У дзіцячым садку №5 г. Смаргоні для выхаванцаў старшай групы прайшоў «Восеньскі кiрмаш». Ён атрымаўся вельмі вясёлым, яркім і пазнавальным.
Упрыгожанне музычнай залы адпавядала тэматыцы мерапрыемства: дэкарацыі з выкарыстаннем беларускага арнаменту; вялікая колькасць рушнікоў; гліняных, ільняных і саламяных вырабаў; тэатр «Батлейка».
Выхаванцы з задавальненнем адгадвалі загадкі, чыталі вершы і спявалі на роднай мове песні «Беларускі кірмаш», «Мы жывём у Беларусі», «Земляныя яблыкі», гралі на беларускіх музычных інструментах, спаборнічалі па зборы ўраджаю. А танцы «Беларусь мая» і «Полька беларуская» нікога не пакінулі абыякавым. Не меншае захапленне ўдзельнікаў кірмашу выклікалі госці. На кірмаш завіталі баба Ганна і дзед Ягор. Яны за вясёлую беларускую песню і народныя гульні прадалі дзецям сваю кароўку Рагулю. На гэтым сюрпрызы не скончыліся. Як і належыць кірмашу, на свята завітаў лялечны тэатр «Батлейка» з пастаноўкай «Рэпка», якая вельмі спадабалася ўсім. Напрыканцы кірмашу дзеці атрымалі яркіх пеўнікаў на палачках.
Наша зямля беларуская вельмі шчодрая, а людзі працавітыя, таму у нас і танцы, і песні такія прыгожыя. Было вельмі прыемна бачыць натхнёныя твары маленькіх беларусаў, іх зацікаўленасць да гісторыі роднай краіны і яе традыцый.






Алена ТРАСКОЎСКАЯ, музычны кіраўнік
Наталля СВІРБУТ, выхавальнік дашкольнай адукацыі

