У кожным кутку Беларусі ўтойваецца свая гісторыя, нябачная нітка, што сплятае мінулае з сучаснасцю. Дзякуючы фальклорным экспедыцыям, праведзеным напачатку 2000-х гадоў, да нас дайшло паданне пра назву вёскі Сіўкі, якая была запісана ад Аляксандры ВОЙТКІ з вёскі Ласавічы.
Легенда апавядае, што некалі тут былі шырокія слівавыя сады, якія належалі шляхце. Слівы тады каштавалі вельмі дорага і ўжываліся для прыгатавання розных напояў і сокаў. Аднойчы, згодна з паданнем, бог Дар дазволіў народу браць слівы дарма. Аднак гэта прывяло да сапраўднай мітусні: людзі біліся і нават забівалі адзін аднаго з-за ўраджаю, імкнучыся сабраць як мага больш. З-за гэтай «слівавай» гісторыі назва «Сліўкі» магла трансфармавацца ў «Сіўкі», калі літара «л» проста выпала са слова, і ніхто гэтага не заўважыў.
Трэба адзначыць, што фальклорныя экспедыцыі ладзяцца і ў наш час. Спецыялісты Сінькоўскага Дома культуры сумесна з метадыстам па фальклоры метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры была праведзена фальклорная экспедыцыя, падчас якой спецыялісты завіталі да жыхаркі вёскі Сіўкі Лідзіі Грынкевіч (1930 г. н.). Нягледзячы на свой узрост, жанчына памятае шмат фальклорных песень. Некаторыя творы былі незнаёмы ўдзельнікам экспедыцыі. У будучым плануецца іх апрацаваць і дадаць у рэпертуар народнага фальклорнага калектыву «Кужэліца».
Святлана ЖАБІНСКАЯ, метадыст па народных традыцыях,
абрадах, фальклоры і этнаграфіі РЦК

