Як крэўскія з рознымі пошасцямі змагаліся

 

Як крэўскія з рознымі пошасцямі змагаліся

Культура
11.07.2020
2486

Тэма каранавіруса нам усім ужо даўно надакучыла. Тым не менш, хвароба гэтая пакідаць нас быццам бы пакуль не збіраецца, і таму назва яе яшчэ доўгі час не будзе сыходзіць з языка ў жыхароў планеты. Я не стану дзяліцца нейкімі сваімі асабістымі меркаваннямі пра сённяшнюю праблему, гляну лепш на яе з пункта гледжання краязнаўцы – раскажу на прыкладзе Крэва, як нашым продкам даводзілася сутыкацца з падобнай бядой у мінулым, і як яны з ёй спрабавалі змагацца. Але пачну з аднаго памылковага факта.

крэва ход.jpg

Неаднойчы даводзілася чытаць і чуць пра магічны абрад абворвання селішча, які быццам бы праводзіўся крэўскімі жыхарамі, калі ўзнікала пагроза пранікнення ў мястэчка халеры ці якой іншай напасці. Зводзіўся ён да наступнага.

Абрад праводзіўся жаночай паловай паселішча пры пагрозе прыходу ў яго якой-небудзь заразы. Для правядзення абраду выбіралі трох нявінніц, дзяўчат прыстойных паводзін. Ім загадвалі поўнасцю распрануцца і ў такім выглядзе ўпрэгчыся ў саху. Затым дзяўчаты павінны былі пракласці вакол паселішча баразну, якая лічылася выратавальнай. “Тройку” суправаджаў натоўп старых жанчын, якія лямантавалі, білі па патэльнях, косах і вёдрах, каб створаным шумам адагнаць ад працэсіі нячыстую сілу. Калі на іх шляху трапляўся мужчына, то, даведзеныя да шаленства жанчыны, маглі яго пабіць.

Неяк раз я запярэчыў аднаму экскурсаводу, які заўзята распавядаў у Крэве сваім слухачам пра гэты нібыта тутэйшы абрад, што ён да нашага мястэчка дачынення не мае. Па-першае, паселішча нашае хоць і невялікае, але кампактным яго не назавеш. Таму абараць Крэва сіламі трох маладых дзяўчат было б вельмі праблематычна. Тым больш, што мясцовы ландшафт са шматлікімі крутымі пагоркамі, ярамі ды густым кустоўем навокал ствараў бы для іх дадатковыя цяжкасці. Па-другое, ніхто з мясцовых старажылаў пра падобнае ніколі не згадваў, ды і пісьмовых крыніц, дзе абрад апісваецца з прывязкай да нашай мясцовасці, быццам бы таксама няма. У сваю чаргу, экскурсавод запярэчыў мне: “Абрад апісаны ў кнізе Эдуарда Ляўкова “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”.

Што ж, прыйшлося яшчэ раз перагледзець гэтую кнігу, да якой я ўжо некалі звяртаўся, калі збіраў матэрыялы пра ракавецкія скарбы.

2. камень.jpg

І сапраўды, апісанне абраду абворвання паселішча ў згаданай кнізе маецца. Праўда, там нідзе не сказана, што ён, як і мноства іншых прыведзеных аўтарам цікавых і экзатычных засцерагальных абрадаў з розных куткоў Беларусі, быў характэрны для Крэва. Проста, у кнізе ён папярэднічае аповеду пра крэўскі камень-абярэг (або збярог-камень), таму многія чытачы міжволі аб’ядноўваюць гэтыя два паведамленні ў адно цэлае.

А камень, пра які піша Э. Ляўкоў, і які таксама мае дачыненне да абранай намі тэмы размовы, захаваўся да нашых дзён. Знаходзіцца ён на вуліцы Дзяржынскага (колішняй Татарскай), наўпрост пры дарозе, амаль на самым выездзе да трасы Мінск-Вільнюс.

Па словах аўтара, у 1871 годзе, калі на Беларусі лютавала эпідэмія халеры, у Крэве былі пастаўлены чатыры такія абярэгі, каб засцерагчы мястэчка ад пранікнення ў яго цяжкай хваробы. Не буду спрачацца з аўтарам, але, памойму, на камені выбіты ўсё ж 1831 год. Сапраўды, перадапошняя лічба ў даце больш нагадвае той варыянт “тройкі”, які, да прыкладу, мела савецкая трохкапеечная манета – з верхняй часткай, як у “сямёркі”.

І менавіта ў 1831 годзе халера ў чарговы раз ахапіла ўсю Расійскую імперыю. Найчасцей гэта хвароба прыходзіла ў Расію з блізкаўсходніх краін. Так было і ў той год. Магчыма, што да зямель колішняй Рэчы Паспалітай эпідэмія і не дайшла б, але яе прынеслі расійскія вайскоўцы, якія прыбылі сюды, каб падавіць гэтак званы “польскі мяцеж”, які ўспыхнуў якраз у 1831 годзе.

На невялікім пагорку, які знаходзіцца непадалёк ад Аляксандра- Неўскай царквы, і які ў народзе называюць Міколай, калісьці стаяла Мікалаеўская царква. Па словах найстарэйшых жыхароў мястэчка, на могілках пры гэтай царкве некалі хавалі ахвяраў халеры. Расказваюць, што памерлых у час эпідэміі было так многа, што ў адну магільную яму змяшчалі па некалькі трунаў. Магчыма, гэта і адбывалася ў той год, калі былі пастаўлены тыя чатыры камяні-абярэгі, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён. А магчыма, што і раней. Бо, так званая Моравая панна, завітвала сюды нярэдка, нягледзячы на тое, што стасункі паміж рознымі тэрыторыямі былі ў мінулыя часы не такімі актыўнымі, як цяпер.

Найчасцей, эпідэміі з’яўляліся цяжкім наступствам войнаў ці якіх іншых сацыяльных катаклізмаў. Калі закончылася Першая сусветная вайна, нашы продкі яшчэ доўгі час не маглі выкараскацца з таго бядотнага становішча, у якім апынуліся. Жыццё ў сырых зямлянках, грызуны, нястача і голад былі прычынай развіцця цяжкіх заразных хваробаў. Спачатку людзей мучыла “іспанка” – ці не самая масавая пандэмія грыпу, затым розныя віды тыфу. Лекараў не хапала, лекаў таксама. Прыходзілася звяртацца і да старых дзедаўскіх спосабаў барацьбы з цяжкімі хваробамі, у тым ліку магічных.

У час Другой сусветнай вайны ў Крэве і навакольных вёсках паўстала каля дарог мноства вялікіх дубовых крыжоў. Стаялі б яны і да нашага часу, каб не былі знішчаны па волі савецкай улады. Мэты іх устаноўкі, а таксама таямнічая атмасфера, у якой усё гэта ажыццяўлялася, кажуць пра тое, што абрад таксама быў запазычаны ад нашых далёкіх продкаў.

Найстарэйшыя жыхары Крэва расказваюць, што спрадвеку ставілі такія абярэгі дзеля таго, каб выратаваць паселішча ад розных эпідэмій, а ў час войнаў – яшчэ і ад разбурэнняў і пажараў. Як сведчаць старажылы, пры іх узвядзенні патрэбна было прытрымлівацца пэўных правілаў і ўмоўнасцей. Згодна з імі, усе працы - ад пілавання дрэва да ўстаноўкі крыжа - павінны быць выкананы мужчынамі ад заходу сонца да світанку. За гэты ж час жанчыны мусілі апрацаваць лён, напрасці нітак і выткаць з іх ручнік, які вешаўся, пакуль не паднялося сонца, на толькі што ўсталяваны крыж. Калі ж па нейкіх прычынах не ўдавалася завяршыць рытуал да ўсходу, лічылася, што ніякай магічнай сілы абярэг мець не будзе.

Аляксандр КАМІНСКІ.