У невялікай вёсцы Забалацце жыве дзіўная жанчына — Марыя ЛОСЬ (у дзявоцтве — ПАПКОВА). Настаўніца беларускай мовы і літаратуры, мама трох дачок, бабуля дзевяці ўнукаў і… паэтка. Яе жыццё — гэта гісторыя пра любоў да слова і вернасць прафесіі.
Дзяцінства нашай гераіні прайшло сярод старонак любімых кніг. Нарадзілася яна ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Мама, Марыя Максімаўна, была настаўніцай пачатковых класаў, бацька, Сцяфан Аляксеевіч, — будаўніком, але абодва — заўзятыя кнігалюбы.
«У нас дома было вельмі шмат кніг. Бацькі заўсёды куплялі навінкі і класіку, бралі ў бібліятэцы кнігі», — дзеліцца Марыя Сцяфанаўна. — «У пяць гадоў я ўжо ўмела чытаць, а ва ўзросце васьмі гадоў прачытала «Анну Карэніну». Вядома, не ўсё разумела, але адчувала драму гераіні. У такім маладым узросце я ўжо зачытвалася сур’ёзнымі творамі».
Дзяўчынка з захапленнем перачытвала Аляксандра Дзюма «Тры мушкецёры», Валянціну Асееву «Васёк Трубачоў і яго таварышы». Але самае галоўнае — любоў да чытання засталася з ёй на ўсё жыццё.
Пасля школы Марыя некаторы час працавала на фабрыцы ў Баранавіцкім баваўняна-папяровым камбінаце, а потым паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. Менавіта там яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам — Тадэвушам Антонавічам, які вучыўся на аддзяленні агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі.
Пабраліся шлюбам, некаторы час працавалі ў Астравецкім раёне на радзіме мужа. А калі нарадзіліся дочкі, вырашылі пераехаць у больш утульнае месца, каб дзецям было зручней хадзіць у сад і школу. Ім прапанавалі працу ў Міцкавіцкай школе: там былі і месцы працы для дарослых, і дзіцячы садок. Так сям’я асела ў Забалацці, за два кіламетры ад Міцкавіч. Дочкі Вольга, Алена і Ірына выгадаваліся тут.
Марыя Сцяфанаўна выкладала беларускую мову і літаратуру, а муж — фізіку і тэхнічную працу. Пазней, пасля закрыцця Міцкавіцкай школы, яны перайшлі ў Войстамскую школу, дзе працавалі да пенсіі.
Цяпер жанчына працягвае выкладаць беларускую і рускую мовы і літаратуру ў Залескай СШ. Муж працуе на «Элісе», і, як раней, муж і жонка разам ездзяць на працу.
«Сваю працу я вельмі люблю. Як кажа моладзь «я ад яе кайфую», — з усмешкай гаворыць педагог. — «Люблю размаўляць з вучнямі, абменьвацца думкамі. Як і раней, сярод іх ёсць сапраўды таленавітыя дзеці: яны перамагаюць у алімпіядах, пішуць вершы. Многія цікавяцца літаратурай — яна такая багатая!»
Марыя Сцяфанаўна з асаблівым замілаваннем гаворыць пра беларускіх аўтараў: «Неўзабаве будзем святкаваць Дзень Перамогі. І дзецям, і дарослым варта перачытаць Васіля Быкава «Сотнікава», «Трэцюю ракету», «Альпійскую баладу», а таксама Івана Шамякіна «Ціхую плынь», «Трывожнае шчасце». Яны самі былі франтавікамі, перажылі ўсё на сабе. Іх кнігі рэалістычна паказваюць вайну — без прыкрас. Бо вайна — гэта смерць, кроў, жах… І дай Божа, каб гэта ніколі не паўтарылася».
Дзякуючы Марыі Сцяфанаўне многія яе вучні палюбілі родную мову і літаратуру. Некаторыя сталі педагогамі, паэтамі і пісьменнікамі. Падлеткі не кожнаму могуць адкрыцца, а яны давяралі настаўніцы, прыносілі свае вершы і апавяданні, каб яна іх прачытала.
Марыя Сцяфанаўна прызнаецца, што менавіта вучні натхнілі яе на напісанне вершаў. Яна пачала пісаць пасля 40 гадоў. Сярод яе твораў — вершы пра беларускую мову, прыроду, жанчын на вайне, байкі. Ёсць нават п’еса ў вершах! Яе творы — шчырыя, напоўненыя вобразамі роднага краю.
А яшчэ Марыя Сцяфанаўна вельмі любіць кветкі. У хаце — бегоніі, герань, а на вуліцы, у палядніку — піёны, ружы, цыніі, сальвіі. Летам яе паляднік ператвараецца ў яркі дыван.
«Мы ўсе — дзеці прыроды. Калі свеціць сонца, над намі мірнае неба, бачыш кветкі і прыгажосць прыроды — і на душы становіцца цёпла і радасна», — заўважае субяседніца.
Ларыса ТАТАРЫНАВА
Фота із архіву Марыі ЛОСЬ