Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
02.10.2018 15:20
2796
Узбуджана крымінальная справа супраць мясцовага жыхара, які 11 ліпеня 2017 года каля будынка інтэрната па вул. Маладзёжнай украў веласіпед  “Аист”, які належаў неўстаноўленаму пакуль  чалавеку.
кража велосипед.jpg

*       *       *

У магазіне “Ялінка”, які знаходзіцца ў аграгарадку Жодзішкі, сацыяльны работнік украў кашалёк, які пакінула без нагляду пенсіянерка.

Злодзей, а гэта была жанчына, выняла з кашалька грошы і потым прынесла кашалёк і аддала супрацоўніку міліцыі, сказала, што знайшла яго пустым.

*       *       *

Жыхар Смаргоні з хуліганскіх намераў, знаходзячыся на лесвічнай пляцоўцы 8 паверха ў доме №81 па вул. Я. Коласа, сарваў дзверцы электрашчыта, нагою разбіў шыбу ў аконным праёме і люстэрка ў ліфце.

*       *       *

Жыхар Мядзельскага раёна, трактарыст-машыніст КСУП “Саўбел-2016”, украў 8 рулонаў стрэйч-плёнкі і вязальную сетку, якія ён атрымаў для выканання сельгасработ.

Узбуджана крымінальная справа.

*       *       *

У рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы быў шпіталізаваны малалетні жыхар вёскі Папелевічы з дыягназам “тэрмічны апёк твару, абедзвюх вушных ракавін”, іншымі апёкамі цела.

Падчас следства было ўстаноўлена, што двухгадовы хлопчык атрымаў апёкі па месцы жыхарства. Ён кінуў у самаробную печку, размешчаную ў надворнай пабудове, пакінутую без нагляду бутэльку з бензінам. Гэта паліва бацька пацярпелага малога выкарыстоўваў для бензакасы.

Цяпер пацярпелы знаходзіцца ў апёкавым цэнтры г. Гродна, за яго жыццё змагаюцца ўрачы.

Бацькі, не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду!

*       *       *

У рэчцы Гярвятка непадалёку ад вуліцы Набярэжнай быў знойдзены труп мясцовага жыхара, работніка філіяла аблспажыўтаварыства.

Мужчына пайшоў нібыта на працу і прапаў.

*       *       *

Пенсіянер перадаў раней судзімай мясцовай жыхарцы сваю банкаўскую пластыкавую картку. Жанчына хутка сцяміла, як без асаблівай напругі можна разжыцца грашыма. Яна пайшла да банкамата і зняла з чужога карт-рахунку 50 рублёў.

Аматарку чужога дабра чакае лава падсудных.

*       *       *

У райаддзел міліцыі звярнулася жыхарка вёскі Міхневічы і паведаміла, што нехта зламаў каля хаты агароджу і пашкодзіў дарожны знак з надпісам “Залессе”.

Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле “Хуліганства”.

*       *       *

Жыхар вёскі Галяшонкі пайшоў разбіраць нейкую нежылую хаціну на дровы. Падчас выканання работы на яго зваліліся бэлькі перакрыцця. Ад атрыманых цялесных траўм мужчына памёр на месцы здарэння.

*       *       *

Мясцовы жыхар, знаходзячыся ў кафэ “Шафран”, падчас канфлікту з работнікам гэтай піцейнай установы кінуў бутэльку з-пад піва ў экран ЖК-тэлевізара, пабіў яго.

Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений