся, каб сям’я мела хлеб і да хлеба. Чатыры гады прабылі Бабекі ў Казахстане і вярнуліся дадому. Іх цягнула Беларусь да сябе. Роднымі людзьмі і роднымі пейзажамі, якія з маленства так палюбіў Зыгмусь.

IMG_6328.JPG

IMG_6412.JPG

Дадому яны прыехалі ўжо утраіх, у Казахстане нарадзілася дачка Святлана, а неўзабаве ў Беларусі – сынок. Хату ў Пільцах Зыгмунд пачаў будаваць яшчэ да жаніцьбы. Калі вярнуўся, хутка дабудаваў яе – і сям’я справіла наваселле.

IMG_6417.JPG

IMG_6443.JPG

- Бацька быў цудоўным будаўніком. Сваю хату ўзводзіў разам з мамай. Нікога на дапамогу не звалі, - зазначае Святлана Зыгмундаўна. - І ў акрузе татка столькі дамоў узвёў! Не пералічыць. На любую вялікую справу яго людзі клікалі. Асабліва на будаўніцтва дамоў, лазняў, гаспадарчых пабудоў. “Без Зэнькі ў вёсцы не рабілася нічога”, - казалі тады. І я не помню, каб бацька за гэта меў нейкія грошы, усё рабілася па дружбе ці як для радні.

IMG_6411.JPG

IMG_6339.JPG

IMG_6342.JPG

Зыгмунд сам майстраваў арэлі і дзіцячыя цацкі, дачка ўспамінае пра драўляных чалавечкаў. Калі іх усталёўвалі на вуліцы, то ад подыху ветру яны махалі рукамі. Рабіў мэблю: зэдлікі, сталы, ложкі (у тым ліку дзіцячыя), невялікія канапы… Быў выдатны пячнік і… мастак.

Маляванне – дзверы ва ўнутраны свет

Доўгімі зімовымі вечарамі, усталяваўшы на самаробным мальберце прамавугольнік з ДВП, ён маляваў. Колькі было радасці, калі родная сястра прывезла Зыгмусю з Вільнюса чамаданчык з фарбамі!

IMG_6356.JPG

IMG_6360.JPG

IMG_6390.JPG

IMG_6465.JPG

IMG_6452.JPG

IMG_6392.JPG

IMG_6385.JPG

“Звычайна ён маляваў пейзажы, - кажа дачка Святлана. - Не капіраваў чужыя работы. Хіба толькі партрэты па клетачках. Намаляваў сваіх бацькоў, а таксама сваякоў пасля іх вяселля. Больш за ўсё я запомніла вялікі партрэт Васіля Цёркіна, памерам больш чым 2х2 метры. На вялікую сцяну. Маляваў прыкладна ў 1976 годзе па просьбе камандзіра ракетнай часці, якая стаяла ў Дзевятнях (суседняя вёска з Пільцамі – аўт.)”.

А на сцяне ў доме Бабекаў захоўваецца карціна, якую падарыў дзед Зыгмунд унуку на дзень нараджэння ў 1984 годзе. На ёй – мужчына з хлопчыкам на рыбалцы. Не ведаю, як іншыя, а я ў сталым рыбаку дакладна бачу самога Зыгмунда Іванавіча.

IMG_6399.JPG

Увогуле, Зыгмунд даволі шмат маляваў. Свае работы ніколі не прадаваў, толькі дарыў, як правіла, родным і сябрам.

У 1972 годзе яго звалі ў Маладзечна, мастаком-афарміцелем у Дом культуры, кватэру нават прапаноўвалі. Не паехаў. Не любіў ён шумныя гарады.

IMG_6476.JPG

Дом у Пільцах, які Зыгмунд БАБЕК пабудаваў для сваёй сям’і. Спачатку ён быў драўляным, а потым гаспадар сам абклаў яго цэглай, а вакол хаты зрабіў металічную агароджу. Цяпер тут жыве дачка майстра Святлана.


Ахайнасць (па-руску “чистоплотность”) ва ўсіх адносінах – была ці не галоўнай рысай Зыгмунда Іванавіча. “Ён ніколі за жыццё не дазволіў сабе не тое, што брыдкаслоўя, нават  рэзкасці ў адносінах да людзей. Ніколі ні з кім не высвятляў адносін, толькі па-добраму да людзей, - робіць важны акцэнт мая суразмоўца. - З мамай жыў душа ў душу. Быў адналюбам. Калі мама ляжала ў бальніцы, пісаў ёй запісачкі, кароткія шчырыя лісты, якія яна складала сабе ў сумку. Тады гэта здавалася дзіўным – у сталым узросце пісаць нейкія запіскі. Але цяпер з гадамі разумееш усю глыбіню гэтых бацькоўскіх стасункаў.   

Калі мамка памерла, татка штодня хадзіў на могілкі ў Жодзішкі, ніяк не мог змірыцца з яе смерцю і вельмі прасіў, каб забрала да сябе. Праз год забрала…”

У Зыгмундзе Бабеку была такая ўнутраная (можа, прыродная) культура, выхаванасць. Адкуль у простым вясковым чалавеку столькі інтэлігентнасці і далікатнасці? Нават родным цяжка адказаць на гэта пытанне.

IMG_6334.JPG

IMG_6330.JPG

“Ён быў такі акуратыст, што і дагэтуль дзіву даешся. Нас, малых, прывучаў да чысціні з маленства. Сам заўсёды хадзіў чысценькі і асабліва ў чыстаце трымаў свае рукі. Гэта пры тым, што выконваў і самую брудную работу”, - яшчэ адзін штрышок да партрэта майстра дадае дачка.  

IMG_6428.JPG

Дома Бобекі мелі вялікую гаспадарку. Дзве каровы, бык, свіней шмат, курэй. Усё жыццё разам з жонкай Зыгмунд Іванавіч адпрацаваў на ферме “Дзевятні” даглядчыкам жывёлы і  слесарам, пазней – вартаўніком. Вельмі любіў жывёлу, прыроду. Ён і хату сабе паставіў у жывапісным месцы – праз вакно, як на далоні, лес і рака Вілія.

IMG_6442.JPG

IMG_6454.JPG

IMG_6458.JPG

IMG_6445.JPG

На бярозах паблізу хаты дагэтуль вісяць шпакоўні, кармушкі, якія майстар зрабіў для любімых птушак.   

Ён памёр у сакавіку, а восенню родныя, калі наводзілі парадак на магіле, у вянку ля крыжа знайшлі ў іх птушынае  гнядзечка са шкарлупінамі ад яек. Неверагодна! Птушкі тут звілі гняздо і вывелі птушанят. “Гэта татку была падзяка за тое, што ён так любіў прыроду”, - растлумачыла знаходку Святлана Зыгмундаўна.

Гісторыя пачалася з калыскі

Гэтага нарысу магло б і не быць, калі б аднойчы выхавальніца дзіцячага садка №8 Эдзіта Бранцэвіч не расказала, што ў іх групе з’явіўся часовы “экспанат” – калыска, якую прывёз у садок Ігар Найдзіч, бацька выхаванкі. Выдатная, сучасная, хоць цяпер у магазін – абавязкова купяць.

Гісторыю гэтага старадаўняга вырабу распавёў тата дзяўчынкі Ігар Найдзіч: “У калысцы выгадавалася некалькі пакаленняў нашай сям’і. Існавала нават традыцыя – усе дзеці павінны былі паспаць у гэтым ложачку, каб быць здаровымі. 40-гадовая калыска зроблена з сасны і лазы, матрац быў напоўнены сенам. Зрабіў калыску пад замову сваяк сям’і, майстар-самавучка Зыгмунд Бабек, чалавек з залатымі сэрцам і рукамі. Майстар умеў усё: будаваць хаты, рабіць мэблю і маляваць карціны. Яго работы ёсць у многіх кутках Беларусі і нават у Польшчы. Гэты чалавек з чулай душой вельмі любіў прыроду і перадаў гэту любоў сваім дзецям. Разам з сынам ён пасадзіў вакол сваёй хаты бярозавы гай, якому цяпер амаль паўсотні гадоў”.

калыска.jpg

“Каб зразумела распавесці малым пра гэту калыску, я спецыяльна распрацавала серыю заняткаў. Малыя даведаліся  пра прызначэнне і ўладкаванне калыскі, розныя якасці драўніны, з якіх рабілі гэту дзіцячую мэблю, пра старадаўнюю пасцельную бялізну і яе аздабленне. А яшчэ дзеці практыкаваліся самі засцілаць ложачак, маляваць розныя разьбяныя калыскі, адмыслова змешваючы фарбы пад колер драўніны, - распавядае Эдзіта Эдуардаўна. - Выхаванцы захіналі ў пялюшкі лялек-немаўлят, спявалі ім калыханкі, даведваліся пра сяброў немаўлят – лялек-мотанак, зернавушак і злую ведзьму Стрыгу з беларускіх міфаў, якой страшылі калісьці малых дзяцей.

девочка.jpg

У змесце заняткаў я выкарыстоўвала шмат фальклорных і музычных твораў. Распрацавала назіранні, імітацыйныя практыкаванні і фізкультхвілінкі, рухомыя і карагодныя гульні, практычную работу. Метадычныя распрацоўкі заняткаў можна выкарыстоўваць у дзіцячых цэнтрах творчасці, гуртковай рабоце. Такім чынам, заняткі – не толькі пазнавальныя, але і маюць глыбокі выхаваўчы ўплыў. Бо ўсе мы родам з калыскі: спачатку з сямейнай драўлянай, а потым з роднай Беларусі”.

З садка калыска перакачавала ў Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Тут ацанілі яе ўнікальнасць і каштоўнасць. Размясцілі калыску ў пакоі, дзе музейшчыкі праводзяць анімацыйную праграму “Побыт беларускага селяніна”.

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: