Фестываль нацыянальных культур: што чакаеце ад свята? (БЛІЦ-АПЫТАННЕ)

 

Фестываль нацыянальных культур: што чакаеце ад свята? (БЛІЦ-АПЫТАННЕ)

Культура
04.03.2020
2027
Свята фальклорнага разнаквецця – Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур – пройдзе сёлета ў Гродне 5 і 6 чэрвеня, а 7 – усіх запросяць на Аўгустоўскі канал, дзе таксама плануецца насычаная праграма.

Кожны раз  у фестывальныя дні шматлюдна і святочна. Жыхары Смаргоншчыны таксама бываюць на гэтым фэсце. Некаторыя збіраюцца сёлета туды паехаць. Мы пацікавіліся ў іх, што на гэты раз яны чакаюць ад фестываля? Якія “фішкі” маглі б стаць яго упрыгожваннем? Ці будуць яны глядзець онлайн-трансляцыю, калі не будуць мець магчымасці патрапіць у Гродна?

Марына Клуйша:

IMG_8639.JPG

Фестываль нацыянальных культур кожны раз здзіўляе навізной, самабытнасцю, шматколернай палітрай нацыянальных культурных зносін, таленавітых людзей. Спадзяюся, што і на гэты раз арганізатары фестывалю знойдуць, чым здзівіць яго наведвальнікаў. Лічу цудоўнай задумай пашырыць фестывальную пляцоўку па-за межамі горада, на Аўгустоўскім канале.

Сёлета мы будзем святкаваць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Яе нашы продкі здабывалі не ў адзіночку, а з іншымі народамі. Таму было б вельмі здорава, каб лейтматывам свята стала думка, што 75 гадоў Вялікай Перамогі – гэта яднанне ўсіх народнасцей да агульнага міру, дабрабыту і ўзаемаразуменню. 

Лічу, што карысна і цікава - паказаць у горадзе майстроў узоры нацыянальнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Можа, нават арганізаваць цэлы музей, экспанаты для якога ўзяць з фондаў нацыянальнай культурнай спадчыны.

Маштаб фестывалю вялікі, але, на жаль, мала хто са смаргонцаў бывае на гэтым свяце. На мой погляд, выдатна было б устанавіць у Смаргоні і ў іншых райцэнтрах вялізныя экраны, на якім ішла б онлайн-трансляцыя фестывалю. Ад пачатку і да завяршэння. Каб як мага больш людзей убачылі гэта неверагоднае відовішча.

Ала Страшынская:

IMG_8654.JPG

- На фестывалі нацыянальных культур у Гродне я была шмат разоў. На гэты раз таксама збіраюся і чакаю ад свята новых знаёмстваў, адкрыццяў, нечаканых прыемных сюрпрызаў. Чула, што сёлета фестываль выйдзе за межы горада, пройдзе на Аўгустоўскім канале. Гэта цудоўна. Там шмат цікавых аб’ектаў і магчымасцей для адпачынку. Думаю, гэта пойдзе на карысць фестывалю і прыцягне больш удзельнікаў і гасцей.

Добра было б праводзіць нацыянальныя гульні або тэатралізацыю нацыянальных святаў, або на прыкладзе казачнага героя знаёміць гасцей падворкаў з асаблівасцямі нацыянальных традыцый і менталітэту. Правядзенне фотасесіі ў нацыянальных строях таксама вельмі цікавая ідэя.

“Фішкай” свята могуць стаць бясплатныя машыны грамадскага транспарту і маршруткі, упрыгожаныя ў колеры фестывалю. Праехацца на такім транспарце да Аўгустоўскага канала – значыць, займець дадатковыя прыемныя эмоцыі.

Онлайн-трансляцыя для мяне асабіста – неактуальная. Людзі самі выкладваюць у сацыяльных сетках і фота,  і відэа. І я з задавальненнем іх пагляджу ў ВК ці Фэйсбуку, пацікаўлюся навінамі фестывалю ў сродках масавай інфармацыі. 

Святлана Афанасьева:

IMG_8645.JPG

Я вельмі люблю чытаць. Літаратуру разглядаю ў кантэксце культуры. На любым свяце заўсёды цікаўлюся кніжнымі выставамі, навінкамі літаратуры, новымі аўтарамі. Падчас фестывалю ў Гродне хацелася б таксама бліжэй пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў не толькі беларускіх, але і з іншых краін, іншых нацыянальнасцей.

Лічу выдатнай ідэяй падчас фестывалю правесці асобныя імпрэзы менавіта на Аўгустоўскім канале. Апошнім часам у гэтым месцы рэалізуюцца розныя цікавыя праекты. Думаю, літаратурныя імпрэзы пад адкрытым небам таксама прываблівалі б гродзенцаў і гасцей абласнога цэнтра.

Таццяна Копач:

IMG_8641.JPG

На жаль, я не была на фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Але даволі актыўна цікавілася творчымі справаздачамі ў газетах і на тэлебачанні. Заўсёды ўражваў размах гэтага свята.

Дарэчы, летась я пабывала на падобным фэсце ў Магілёве. Там таксама на працягу двух дзён працавалі розныя творчыя пляцоўкі. Не толькі беларусы, але і рускія, грузіны, азербайджанцы і іншыя народнасці прадстаўлялі свае строі, музыку, танцы, стравы.  Неверагодна цікава.

Таму я жадаю кожнаму беларусу пабываць на такіх святах. А калі няма магчымасці, то было б выдатна арганізаваць онлайн-трансляцыі. Каб як мага больш людзей апынулася ў атмасферы такога маштабнага фестывалю.

Таццяна Зеновіч:

IMG_8649.JPG

Мне пашчасціла некалькі разоў пабываць на фестывалі нацыянальных культур. Уражанні – самыя прыемныя. Каларыт, яскравасць, прыгажосць. Святочнае шэсце, тэатралізацыя, нацыянальныя падворкі, якімі напоўнены практычна ўсе куточкі Гродна. Я ведаю, што і сёлетняе свята падорыць незабыўныя эмоцыі. Хто пабываў на фэсце адзін раз, прыедзе сюды зноў і зноў.

Лічу цікавай задумай пашырыць тэрыторыю свята. На мой погляд, было б выдатна, каб на Аўгустоўскім канале сабраліся паэты, этна-спевакі, музыкі…

Я з’яўляюся дырэктарам Залескага дом рамёстваў і сёлета будзе ўдзельнічаць ў фестывалі. У горадзе майстроў як рамеснікі, як творцы мы прадставім свае работы. На жаль, не будзем мець магчымасці ўбачыць увесь маштаб свята, але асобныя моманты – абавязкова. Думаю, што работы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (напрыклад, беларуская саломка, грузінскія дываночкі) яшчэ больш падкрэсляць нацыянальную асаблівасць на падворках розных народаў.

А каму не ўдасца патрапіць на свята, прапаную сачыць на навінамі ў інтэрнэце, газетах і тэлебачанні.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара. 

Статьи по теме: