Народны ансамбль народнай песні «Хутарок» святкуе свой 25-гадовы юбілей. Чвэрць стагоддзя – гэта цэлая эпоха, якая змясціла ў сабе змену складаў, нараджэнне новых творчых ідэй і нязменную любоў публікі.
«Гісторыя «Хутарка» пачалася ў 2000 годзе. Яго першы склад – Вольга і Марына Шорац, Тамара Валчанкова і Святлана Гайдукевіч – заклалі трывалы падмурак, зрабіўшы асновай рэпертуару народныя песні. Ужо праз чатыры гады высокі ўзровень майстэрства калектыву быў па заслугах ацэнены: «Хутарок» атрымаў ганаровае званне «народны», – расказвае Дар’я Кавалёва, цяперашні кіраўнік калектыву.
У 2009 годзе абнавіўся склад і грунтоўна – рэпертуар. У 2010 годзе калектыў узначаліла наша суразмоўца, уладальніца ўнікальнага голасу. Дар’я тады толькі скончыла Лідскі музычны каледж па спецыяльнасці «Харавая (народная) музыка», крыху пазней - універсітэт культуры і мастацтваў.
«Цяпер мы, у асноўным, выконваем поп-фолк, але ёсць і фальклорныя песні ў апрацоўцы, – удакладняе Дар’я. – Мы хочам быць цікавымі для людзей рознага ўзросту, у тым ліку моладзі, таму народную песню імкнёмся адаптаваць пад сучасныя мелодыі».
На працягу апошніх 15 гадоў касцяк ансамбля складаюць сама Дар'я, Алена Чурылава (Глазіна), Таццяна Мікуліч і Яўгенія Ломаць. Але, як адзначаюць самі ўдзельніцы калектыву, рух у «Хутарку» ёсць. У РЦК прыходзяць маладыя спецыялісты, якія становяцца і вакалістамі калектыву, гэта дазваляе «Хутарку» заставацца дынамічным і сучасным.
З нядаўніх рэпертуарных навінак – смелы эксперымент з вядомай кампазіцыяй «Галубая луна». Удзельніцы калектыву напісалі да яе беларускі тэкст, паклаўшы ў аснову легенду пра возера Нарач. Так нарадзілася аўтарская песня «Пакахала яна», з якой смаргонскія артысткі з поспехам выступілі на фестывалі «Кліч Палесся» (сталі лаўрэатамі ІІІ ступені адкрытага конкурсу аматарскіх калектываў і вакальных ансамбляў «КаверХорШоу»).
Яшчэ адным хітом у рэпертуары стане, несумненна, і песня на музыку з кампазіцыі «У жыцці так бывае» гурта «Шматкроп’е». Гэта работа сёлета была яскрава прадстаўлена на конкурсе «КаверХорШоу» у Аўцюках: журы прысудзіла ёй 1 месца.
«Хутарок» сёння – жаданы госць не толькі на смаргонскіх канцэртных пляцоўках. Калектыў выступаў на «Купаллі» ў Александрыі, яго з цеплынёй прымала публіка ў Маскве на выставе, прысвечанай Дням Гродзенскай вобласці на ВДНГ. Пакарыў «Хутарок» і Сочы, стаўшы лаўрэатам I ступені на фестывалі нацыянальных культур і фальклору «Народныя вытокі». Асаблівы гонар смаргонак – гастролі ў Арзамасе, горадзе-пабраціме Смаргоні, куды калектыў ездзіў двойчы. Беларускамоўная праграма, прадстаўленая расійскім гледачам, была сустрэта неверагодна цёплая, што даказвае: сапраўднае мастацтва не ведае межаў.
Народны калектыў «Хутарок» – яскравы прыклад таго, як традыцыя, сустракаючыся з сучаснасцю, нараджае новае, жывое і запатрабаванае мастацтва. «І 25 гадоў – гэта толькі пачатак вялікага шляху», – упэўнены ўдзельніцы калектыву.
Урачыстым акордам для «Хутарка» стане вялікі канцэрт, які адбудзецца 18 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры. Прыхільнікаў творчасці чакае сустрэча з гісторыяй калектыву, яго хітамі і, вядома, прэм’еры. Будзе шмат цікавага. Пачатак канцэрта ў 17.00.
Галіна АНТОНАВА