Юлія БАРЫСЕНКА ўсё сваё свядомае жыццё шукала магілу бацькі Сяргея БАРЫСЕНКІ.
Перад вайной іх сям’я жыла на Гомельшчыне, у Хойніцкім раёне. Сяргей Барысенка з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ваяваў з ворагам на фронце. У 1942 годзе трапіў у фашысцкі палон. Цудам яму ўдалося выбрацца з нямецкай няволі. Дабраўшыся дадому, пайшоў у партызанскі атрад. А пасля прыходу Чырвонай Арміі мужчына зноў вярнуўся на фронт, вызваляў народы Еўропы ад фашысцкіх захопнікаў.
– У 1945 годзе прыйшла пахаванка, што тата загінуў пры вызваленні Польшы. Вельмі хацелася даведацца, дзе пахаваны наш родны, у якім стане знаходзіцца яго магіла. Пісала ва ўсе архівы СССР, – расказвае Юлія Сяргееўна.
– Толькі ў верасні 2000 года прыйшоў адказ з Беларускага Чырвонага Крыжа. Я даведалася, што Сяргей Іванавіч Барысенка, 1913 года нараджэння, загінуў 19 лютага 1945 года і пахаваны на вайсковых могілках у Льняна Куяўска-Паморскага ваяводства ў магіле №1. Польскім Чырвоным Крыжам было дазволена наведванне магілы.
Сустрэцца з бацькам, пакланіцца ўсім загінуўшым героям вайны паехалі ў Польшу Юлія Сяргееўна з сынам і яе сястра.
Ехаць давялося далёка, доўга шукалі могілкі. Часта звярталіся да мясцовых жыхароў.
Балюча было чуць, што месца, дзе знайшлі вечны прытулак 3 тысячы савецкіх воінаў, многія з іх называюць могілкамі «рускіх акупантаў». А між тым, менавіта савецкія салдаты аддалі сваё жыццё за вызваленне Польшы.
Загінуўшыя воіны, як і бацька Юліі Сяргееўны, не дачакаліся Вялікай Перамогі.
– На вялікі жаль, пахаванні савецкіх салдатаў знаходзіліся ў занядбалым стане. З цяжкасцю мы знайшлі таблічку з прозвішчам нашага таты. Колькі разоў я ў думках ўяўляла нашу сустрэчу, думала, што скажу…
Мы доўга моўчкі стаялі ля брацкай магілы і адчувалі вялікае пачуццё гонару за бацьку, за яго подзвіг і подзвіг усіх, хто быў пахаваны на ваенных могілках, далёка ад сваёй Радзімы, – адзначыла Юлія Барысенка.
Галіна КОЗЕЛ
Фота аўтара