Будні сельскіх культработнікаў

Культура
11.03.2016 11:31
1447
Святлана БАБЕНКА з Інай ХАРКО.

Для каго ў будні свята, таму ў свята – будні. Гэта фраза, сказаная некім з сарказмам, для большасці спецыялістаў сферы культуры даўно стала спецыфікай іх работы. А што да клубных арганізатараў культурнага адпачынку, то тут гутарка асобная: кожны з іх, зноў жа кажучы фразеалагізмам, і швец,...
IMG_7685 Святлана БАБЕНКА з Інай ХАРКО.


Для каго ў будні свята, таму ў свята – будні. Гэта фраза, сказаная некім з сарказмам, для большасці спецыялістаў сферы культуры даўно стала спецыфікай іх работы. А што да клубных арганізатараў культурнага адпачынку, то тут гутарка асобная: кожны з іх, зноў жа кажучы фразеалагізмам, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Ды што пра клубных работнікаў казаць, калі нават вадзіцель Віктар Матуш рэгулярна з’яўляецца ў новых вобразах на розных мерапрыемствах і розных сцэнах устаноў культуры.

У Сінькоўскі Дом культуры загадчык аддзела метадычнай работы РЦК Тамара Сяменчанка і яе калегі метадыст Ганна Дубнік і кіраўнік аддзела па развіцці народнай творчасці Іна Харко прыехалі знянацку. У памяшканні было надзвычай ціха, толькі недзе на другім паверсе чуліся прыглушаныя галасы. Як высветлілася, загадчыца ДК Зоя Варпаховіч і мастацкі кіраўнік Святлана Бабенка абмяркоўвалі сцэнар і канцэртную праграму да раённага агляду-конкурсу мастацкай творчасці. Хармайстар і кіраўнік народнага фальклорнага калектыву вёскі Шутавічы Наталля Руткоўская прапаноўвала ўключыць песню, якая нядаўна папоўніла рэпертуар ансамбля. На маё здзіўленне, хіба не ўсе мясцовыя песні запісаны і перапеты сотні разоў, жанчыны ў адзін голас адказалі: “Якое там!” І распачалі пераконваць, што насамрэч невычарпальная крыніца творчасці народнай.

Пошук і запіс аўтэнтычных спеваў працягваецца. Вось і нядаўна новая песня “Пасею гурочкі” адроджана з небыцця. Усё цяжэй знаходзіць выканаўцаў для гэтых песень. Але ёсць яшчэ энтузіясты і аматары. Ёсць яшчэ вялікае жаданне захаваць і перадаць у спадчыну новым пакаленням гэтыя бясцэнныя скарбы, што найлепш адлюстроўваюць багацце народнай душы, ідэнтыфікуюць нас як нацыю. Сінькоўскім спецыялістам пашчасціла, што побач сярэдняя школа, дзе можна знайсці ініцыятыўных аматараў спеваў і танцаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэатральнага жанру. Плённа працуе дзіцячы фальклорны калектыў “Буслянка”. Яго выхаванцы зусім маленькія, але гэта дае надзею, што праз год-другі будзе вынік і будзе чым ганарыцца.

А колькі прозвішчаў таленавітых і дбайных майстрых прагучала ў адказ на маё пытанне пра народныя таленты. Іх вырабы можна пабачыць на фэстах, выставах, святах вёсак. Якія забаўныя і характарныя лялькі вырабляе Алена Вайтэнка! Папулярнасцю ў мясцовых модніц карыстаюцца яе канзашы. Таццяна Міжыгурская ў вольны ад работы на ФАПе час займаецца бісерапляценнем. Яе кветкавыя букеты атрымліваюцца такімі натуральнымі, што маленькая дачушка Ангеліна міжволі цягнецца носікам, каб удыхнуць водар. Ды што там дзіця, калі нават кот унюхваецца, выцягваючы шыю насустрач яркай галінцы бела-ружовай бісернай фуксіі.

Апошнім часам перад работнікамі сельскіх устаноў культуры ў шэрагу іншых клопатаў стаіць важная задача – запісаць на электронныя носьбіты аўтэнтычныя спевы. Працуюць над гэтым і спецыялісты ды аматары народных песень Сінькоўскага Дома культуры.

Зоя ВАРПАХОВІЧ і Наталля РУТКОЎСКАЯ рэпетыруюць новую песню. Зоя ВАРПАХОВІЧ і Наталля РУТКОЎСКАЯ рэпетыруюць новую песню.


Таццяна МІЖЫГУРСКАЯ са сваёй галінкай з бісеру. Таццяна МІЖЫГУРСКАЯ са сваёй галінкай з бісеру.


Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений