Выстава Васіля Бурава адкрылася ў Залескім музеі-сядзібе імя М.К. Агінскага

 

Выстава Васіля Бурава адкрылася ў Залескім музеі-сядзібе імя М.К. Агінскага

Культура
06.03.2021
3371
“Усе мае работы створаны ў розны час і ў розным настроі. Напісаны яны ад шчырага сэрца і вычарпаны з глыбіні маёй душы”,  – вось так лаканічна і зразумела выказаўся пра сваю творчасць маладзечанскі мастак Васіль Бураў. Адкрыццё персанальнай выставы “Адгалосак душы” адбылося ў Залескім музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага 6 сакавіка і стала цудоўным падарункам не толькі для жанчын, але і для ўсіх знатакоў і аматараў мастацтва.

Васіль Бураў нарадзіўся ў Пухавіцкім раёне. Скончыў факультэт станковага жывапісу і графікі Маскоўскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго працоўная дзейнасць была звязана з цяжкай фізічнай працай, а ў вольны час мастак тварыў.

У яго творчым “заплечніку” – больш за 700 работ. Васіль Бураў працаваў ва ўсіх жанрах: партрэт, нацюрморт, пейзаж, іканапіс… У кожнай рабоце – свая гісторыя. Найперш карціны прывабліваюць яркім каларытам, а калі ўглядаешся – бачыш нешта глыбокае, філасофскае, што прымушае задумацца…

158286227_2848463148741817_1874902919433583056_n.jpg

Не адразу я разгадала сэнс работы “У наступным жыцці”. Здавалася б, проста пейзаж, буйным планам - галінка з лісточкамі, пакрытымі інеем. Але калі прыгледзелася, то ў абрысах лістоў заўважыла профілі мужчыны і жанчыны, якія глядзяць у розныя бакі. І я зірнула на карціну па-іншаму. Пачала адкрываць для сябе новыя, схаваныя ад няўважлівага вока сэнсы.

158463496_2434680410011625_4955639794101053717_n.jpg

А вось разгадку работы “Не лёс” знайшла адразу: муж і жонка – ужо былыя. Не здолелі ўтрымаць сваё каханне. Пераварушылі брудную бялізну, развесілі яе на вяроўку, якая падзяліла іх сумеснае жыццё. Мужчына са сваімі праблемамі застаўся на адным баку, жанчына – на другім. Паветранымі шарыкамі разляцеліся ў розных накірунках іх заручальныя пярсцёнкі.

У кожнага творчага чалавека тэарэтычна павінна быць муза. Кожны ўяўляе яе па-свойму. Мастак прапанаваў свой варыянт – жанчыну, якая, нібы на струнах, грае на промнях сонца. Неверагодны вобраз!

157566066_349976069548551_8054632572317013514_n.jpg

Тэму вечнага жыцця мастак раскрыў у рабоце “Memento mori”. Васіль Бураў лічыць, што кожны чалавек павінен помніць пра смерць, дакладней пра тое, што будзе пасля яе. У цэнтры кампазіцыі – рука Усявышняга з напамінам пра тое, што трэба жыць, выконваючы 10 хрысціянскіх запаветаў. Толькі ў гэтым выпадку можна разлічваць на вечнае жыццё. У вобразе анёла-ахоўніка пры жыцці мы бачым вочы хірурга (частка твару закрыта маскай).

Але пакуль я не пачула тлумачэнне мастака, палічыла, што работа створана зусім нядаўна – як адказ на пандэмію каронавіруса. Медыцынскі работнік у масцы апошнім часам, у маім уяўленнні, – барацьбіт з сусветна вядомай заразай. Аказалася, карціна напісана ў 2006 годзе, але, на мой погляд, асабліва актуальнай яна стала цяпер.

157657004_1167216210378436_7990461652032888080_n.jpg

Залескаму музею-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага Васіль Бураў падарыў карціну “Паланэз Агінскага”, якую ён стварыў ў 2014 годзе. Што цікава: у той жа год музей-сядзіба адкрылася пасля рэканструкцыі. Мастак прызнаўся, што яшчэ ў дзяцінстве ён палюбіў паланэз “Развітанне з Радзімай”. Пачуў яго ў фільме, дзе галоўны герой - хлопчык - выконвае твор на скрыпцы. “З малых гадоў я помню гэты паланэз, які выконваецца менавіта на гэтым інструменце”, - удакладніў Васіль Бураў. Вось тады я зразумела, чаму аўтару паланэза мастак даў у рукі скрыпку.

Першая персанальная выстава Васіля Бурава прайшла прыкладна дзесяць гадоў таму. У Залессі – 47 па ліку. Працаваць яна будзе да 1 мая.

156962892_2502864853342449_4500954662992119048_n.jpg

157172372_1073850749757929_385858433006181256_n.jpg

157526064_272261264272987_7325856679696362759_n.jpg

157646517_248127827005008_3775621824019419916_n.jpg

157739602_1589210551268731_678431245894055316_n.jpg

158053304_4078876648809497_3890945165140834981_n.jpg

158056476_174171677654964_6583701020345385784_n.jpg

158090924_1488443778154243_6744682951295897611_n.jpg

158258133_1760726304107390_8660949804128282545_n.jpg

158288972_441160207098776_109207324894211518_n.jpg

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: