Лічбавы летапіс роду Міхала Клеафаса Агінскага

 

Лічбавы летапіс роду Міхала Клеафаса Агінскага

Культура
03.03.2021
4203
Гэтымі днямі ў рэспубліканскіх СМІ праляцела  навіна, якая заслугоўвае асаблівай увагі смаргонцаў: створаны і працуе ў Беларусі міжнародны электронны інфармацыйна-гістарычны цэнтр “Міхал Клеафас Агінскі. Жыццё. Лёс. Час.” пры лабараторыі інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі Навук.

огинский.jpg

Сёння мы можам гаварыць пра “ўвядзенне ў эксплуатацыю” яшчэ толькі першага раздзелу гэтага ўнікальнага электроннага праекта.

Раздзел прысвечаны гісторыі роду князёў Агінскіх – з ХІV ст., калі яны пачалі правіць удзельным Казельскім княствам, што было некалі размешчана на паўднёвым захадзе ад сённяшняй Калугі. Знойдзена мноства гістарычнай інфармацыі пра высокае паходжанне роду Агінскіх ад князёў кіеўскіх Рурыкавічаў і пра іх пазнейшае княжанне ў Смаленскай і Чарнігаўскай землях, а таксама пра прычыны перасялення продкаў Міхала Клеафаса ў Вялікае Ккняства Літоўскае. Апошнія напрацоўкі ўкраінскіх і літоўскіх вучоных прыносяць сёння шмат новага аб старажытнай гісторыі выдатнага роду, і гэтае новае становіцца даступным усім нам, дзякуючы інтэрнэту. Менавіта ў Сусветнай павуціне будзе шырока распаўсюджана інфармацыя пра веліч і дабрачынныя справы роду князёў. Канчатковы варыянт электроннага праекта задумана стварыць на 4 мовах: беларускай, рускай, польскай і англійскай. Першы варыянт ствараецца на рускай мове, як на мове, найбольш шырока распаўсюджанай на постсавецкай прасторы. На рускую мову ў 2015 годзе былі перакладзены і ўспаміны самога М. К. Агінскага, яго “MЕMOIRES Sur la Pologne et les Polonais. Depuis 1788 jusq’а la fin de 1815” (“Мемуары аб Польшчы і паляках з 1788 па 1815 гг.”), ад якіх адштурхоўваліся мінскія праграмісты пры асвятленні біяграфіі Агінскага.

Дзякуючы працы калектыву пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук Ліліі Васільеўны Губіч падзеі тых часоў перастаюць быць для нас белымі плямамі. Хочацца падзякаваць і энергічнаму каардынатару праекта – навуковаму супрацоўніку лабараторыі №115 АІПІ НАН Беларусі Наталлі Муха, якая распрацоўвае і прадстаўляе на ўсеагульны агляд канкрэтныя прэзентацыі канкрэтнага гістарычнага перыяду. У распрацоўцы праекта прымае ўдзел і лабараторыя №221, якая займаецца распрацоўкай уласнага вэб-сайта праекта “Агінскі”. Яе загадчык – Юрый Гецэвіч.

Праз прызму біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага вучоныя паказваюць нам усю яго складаную эпоху, яе ўзлёты і катастрофы, сувязі і перапляценні лёсаў асобных людзей і гістарычных падзей. А ў суме ярка і наглядна вымалёўваецца гісторыя нашага кавалачка зямлі – Беларусі – на фоне гісторыі Еўропы і свету. Пра нешта такое ўсеабдымнае можна было толькі марыць.

Нельга сказаць, што ідэя стварэння электроннага цэнтра “Агінскі” нарадзілася нечакана і на пустым месцы. Спачатку спатрэбілася сустрэча работнікаў лабараторыі з энтузіястамі адраджэння славы роду Агінскіх у Літве і ўзгадненне мэты і плана работы з кіраўніцтвам НАН. У НАН добра разумеюць, што стварэнне такога праекта – гэта стварэнне шырокай гістарычнай панарамы ў сусветнай віртуальнай прасторы. Праект можна назваць лічбавым летапісам, нагляднай ілюстрацыяй гісторыі Беларусі на прыкладзе гісторыі роду Міхала Клеафаса Агінскага. Ствараецца ўнікальны прадукт, якім змогуць карыстацца ў сваёй дзейнасці навукоўцы, студэнты, работнікі культуры, адукацыі і кожны чалавек, які цікавіцца айчыннай і еўрапейскай гісторыяй. На падставе матэрыялаў праекта можна будзе пісаць новыя кнігі, рэфераты і нават дысертацыі, складаць сцэнарыі культурных мерапрыемстваў.

Праект гэты арыгінальны і разгалінаваны. Галоўныя яго раздзелы: “Этапы жыцця М. К. Агінскага” (разбіты на 10 часовых перыядаў жыцця М. К. Агінскага), “Біяграфія”, “Землі Беларусі”, “Рэч Паспалітая”, “Расійская імперыя”, “Заходняя Еўропа”. Яны маюць такія даведачныя падраздзелы, як “Біяграфіі асобаў з атачэння М. К. Агінскага”, “Літаратурныя і мемуарныя крыніцы прапанаванай інфармацыі”, “Музычная творчасць Агінскага”, “Продкі”, “Нашчадкі”, “Першы шлюб М. К. Агінскага”, “Другі шлюб” і інш. Я асабіста ў працы над электронным праектам выконваю ролю гістарычнага кансультанта і перакладчыка матэрыялаў пра Агінскага з польскай мовы. Пры асвятленні тэмы “Першы шлюб М. К. Агінскага” мне давялося спецыяльна напісаць біяграфічныя артыкулы аб першай жонцы Міхала Клеафаса  Ізабэле з Лясоцкіх і абовух яго сынах – Тадэвушы Антоніі і Францішку Ксаверыі. Звесткі давялося здабываць у краязнаўчым музеі г. Бжэзіны ў Польшчы, дзе нарадзіліся першыя дзеці Міхала Клеафаса. У далейшым давядзецца гэтак жа скрупулёзна паставіцца да напісання гісторыі другога шлюбу і біяграфій усіх найбольш вядомых нашчадкаў Агінскага. Гэта запатрабуе часу, але падбадзёрвае тое, што матэрыялу для артыкулаў хапае, а ў электронным праекце заўсёды ёсць месца для новых адкрыццяў і матэрыялаў.

Хацелася б прачытаць пра Міхала Клеафаса Агінскага нешта мастацкае і маляўнічае. І яно абавязкова будзе створана, бо асоба М. К. Агінскага і яго музыка не могуць не натхняць на мастацкую творчасць. Але без рэальнай дакументальнай базы мастацкае фантазіраванне не прынясе карысці, бо без ведання канкрэтных гістарычных рэалій фантазія проста не абудзіцца. 

Эпоха М.К. Агінскага яшчэ дасюль застаецца слаба асветленым перыядам у нашай гістарычнай памяці, хаця яна была пераломнай эпохай, калі абрушыліся шматвекавыя дзяржаўныя ўстоі Рэчы Паспалітай. Стварэнне такога ўнікальнага праекту, як “Агінскі”, паспрыяе нашай больш глыбокай гістарычнай асвеце і паслужыць прыкладам для новых навукова-асветніцкіх праектаў.

Статьи по теме: