Я - не герой

 

Я - не герой

Галина АНТОНОВА
04.04.2020
1114
Столькі матэрыялаў напісала ў газету за журналісцкае жыццё – не пералічыць. А я сама стала аб’ектам для газеты ў восем гадоў. І зусім нечакана.

Маё дзяцінства прайшло на Смаргоншчыне, у вёсцы Сасноўка. Гэта быў невялікі цэнтр калгаса “Сцяг перамогі”.

Мой бацька, галоўны інжынер калгаса, атрымаў кватэру ў чатрохкватэрным доме з асобнымі ўваходамі. Насупраць нашага дома стаяў такі ж дом-блізнюк. Мы з сяброўкамі любілі рассцілаць посцілку на траве паблізу нашых дамоў і гуляць у лялькі, дакладней, прыдумляць ім новыя мадэлі адзення і шыць.

У адзін такі “мадэльны дзень” і адбылося здарэнне. Гэта было ў жніўні 1985 года. Пасля абеду. Мы заўважылі не вельмі цвярозага незнаёмага дзядзьку, які прамой хадой накіраваўся ў кватэру цёці Тані Тарасевіч (яны жылі акурат насупраць нашай кватэры ў суседнім доме). У нас не прынята было зачыняць кватэры, калі хтосьці куды адходзіў недалёка. Я бачыла, што цёця Таня пайшла карміць сабаку, які жыў у будцы, каля хлява, непадалёку ад дома.

Праз колькі хвілін незнаёмец выйшаў з кватэры цёці Тані ў скураной кепцы, вельмі падобнай да той, якую насіў дзядзька Іван Тарасевіч. Але быў не сезон для такіх галаўных убораў: на вуліцы стаяла спёка. Гэта кепка і “выдала” незнаёмца.

Мне было толькі восем гадоў. А маім сяброўкам – яшчэ менш. Напэўна, таму гэта гісторыя іх зусім не ўсхвалявала. А я не вытрымала і пабегла да мамы, рассказала, што бачыла. Мама мяне адправіла да цёці Тані. Я пабегла да хлява. Цёця Таня кінулася ў кватэру і ўбачыла, што сапраўды прапала кепка яе мужа і кашалёк з зарплатай у 87 рублёў, якія атрымала літаральна ў той жа дзень. Кашалёк яна пакінула ў калідоры на палічцы каля тэлефона.

А наш новы “знаёмы” не спяшаўся пакідаць месца злачынства. Непадалёку ад дома сеў на лаўку і курыў. На той час ужо збегліся жанчыны і пачалі яго тармашыць. Вось тады ён зразумеў, што трэба “рабіць ногі”. І пабег у бок вялікай драўлянай пабудовы, якая належыла старшыні калгаса. Хіба ўцякач мог падумаць, што ў гэтым вялікім драўляным збудаванні можа жыць аўчарка? Калі ён прабягаў міма, сабака заваліў злодзея, паставіў на плечы лапу і не адпусціў, пакуль не прыйшоў гаспадар – 17-гадовы сын старшыні Вася Луневіч. Мужчына ўцякаць больш не спрабаваў, толькі прасіўся ў прыбіральню, але яго жанчыны не адпускалі, пакуль не прыехала міліцыя.

“Хто сведка?”- пацікавіўся міліцыянер. Аказалася, першы сведка – гэта я. Давала паказанні. Пасля мяне з мамай вазілі нават у аддзел. А праз некаторы час я была першым сведкам у судзе. Аказалася, мужчына прыехаў да сябра ў Сасноўку, не знайшоў яго дома, пайшоў блукаць па вёсцы. Выпадкова зайшоў у кватэру цёці Тані і, убачыўшы кашалёк, не адмовіўся ад спакусы яго забраць. Мужчыну далі два гады турмы. Хутка пасля суда да нас у школу прыехала начальнік аддзела па справах непаўналетніх РАУС, пры ўсіх на лінейцы хваліла мяне, падарыла дзіцячую швейную машынку і набор ручак.

Пасля пра мяне напісала “раёнка” артыкул пад назвай “Дапамагла Галя”. А па радыё таксама паведамілі пра здарэнне і ў мой адрас перадалі песню. Мой брат на той час вучыўся ў медінстытуце на першым курсе. Казаў, калі ў інтэрнаце пачуў перадачу па радыё, ледзь з ложка не зваліўся.

Карацей, зрабілі з мяне гераіню. А я сябе гераіняй зусім не лічыла. Мне было вельмі шкада мужчыну, які, на мой погляд, з-за мяне сеў у турму. “Навошта яго пасадзілі? Ён жа аддаў кашалёк і кепку?” – я гэтага не разумела тады. І вельмі цяжка разумею цяпер. Бо два гады турмы – гэта ўсё ж такі шмат...

Галіна АНТОНАВА.