Традыцыі: як малышы вясну гукалі

Культура
28.03.2017
1689
Няспешна і крыху сарамліва ступае па нашай зямлі вясна.
Ва ўсе часы людзі чакалі яе, а ў пэўных рэгіёнах Беларусі існавалі абрады зазывання вясны.

10.jpg

Каб даведацца самой і пазнаёміць выхаванцаў сваёй групы з абрадам “Гукання вясны”, я паехала ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і быта, дзе прыняла ўдзел у рэканструкцыі свята. У яго аснову пакладзены этнаграфічны матэрыял традыцый беларусаў пэўных рэгіёнаў.

3.jpg

Разам з дзяўчатамі і жанчынамі я пляла вянкі з барвінка, упрыгожваючы іх каляровымі стужкамі і журавінамі. Потым хадзіла ў доўгім танку-карагодзе і спявала песні-вяснянкі. Для спеваў дзяўчаты выбралі самае высокае месца на ўзвышшы, каб іх галасы рэхам разносіліся па наваколлі і ўзляталі ў паднябессе разам з жаўрукамі.

Пасля ўсе ўдзельнікі сабраліся каля вялікага і гарачага вогнішча вадзіць карагоды і танцаваць народныя танцы. Тут я пазнаёмілася з цудоўнай жанчынай Надзеяй Касцяневіч, кіраўніком культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быта. Надзея вучыла мяне танцаваць народныя танцы і расказала цікавыя падрабязнасці пра свята “Гуканне вясны”, а потым завяла на майстар-клас па вырабу жаўрукоў з цеста.

Абавязковымі пунктамі у маёй вандроўцы было гушканне на драўляных арэлях, якія ўзлятаюць да самага сонца, і набыццё сувеніра – саламянай птушкі шчасця. Бо салома, як расказаў мне майстар, вельмі сонечны матэрыял з добрай энергетыкай.

Вярнуўшыся з вандроўкі, усе набытыя веды я скарыстала, каб правясці падобнае свята са сваімі выхаванцамі ясляў-сада №8. Бацькі дзяцей прынеслі неабходнае для пляцення вялікага вянка. Дзеці з задавальненнем спявалі карагодныя песні, танцавалі і гулялі ў народныя гульні. Але найбольш уражанняў яны атрымалі ад вырабу з цеста жавароначкаў. Цёплае, мяккае цеста так прыемна трымаць у руках, а тым больш рабіць з яго цікавых птушачак. Малыя ўважліва сачылі, каб усе птушачкі мелі вочкі з разынкаў або сушанай чарнаплоднай рабіны.

Закончылася свята чаяваннем з сапраўднага самавара. Дзеткі смакавалі духмяныя булачкі-жавароначкі і пілі чабаровы чай.

Так паступова малыя далучаюцца да сваёй спадчыны, якая з’яўляецца для нас усіх сапраўдным скарбам.

13.jpg

14.jpg

20170322_101536.jpg

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ, выхавальнік дашкольнай яслей-сад №8.

Фота аўтара. 

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!