06.02.2017
Валерый Тарасенка першы раз выпадкова трапіў на службу ў праваахоўныя органы. У Бабруйск прыехалі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Украіны (на той час у гэтай рэспубліцы вельмі многа звольнілі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі) і завербавалі 30 выпускнікоў мясцовага аўтатранспартнага тэхнікума.
тарасенка 022.jpg

18-гадоваму Валерыю Тарасенку і яшчэ двум юнакам прыйшлося несці службу ў Піраціне Палтаўскай вобласці.

Пасля трох месяцаў міліцэйскай службы новаспечаных міліцыянераў прызвалі ў армію. Вярнуўшыся дамоў, Валерый Фёдаравіч уладкаваўся на працу старшым майстрам у аўтобусны парк. У абавязкі ўваходзіла тэхнічнае абслугоўванне транспартных сродкаў.

Начальнік участка такарнага цэха гэтай арганізацыі надумаў паступаць у міліцэйскую навучальную ўстанову, прапанаваў за кампанію Валерыю Тарасенку, які на той час паспеў ажаніцца, таму ехаць на вучобу ў Расію не ўваходзіла ў яго планы. Але якраз у гэты час у Мінску была адкрыта вышэйшая школа міліцыі.

Валерый Фёдаравіч падаў дакументы ў міліцэйскую школу на дзённую форму навучання і неўзабаве стаў самым сталым курсантам – яму было 25 гадоў. Навучальную ўстанову скончыў з чырвоным дыпломам, атрымаў званне лейтэнанта. Хаця яго равеснікі, якія служылі ў міліцыі, у 29-гадовым узросце ўжо насілі капітанскія пагоны.

На той час выпускнікоў размяркоўвалі па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Валерый Тарасенка, іншыя маладыя міліцыянеры трапілі на службу ў Валгадонск Растоўскай вобласці. Там была ўдарная камсамольская будоўля – “Атаммаш”. Прадстаўнікі амаль што ўсіх рэгіёнаў СССР будавалі атамную электрастанцыю.

Хутка ўзводзілася жыллё. Валерыю Тарасенку праз тры месяцы ўжо выдзелілі кватэру, да яго з Мінска пераехала жонка. Але з мужам ёй не выпадала праводзіць вольны час.

Злачынстваў у Валгадонску хапала. Хаця будоўля лічылася камсамольскай, але нямала было асоб з крымінальным мінулым, некаторыя з іх мелі па 5-6 судзімасцей. Прыязджалі будаўнічыя атрады з азіяцкіх і каўказскіх рэспублік, не абыходзілася без боек, панажоўшчыны.

Камандзіровак было многа. Валерый Тарасенка за час міліцэйскай службы ў Валгадонску пабываў у Ерэване, Выбаргу, Зеі, Бухары, іншых гарадах. Аднойчы яму далі абвінавачваемага, аўтобус, канвой. Трэба было ехаць у Карачаева-Чаркесію за-біраць крадзенае. Дарога няблізкая, праз Калмыкію, Стаўрапольскі край. Абвінавачваемы вазіў крадзеныя рэчы карачаеўцам і чаркесам, бо сам быў родам з той мясцовасці. Фотаапараты, магнітафоны, крыштальныя вазы, дываны, іншыя тавары перадаваў яму цыган, якога прынялі на працу ў пазаведамасную ахову і прызначылі ахоўваць склады. За трое сутак дзяжурства цыган украў са складоў маёмасці на 10 тысяч савецкіх рублёў. Супрацоўнікі міліцыі забралі ў жыхароў аулаў усё ўкрадзенае.

Вучыўся сам і вучыў іншых

Жонка Валерыя Тарасенкі ўсё часцей стала скардзіцца на дрэннае самаадчуванне – ёй не падыходзіў спякотны клімат. Пачалі шукаць жыллё на абмен. Знайшлі ў Смаргоні. У студзені 1991 года прыехалі сюды, а сям’я, з якой абмяняліся кватэрамі, накіравалася ў Валгадонск.

Пасля папярэдняга месца службы Смаргонскі раён падаўся Валерыю Фёдаравічу ціхім спакойным кутком. Начальнік райаддзела міліцыі Дзмітрый Казакевіч даў новаму супрацоўніку два тыдні на абуладкаванне жылля, што прыемна здзівіла, з’явіліся тут і выхадныя дні.

Спачатку Валерыя Тарасенку прызначылі ўчастковым інспектарам міліцыі, потым з’явілася пасада следчага. Неўзабаве ён быў ужо старшым следчым, а праз два з паловай гады стаў намеснікам начальніка РАУС па следству. Вучыўся сам, вучыў падначаленых, падабраў добрую каманду супрацоўнікаў следчага аддзялення, што станоўча паўплывала на вынікі службовай дзейнасці. Потым Валерыю Фёдаравічу даручылі курыраваць яшчэ і дазнанне.

Хоць прайшло ўжо нямала часу, але Валерый Тарасенка вельмі добра памятае злачынства, учыненае ў Залессі. З пят-ніцы на суботу ў бібліятэцы нехта выняў акно і ўкраў з памяшкання веласіпед і 10 кілаграмаў цукру, якія належалі работнікам гэтай установы. Дзе шукаць злодзея? Дапамагла паперка, якая ляжала на падлозе. Аказалася, што гэта квітанцыя са смаргонскай гасцініцы. Паехалі туды і  заспелі расіяніна. Неўзабаве было ўстаноўлена, што ён выязджаў за межы горада, учыняў крадзяжы, прадаваў рэчы і вяртаўся назад у гасцініцу. За гэтым чалавекам цягнуўся цэлы шлейф злачынстваў з Расіі ў Беларусь.

Валерый Фёдаравіч аддаў службе ў міліцыі 25 гадоў свайго жыцця. Ён ветэран Міністэрства ўнутраных спраў. На міліцэйскай пенсіі пэўны час працаваў вольнанаёмным у МРЭА, а потым канчаткова пайшоў на адпачынак. Але не сядзіць без справы. Паколькі жыве за горадам, у Свірыдавічах, то ёсць чым заняцца – даглядае за гаспадаркай, вырабляе лаўкі да летняга сезона. Калі прыязджае ў горад, то заходзіць у раённы аддзел Следчага камітэта. Тут многа маладых, невядомых яму супрацоўнікаў, але ёсць некалькі чалавек, якія пачыналі сваю службовую дзейнасць у той час, калі Валерый Тарасенка ўзначальваў следчае аддзяленне.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений