Вечны вандроўнік - Язэп Драздовіч

Культура
06.03.2015
2040
24 лютага, у дзень нараджэння Рыгора Барадуліна, у гімназіі адбылася сустрэча гімназістаў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі Алесем Жамойціным і Міхасём Казлоўскім, якія правялі прэзентацыю кнігі “Язэп Драздовіч”.

У пачатку сустрэчы вучні старэйшых класаў выступілі з вершамі Мар’яна Дуксы, Алы Клемянок, Віктара Шніпа. Потым слова далі Алесю Жамойціну. Алесь Пятровіч працуе загадчыкам...
24 лютага, у дзень нараджэння Рыгора Барадуліна, у гімназіі адбылася сустрэча гімназістаў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі Алесем Жамойціным і Міхасём Казлоўскім, якія правялі прэзентацыю кнігі “Язэп Драздовіч”.

У пачатку сустрэчы вучні старэйшых класаў выступілі з вершамі Мар’яна Дуксы, Алы Клемянок, Віктара Шніпа. Потым слова далі Алесю Жамойціну. Алесь Пятровіч працуе загадчыкам літаратурна-мемарыяльнага музея Францішка Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна. Мяне вельмі захапіла яго выступленне. Шмат шчырых і пераканальных слоў было ім сказана пра родную мову і гісторыю нашага краю, але мне ў душу запалі вось гэтыя: “Трэба гаварыць па-беларуску, каб не быць рабамі чужой волі.” Гэтымі словамі паэт, магчыма, запаліў агеньчыкі ў душах гімназістаў. Таксама ён прачытаў нам свой верш на памяць, ад якога аўдыторыя засталася ў захапленні.
Вельмі прыемна было бачыць на нашай сустрэчы Міхася Казлоўскага, беларускага краязнаўцу, грамадскага дзеяча, крытыка, публіцыста, выдаўца, які прыехаў з Маладзечна. Пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. Ён прэзентаваў нам кнігу “Язэп Драздовіч”, укладальнікам якой ён і з’яўляецца, а таксама такія вядомыя пісьменнікі, як Ала Клемянок і Мар’ян Дукса. Нам прадставілі кнігу менавіта пра Язэпа Драздовіча, таму што жыццёвы шлях гэтага “вечнага вандроўніка” прайшоў праз Смаргонскі раён. Геніяльны мастак наведваў Кушляны, дзе сустракаўся з Францішкам Багушэвічам і зрабіў замалёўку капліцы ў сядзібе пісьменніка. Акрамя гэтага Язэп Драздовіч пакінуў нам замалёўкі Крэўскага замка, краявідаў Крэва, а таксама замалёўку хаты ў вёсцы Арляняты вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратара таго часу Адама Станкевіча.
Міхась Казлоўскі даволі падрабязна расказаў нам і пра Язэпа Драздовіча, і пра кнігу, прысвечаную мастаку, у якой утрымліваецца ўласная кніга Язэпа Драздовіча, запісы з яго дзённіка, нататкі Арсеня Ліса пра яго.
Увогуле, з першых хвілін сустрэчы ў зале склалася прыемная атмасфера і ўзнікла ўзаемасувязь паміж запрошанымі гасцямі і ўсімі прысутнымі. І мне, як чалавеку, які цікавіцца беларускай мовай і літаратурай, было прыемна чуць, як хораша гучыць беларуская мова з вуснаў нашых пісьменнікаў і вучняў гімназіі, якія, на жаль, так рэдка размаўляюць на ёй. Уразілі словы Алеся Пятровіча пра тое, што беларусы пачынаюць разумець галоўнае: беларуская мова - гэта іх воля, і не трэба забывацца пра яе.
Вядома, хочацца, каб такія сустрэчы праводзіліся часцей і не толькі на ўзроўні школ, але і раёна. У такія гадзіны стасункаў з беларускімі пісьменнікамі моладзь чуе з вуснаў вядомых, аўтарытэтных асоб меркаванне пра тое, што мы павінны захаваць сваю мову, каб захаваць сябе, бо яна закладзена ў нас генетычна ад нашых далёкіх продкаў. І тады з’яўляецца жаданне больш глыбока пазнаваць гісторыю роднай мовы і культуры.

Анастасія Паржон,
гімназія.