У чым сіла, брат? У музыцы

 

У чым сіла, брат? У музыцы

Культура
05.09.2019
2341
Пра Шчопаны я зусім нічога не ведала да таго часу, пакуль у мяне на руках не аказаліся аўдыязапісы шчопанскага музыкі Мар’яна Расахацкага, якія сталічны аматар народнай музыкі і танцаў прапанаваў мне для азнаямлення. Удзельніца адной з этнаграфічных экспедыцый Іна Назіна напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя запісала, як грае шчопанскі гарманіст. Гучаў баян з дудачкай.

Слынны музыка

Калі мы прыехалі ў Шчопаны, вырашылі не блукаць, а зайсці ў першую хату, дзе бабулька мне тут жа паведаміла, што музыкі даўно няма ў жывых, яго дом дачка з Мінска выкарыстоўвае пад лецішча. А яшчэ ў Шчопанах жыве Ізыдор Емельяновіч, сваяк Мар’яна Расахацкага, які можа нешта ведаць.

- Расахацкі быў слынным музыкам… - пацвердзіў 88-гадовы Ізыдор. - У Лісічыне – Мечык Багдановіч. У Жупранах - Бабраўніцкія. А ў нашай старане – Мар’ян. Яго бацька Міхал граў на кларнеце, малодшы брат на акардэоне, а старэйшы Леанід – на барабане. Усюды - на танцы, на вяселлі, на провады - іх запрашалі.

IMG_20190722_0001.jpg 

IMG_20190722_0003.jpg

- А ці помніце, каб Мар’ян яшчэ і на дудачцы падыгрываў? – цікаўлюся.

- Помню. Я нават помню, як упершыню, было мне гадоў адзінаццаць (у 1942 годзе – аўт.), убачыў, як робіцца гэта дудачка.

Музыка з Поцевіч Віктар Карвэцкі на маіх вачах з каровінага рага зрабіў раструб - шклом чысціў-гладзіў яго, а з бэзу - “голас”. Надта гэту дудачку ўпадабалі. Віктара хутка вывезлі ў Германію на прымусовыя работы, назад ён не вярнуўся, застаўся жыць за мяжой. Казалі, што інструмент ён аддаў Мечыку ў Лісічына (Мечыслаў Багдановіч быў героем нашага матэрыялу – аўт.).

Крыху пазней раструб да дудачкі сталі клеіць з пластыку (дзе тых рагоў набярэшся?), а “голас” рабіць з трыснягу. Дудачка гэта разышлася па ўсім свеце. Калі я служыў на Белым моры, у Архангельскай вобласці, быў у нас музыкант Козіч, якому брат з Астравецкага раёна прыслаў дудачку. І стала яна гучаць на канцэртах у клубах па ўсёй ваеннай акрузе. А Мар’ян Расахацкі дружыў моцна з Мечыкам Багдановічам. Яны разам рабілі гэтыя дудачкі.

“Севастопальскі вальс” пад дудачку

Праз тыдзень мы сустрэліся з дачкой Мар’яна, Сабінай Пятрэнка. Дамовіліся загадзя па тэлефоне. Я прасіла фотаздымкі музыкі, а ўзамен абяцала даць паслухаць аўдыязапісы. Здавалася, адна ад адной мы чакалі нечага неверагоднага.

- Сабіна Мар’янаўна, што вы помніце з таго, што граў бацька? – пацікавілася перад тым, як уключыць запіс.

- Я помню “Севастопальскі вальс”…

Сярод архіўных запісаў быў “Севастопальскі вальс”. Мы ўключылі музыку – і я ўбачыла, як Сабіну Мар’янаўну ўзялі ў палон эмоцыі, хоць яна і старалася іх стрымліваць: шматгадовы вопыт работы ў медыцыне навучыў жанчыну гэта рабіць. А я стрымаць эмоцыі зусім не змагла, калі сярод фотаздымкаў знайшла адзін, датаваны 1947 годам. На ім ажно дзесяць самабытных музыкаў. Такой колькасці на адным здымку мне не даводзілася бачыць. Сабраць іх разам мог дакладна толькі адзін чалавек у Смаргоні – Аляксандр Дзяруга, герой майго праекта, над якім працую ад пачатку года. Менавіта Аляксандр Анісімавіч у пасляваенны час шукаў па вёсках музыкаў. Адначасова збіраў творчых дзяцей і ствараў інструментальны калектыў. 

IMG_20190722_0008.jpg

На зваротным баку гэтага фота пазначана “Смаргонь, 1947”. Другі справа (стаіць) – Мар’ян РАСАХАЦКІ, побач з кларнетам – яго бацька Міхал. На жаль, імёны іншых музыкаў нам невядомыя. Калі нехта з чытачоў пазнаў кагосьці знаёмага, то вялікая просьба: паведаміце пра гэта ў рэдакцыю па тэлефонах: 3-84-19, 8(029)302-12-25. Асабліва цікавіць асоба скрыпача (другі злева), якога мы сустракалі на іншых вясельных здымках


На зваротным баку пазначаны не толькі год, але і месца, дзе зроблена фота, – Смаргонь. Памер здымка, якасць паперы, сюжэт таксама адразу “выдалі” аўтара фотакарткі. На гэтым фота Мар’яну Расахацкаму 25 гадоў. Побач – бацька Міхал (з кларнетам). Капэла Расахацкіх не ў поўным складзе, бо на той час у ёй граў на акардэоне Антон – малодшы брат Мар’яна. А старэйшы Леанід – на барабане. Тады Расахацкія актыўна “гастралявалі” па вяселлях, вясковых святах, а часам і па гарадскіх, па провадах і танцах.


IMG_20190722_0009.jpg

Антон і Мар’ян РАСАХАЦКІЯ. 1952 год


Першым сямейную капэлу пакінуў Антон. Хлопец трагічна загінуў напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў двары свайго дома – атрымаў траўму, калі рэзаў кукурузу на сілас для мясцовай гаспадаркі. Усё радзей падключаўся да музыкаў Леанід. Хутка памёр бацька Міхал.

IMG_20190722_0002.jpg

IMG_20190722_0007.jpg

Жыць па-новаму

А вось Мар’ян “музыканцтваваў” працяглы час. Як сцвярджае дачка, нават на вяселлях бацька граў адзін. Да таго часу, пакуль на змену самабытным музыкам не прыйшлі вакальна-інструментальныя ансамблі.

Мар’ян меў вялікія здольнасці да матэматыкі. Скончыўшы чатыры класы школы, працаваў рахункаводам у мясцовым калгасе. Ажаніўся позна – у 36 гадоў. Яго жонка была вядомай у акрузе вясельнай кухаркай. А праз чатыры гады пасля жаніцьбы стаў інвалідам.

“Перакуліўся на мотаролеры, моцна пашкодзіў бядро, нага доўга не зажывала, а медыцына не мела тых магчымасцей, якія ёсць цяпер… Нагу ампутавалі, - удакладніла Сабіна Мар’янаўна.

- Пэўны час бацька прывыкаў жыць па-новаму. Без нагі. Пазней яму зрабілі пратэз, але ён ім не карыстаўся. Бацька па-ранейшаму граў на вяселлях, а вось з пасады рахункавода звольніўся. Больш часу праводзіў дома, мы з ім былі вельмі блізкія, моцна сябравалі. Бацька знайшоў сабе яшчэ адзін занятак – клеіў галёшы, рамантаваў гумовыя боты. Работы хапала, бо практычна ўсе калгаснікі тады насілі такі абутак. Маме таксама няпроста было змірыцца, што яе мужу, моцнаму 40-гадоваму мужчыне, медыкі не збераглі нагу. Пазней, калі я пайшла ў медыцыну, а пасля выйшла замуж за ўрача, мама пастаянна прасіла нас, каб мы глядзелі хворых. Рабілі ўсё магчымае, каб вылечыць чалавека”.

Памёр Мар’ян Міхайлавіч у 63-гадовым узросце. Тыя, хто ведаў гэтага мужчыну, у адзін голас сцвярджалі, што менавіта музыка не дазволіла яму згубіць сілу духу, загартавала ад жыццёвай непагадзі і дала веру ў будучае. А гэта дорага каштуе.

IMG_20190722_0006.jpg

Вяселле пляменніцы. 1975 год


Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Сабіны ПЯТРЭНКІ.