2-е месца ў вобласці заняла Смаргонская ЦРБ па выніках работы ў 2017 годзе

Здоровье
09.02.2018 10:50
Выступаючы са справаздачай аб рабоце раённых устаноў аховы здароўя, галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кудзяньчук асаблівую ўвагу звярнуў на ўкараненне новых методык у траўматалогіі, хірургіі, дыягностыцы захворванняў.

Сморгонь ЦРБ.jpg

Перспектывы развіцця мясцовай сістэмы аховы здароўя абмяркоўваюць (злева направа) галоўны ўрач ЦРБ Сяргей КУДЗЯНЬЧУК са сваімі намеснікамі Сяргеем ХАРУЖЫКАМ і Віталем КРУПОВІЧАМ.


Ужо больш года працуе пілотны праект “Электронны рэцэпт”, які стаў трывалым падмуркам для арганізацыі адзінай інфармацыйнай прасторы ў мясцовай сістэме аховы здароўя на падставе ўвядзення централізаванага электроннага банка медыцынскіх дадзеных пацыентаў.

У Смаргонскай ЦРБ працуе 177 урачоў, з іх 11 інтэрнаў, 534 сярэднія медыцынскія работнікі. Летась прыступілі да работы 13 маладых спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй і 10 - з сярэдняй. Адміністрацыя сумесна з прафсаюзным камітэтам пры садзейнічанні райвыканкама прымае меры па замацаванні маладых спецыялістаў: тым, хто мае патрэбу, выдзяляецца жыллё, выплачваюцца надбаўкі, часткова кампенсуюцца расходы па праезду і найму жылля для спецыялістаў, якія працуюць у сельскай мясцовасці.

У 2017 годзе сфарміраваны аптымальны ложкавы фонд, які дазваляе забяспечыць стацыянарнай медыцынскай дапамогай насельніцтва раёна. Усяго было пралечана ў стацыянары 12746 хворых, сярэдняя працягласць лячэння - 9,2 дня, сярэдняя занятасць ложка – 331,7 дня. У мэтах удасканалення якасці медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву і выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя Каранёўская амбулаторыя была пераведзена на работу па прынцыпу агульнай урачэбнай практыкі. Наогул, пытанні абгрунтаванасці шпіталізацыі на ложкі кругласутачнага знаходжання пад пільнай увагай кіраўніцтва ўстановы. Для аказання сацыяльнай дапамогі ў нашым раёне функцыянуе аддзяленне сястрынскага догляду на 25 ложкаў, а таксама бальніцы сястрынскага догляду ў Войстаме і Крэве.

Што да ўкаранення новых інфармацыйных тэхналогій, то тут ёсць пэўныя дасягненні. Да медыцынскай інфармацыйнай сістэмы падключана 75 аўтаматызаваных рабочых месцаў (АРМ): рэгістратура, урачы паліклінікі, прыёмны пакой, стаматалогія і інш. Для ўкаранення тэхналогіі абароту электронных рэцэптаў і электроннай амбулаторнай карты аснашчаны 53 АРМ урачоў і падключаны да сістэмы ў тым ліку ўсе ўрачы амбулаторый.

Працягваецца рэалізацыя ўкаранення новых тэхналогій у практыку медыцынскай дапамогі. Напрыклад, ажыццяўляюцца складаныя хірургічныя ўмяшальніцтвы траўматалагічным пацыентам, выконваюцца мясцовымі спецыялістамі аперацыі па аднаполюснаму эндапратэзіраванню тазасцегнавых суставаў, інтэрлокінг сцягна і галёнкі, праводзіцца тромбалізісная тэрапія пры інфаркце галаўнога мозгу і інш.

Летась праведзены бягучыя рамонты траўматалагічнага аддзялення ЦРБ, педыятрычнага аддзялення раённай паліклінікі. За кошт рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэту і за пазабюджэтныя сродкі набыта медыцынскай тэхнікі, вырабаў медыцынскага прызначэння і мэблі  на 384,8 тысячы рублёў. Дзякуючы ажыццяўленню мясцовай ініцыятывы “Скрынінг захворванняў страўніка”, якая рэалізоўвалася ў межах праекта ЕС/ПРААН “Са-дзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, быў набыты новы фібрагастраскоп і праведзены прафілактычныя агляды работнікаў арганізацый-партнёраў. Такім чынам, дзякуючы ранняй дыягностыцы можна паменшыць колькасць хворых на анкалогію людзей на позніх стадыях.

Сярод галоўных задач, якія стаяць перад калектывам ЦРБ у гэтым годзе, прыярытэт адводзіцца ранняй дыягностыцы, рабоце са здаровымі пацыентамі дзеля выяўлення фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў і своечасовай якаснай медыцынскай дапамогі. Пільная ўвага будзе надавацца далейшаму ўкараненню новых медыцынскіх тэхналогій у практыку работы, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў, рэалізацыі тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый аказання меддапамогі насельніцтву.

На 2018 год запланаваны капітальны рамонт стаматалагічнага аддзялення за кошт абласнога ўпраўлення аховы здароўя і капітальны рамонт адміністрацыйнага будынка ЦРБ за сродкі раённага бюджэту. Бягучыя рамонты мяркуецца правесці ў хірургічным аддзяленні і ў філіяле раённай паліклінікі па вул. Юбілейнай. Дадатковыя фінансавыя сродкі для набыцця новага медыцынскага абсталявання і апаратаў мяркуецца атрымаць праз удзел у праектнай дзейнасці. Пададзены заяўкі на конкурс, абвешчаны амбасадай Японіі ў Беларусі, а таксама на конкурс трансгранічнага супрацоўніцтва. Калі грантадаўцы падтрымаюць ініцыятывы, Смаргонская ЦРБ мае шанец набыць апарат штучнай ныркі, апарат ультрагукавога даследавання і перасоўны ФАП.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений